Расце ў «Фораландзе» экспартны патэнцыял. У Ляхавіцкім раёне самыя большыя ўчасткі пад рапс адведзены ў закрытым акцыянерным таварыстве «Фораланд»

Рапс – стратэгічная культура ў раслінаводчай галіне Беларусі. Адна з прычын такой «вагі» ў тым, што з рапсу атрымліваецца запатрабаваны экспартны прадукт – рапсавы алей. Спецыялісты сцвярджаюць, што як прадукт харчавання па сваіх карысных і спажыўных уласцівасцях ён набліжаны да аліўкавага сабрата
і значна пераўзыходзіць сланечнікавы алей. Важны і эканамічны бок справы. Аліўкавы і сланечнікавы алей Беларусь імпартуе, а рапсавым не толькі забяспечвае ўласныя патрэбы, але і паспяхова прадае на экспарт.

Сучасная перапрацоўка рапсу ў нашай краіне дазваляе атрымліваць высакаякасны алей, які каціруецца ў свеце, дзе попыт на яго расце. Як сведчыць статыстыка, Беларусь уваходзіць у дзясятку краін свету па экспарце рапсавага алею, а па выніках, напрыклад, 2023 года займала пятае месца. Адпаведна, у Беларусі растуць плошчы,
дзе вырошчваюць гэту запатрабаваную культуру. Кіраўнік дзяржавы летась паставіў задачу: мінімум удвая нарасціць аб’ёмы вытворчасці рапсу. 2 лістапада 2024 года на цырымоніі ўшанавання аграрыяў на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024» у Мастах Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта сапраўды культура сённяшняга дня і будучыні. Бо рапс – не толькі прадукт харчавання, але і камбікорм, біядызель, сыравіна для кандытарскай і касметычнай галін».

У Ляхавіцкім раёне самыя большыя ўчасткі пад гэту культуру адведзены ў закрытым акцыянерным таварыстве «Фораланд»: пад ураджай 2025 года азімы рапс пасеяны на плошчы 950 гектараў – трэцяй частцы ўсіх пасяўных плошчаў прадпрыемства. Дарэчы, летась тут з кожнага гектара атрымалі 40,5 цэнтнера алейнага
насення (сярэднерэспубліканскі паказчык – 24,8 цэнтнера з гектара),
а валавы збор склаў 3 642 тоны.
– Навукова пацверджана, што для кліматычных умоў Беларусі вырошчванне рапсу як культуры ўніверсальнага тыпу
выкарыстання набыло першачарговае значэнне для ўхілення дэфіцыту ў харчовых раслінных тлушчах за кошт вытворчасці рап-
савага алею, а таксама атрымання біяпаліва. Паралельна вытворчасць алейнага насення рапсу садзейнічае забеспячэнню жывёлагадоўлі высока- бялковымі і тлушчаўтрымліваючымі кармамі за кошт спадарожных прадуктаў перапрацоўкі – рапсавай макухі і шроту, – адзначае дырэктар ЗАТ «Фораланд» Андрэй Панчкоўскі.
Падчас размовы з Андрэем Панчкоўскім не пакідае ўражанне, што ён ведае пра гэту культуру калі не ўсё, то многае. Дарэчы, у яго сям’і ўжо некалькі гадоў, як рапсавы алей выціснуў з ужывання не толькі сланечнікавы, але і аліўкавы. А фонам візітоўкі кіраўніка
«Фораланда» з’яўляецца квітнеючае рапсавае поле.
Аднак вернемся да статыстыкі. У мінулым годзе валавы збор рапсу па Беларусі склаў рэкордныя больш за мільён тон (для параўнання, у 2019 годзе – 578 тысяч тон), прададзена яго больш як на паўмільярда долараў. Разам з тым сённяшнія магутнасці прадпрыемстваў краіны дазваляюць перапрацоўваць звыш двух мільёнаў тон. Значыць, ёсць рэзервы для пашырэння пасяўных плошчаў пад рапс і павышэння ўраджайнасці.
– Зноў жа звернемся да навукі. Даказана, што доля рапсу ў структуры пасяўных плошчаў не павінна перавышаць 20 працэнтаў. У адваротным выпадку знізіцца ўраджайнасць гэтай культуры. Рапс даволі часта хварэе, і ў яго шмат шкоднікаў, адпаведна, пакутуе і глеба. Аднак выйсце ёсць, і гэта – выкарыстанне гібрыдаў рапсу з устойлівасцю да хвароб, што з’яўляецца выгадным і экалагічна бяспечным спосабам павелічэння вытворчасці алейнага насення рапсу па прычыне зніжэння нагрузкі на навакольнае асяроддзе. У
гэтым напрамку працуе і «Фораланд». Тым больш, што дзякуючы менавіта рапсу наша прадпрыемства, якому шэсць гадоў, паспяхова развіваецца. Як тут не ўзгадаць словы нашага Прэзідэнта: «Калі мы хочам зарабіць грошы, мы павінны мець рапс». Словы Кіраўніка дзяржавы ўвасабляем у жыццё. У нашым сельгаспрадпрыемстве закладзена самае вялікае ў Беларусі доследнае поле, дзе вырошчваецца 49 гібрыдаў рапсу замежнай селекцыі – самых перспектыўных для вырошчвання ў нашай краіне, а таксама 7 варыянтаў з рознай нормай сяўбы. Вытворчасцю элітнага насення займаюцца 7 еўрапейскіх фірмаў, якія прадстаўлены ў Беларусі, – расказвае Андрэй Панчкоўскі і дадае: – Селекцыя не стаіць на месцы, штогод прыходзяць новыя гібрыды, яшчэ больш устойлівыя да розных раслінных хвароб. А хімічныя кампаніі выводзяць на рынак сучасныя прэпараты для барацьбы са шкоднікамі раслін. Мы стараемся трымаць руку на пульсе такіх змяненняў.
Не толькі з-за ўдасканалення насеннага фонду ў «Фораландзе» плануецца павышэнне ўраджайнасці рапсу. Сельгаспрадпрыемства не шкадуе сродкаў на набыццё сучаснай тэхнікі, якая задзейнічана на ўсіх агратэхнічных этапах вырошчвання і ўборкі рапсу.
Андрэй Панчкоўскі падкрэслівае, што рапс – гэта такая далікатная культура, якая пры належным падыходзе і доглядзе аддзячвае
шчодрым ураджаем, але, разам з тым, не даруе памылак, дапушчаных пры парушэнні агратэхнічных патрабаванняў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

