Звароты грамадзян як індыкатар даверу. На пасяджэнні райвыканкама разглядалі пытанне аб выкананні патрабаванняў заканадаўства пры рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, што паступілі ў раённы выканаўчы камітэт у 2024 годзе

2 красавіка 2025 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 11 «Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны». Згодна з Дырэктывай у сферы функцыянавання органаў дзяржаўнай улады важнае месца павінны займаць дэбюракратызацыя кіраўніцкіх працэсаў, выканальніцкая дысцыпліна, аператыўнасць прыняцця рашэнняў і ўсебаковае прагназаванне сацыяльна-эканамічных, палітычных і іншых наступстваў іх рэалізацыі.

Менавіта з улікам гэтых аспектаў на красавіцкім пасяджэнні райвыканкама быў пабудаваны разгляд пытання аб выкананні патрабаванняў заканадаўства пры рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, што паступілі ў раённы выканаўчы камітэт
у 2024 годзе.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што
звароты – гэта паказчык таго, наколькі людзі давяраюць мясцовай уладзе, упэўнены ў тым, што іх просьба ці пытанне не застануцца без разгляду і дапамогі. Таму важна, пачынаючы з месцаў – у сельвыканкамах, службах і арганізацыях, уважліва адносіцца да тых
праблем, што найбольш хвалююць людзей, не займацца адпіскамі ці перанакіроўваць заявы і скаргі ў іншыя інстанцыі, а вырашаць у адведзеныя заканадаўствам тэрміны і прынятым парадку.
Справаздачу па азначаным пытанні трымала загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Гачко. Яна адзначыла, што ў мінулым годзе ў райвыканкам паступіў 281 зварот,  што на 45 больш, чым за 2023 год.
Часцей землякоў хвалююць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі (127 зваротаў), актуальнымі застаюцца пытанні рамонту, будаўніцтва і ўтрымання дарог (106). Больш жыхары раёна сталі звяртацца за дапамогай у вырашэнні праблемных момантаў па пытаннях землеўладкавання і землекарыстання. У асноўным размова ідзе пра ўхіленне фактаў самавольнага заняцця зямельных участкаў, незахавання межаў прадастаўленых зямельных участкаў. Удвая ў параўнанні з 2023 годам павялічылася колькасць
зваротаў па пытаннях аховы здароўя.
З агульнай колькасці паступіўшых у райвыканкам зваротаў 23 – калектыўныя (у 2023 годзе іх было 32).
Дэталёва дакладчык спынілася на паўторных зваротах. Абгрун-
таванымі з’яўляюцца восем зваротаў з паступіўшых дзевяці. Усе яны вырашаны станоўча: чатыры тычыліся рамонту дарог, тры – няякаснага аказання жыллёва-камунальных паслуг, адзін –
навядзення парадку на дваровай тэрыторыі сумежнага зямельнага ўчастка. Неабгрунтаваным прызнаны зварот жыхаркі Тухавічаў
наконт устаноўкі лаўкі ў тым месцы, дзе ёй хацелася б, а менавіта на зялёнай зоне.
За справаздачны перыяд у Брэсцкі аблвыканкам землякі звярнуліся з 42 зваротамі (на 11 менш, чым у 2023 годзе). З Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у райвыканкам перанакіраваны адзін зварот. Жыхарка Зубелевічаў прасіла ўстанавіць ёй ільготны кошт на медыцынскі прэпарат замежнай вытворчасці. Заяўніку дадзены адказ растлумачальнага характару.
Асаблівы акцэнт зроблены на праблемных момантах у рабоце са зваротамі. Як паказвае аналіз, ёсць факты разгляду зваротаў не на належным узроўні, фармалізм і валакіта «спрыяюць» таму, што жыхары раёна звяртаюцца ў вышэйшыя органы ўлады. У Камітэт дзяржкантролю паступілі дзве скаргі ад жыхароў Тухавічаў па пытанні працякання даху ў
дамах № 14 і № 15 па вуліцы Заводскай. Тухавічане ўказвалі на невыкананне дадзеных камунгасам абяцанняў, валакіту, што доўжылася больш за два гады. Падчас разбіральніцтва довады заяўнікаў пацвердзіліся, адказная асоба камунгаса прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.
Яшчэ адной прычынай звароту грамадзян у вышэйшыя органы Наталля Гачко назвала няякаснае выкананне работ.

У прэамбуле Дырэктывы № 11 сказана:
«Слабая выканальніцкая дысцыпліна, безгаспадарчасць, неарганізаванасць, несвоечасовасць прыводзяць да невыканання ці неналежнага выканання заканадаўства і даручэнняў, парушэння правоў і свабод грамадзян, ствараюць умовы для карупцыі і злоўжыванняў, дыскрэдытуюць дзяржаўную ўладу».

Рэалізацыя пастаўленых на пяцігодку задач патрабуе
разам з іншым узмацнення выканальніцкай дысцыпліны, сацыяльнай адказнасці кожнага за выкананую справу. Жыхарка раёна паскардзілася ў райвыканкам на тое, што пасля рамонту ў доме № 32 па вуліцы Камсамольскай у Задвор’і пачаў цячы дах. Абследаванне пацвердзіла: праблема ёсць, выкананы работы па яе ўхіленні. Аналагічныя звароты паступалі ад жыльцоў дамоў
№ 21 па вуліцы Чкалава, № 22 па вул. Будаўнікоў – у Ляхавічах, № 1 – па вул. Маякоўскага ў Каранеўшчыне.
Увогуле, у мінулым годзе за недастатковую работу са зваротамі грамадзян, парушэнне ўстаноўленых заканадаўствам тэрмінаў да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута сем вінаватых службовых асоб.
Дадзена станоўчая адзнака разнастайным формам дыялога «ўлада – народ». Запатрабаваны ў насельніцтва асабістыя і выязныя прыёмы грамадзян, штотыднёвыя прамыя тэлефонныя лініі кіраўніцтва райвыканкама, гарачыя тэлефонныя лініі, паслугі, якія аказвае служба «Адно акно».
Мікалай Мароз падкрэсліў, што прыклады фармальнага падыходу да вырашэння пытанняў, адрасаваных грамадзянамі прадстаўнікам органаў улады, кіраўніцтва, неабходна выкараніць поўнасцю.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Гэтыя фота – пацвярджэнне станоўчага вырашэння зваротаў грамадзян.

Прыпынкі грамадскага транспарту па вуліцах Камсамольскай і Леніна ў райцэнтры.