Фірменны сакрэт ДРБУ-200

Начальнік ДРБУ-200 Канстанцін Філіпчык (справа), галоўны інжынер Аляксандр Пабяржын, майстар Таццяна Паўловіч на аб’екце ў Баранавічах.

У апошнюю нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Невядома, каму прыйшла ідэя “аб’яднаць” гэтым днём работнікаў, адказных за будаўніцтва і абслугоўванне дарог, з карыстальнікамі гэтых самых дарог, але факт застаецца фактам: свята агульнае. Дарэчы, паспяховая работа аўтатранспартнай сістэмы была б немагчымай без намаганняў дарожнай службы, у тым ліку і Ляхавіцкага ДРБУ-200.

Па тэрыторыі раёна праходзяць многія кіламетры дарог, магістраляў, і на іх пастаянна павялічваецца грузапаток. Каб у любую пару забяспечыць камфортны і бяспечны праезд, і стараецца калектыў дарожнага ўпраўлення. Рамантуюць і падтрымліваюць у парадку дарожнае палатно і прылягаючыя тэрыторыі, “апранаюць” вуліцы ў асфальт, кладуць тратуары, азеляняюць, а яшчэ наладзілі выпуск дарожнай пліткі і іншых дэталяў дарожнай укладкі.

Прафесія дарожніка – асаблівая, з уласцівай ёй рамантыкай, характарам і традыцыямі. Але перш за ўсё, гэта напружаная праца, якая патрабуе фізічнай і эмацыянальнай самааддачы. Часта даводзіцца дзейнічаць у складаных, здараецца, і экстрэмальных умовах (напрыклад, калі бушуюць ураганы ці завеі). Дапамагае прафесіяналізм, вернасць справе, узаемадапамога і ўзаемавыручка.

Машыніст аўтагрэйдара Юрый Пілінога.

Так ці інакш наша паўсядзённае жыццё звязана з транспартам і дарогамі. Трэба аддаць належнае: з кожным годам яны становяцца ўсё лепш. За гэта вялікі дзякуй, у тым ліку, і работнікам ДРБУ-200, якія рамантуюць і падтрымліваюць у нармальным стане сухапутныя “артэрыі” Ляхавіцкага раёна.

Прафесійнае свята выпадае на канец кастрычніка, да завяршэння года –

2 месяцы. Як спрацавала прадпрыемства сёлета? Пытанне начальніку ДРБУ-200 Канстанціну Філіпчыку (на гэтай пасадзе ён усяго 11 месяцаў, але ў дарожнай справе не першы год):

—Асноўныя работы ранейшыя – абслугоўванне дарог мясцовага значэння (агульная працягласць 430,5 кіламетраў, плюс 160 кіламетраў вулічных). Сёлета за 9 месяцаў сіламі арганізацыі выканана будаўніча-мантажных работ на 20,3 мільярда рублёў (за 9 месяцаў мінулага года – 18,5 мільярдаў рублёў), укладзена амаль 9 тысяч тон асфальтабетоннай сумесі. Для параўнання, за ўвесь 2013 год – 5 тысяч тон. Рэалізавана 12,5 тысяч пагонных метраў бартавога каменю, здабыта 56,6 тысяч тон пяску з уласных кар’ераў. Калі за мінулы год чысты прыбытак склаў 1 мільярд 504 мільёны рублёў, то за 3 кварталы сёлета – 1 мільярд 626 мільёнаў. Эканамічныя паказчыкі сведчаць і пра рост прадукцыйнасці працы. Адпаведна расце заробак работнікаў (сярэднемесячны за гэты перыяд 5,5 мільёна рублёў, што на 800 тысяч больш леташняга).

Фармоўшчык Юрый Бурдзейка і аператар пульта кіравання Валерый Плескацэвіч у цэху завода.

Гэтыя здабыткі дасягнуты дзякуючы, у тым ліку, і кадравай праграме, якую рэалізуе кіраўніцтва ДРБУ. Канстанцін Філіпчык наперад пралічвае верагодныя плюсы і мінусы запланаваных новаўвядзенняў. Сам не цураецца вучыцца, пераймаць вопыт. Пачынае рабочы дзень з вывучэння прапаноў, тэндараў, шукае рынкі збыту. Каманду аднадумцаў падбірае такую ж – крэатыўную, энергічную, накіраваную на поспех. 90 працэнтаў інжынерна-тэхнічных работнікаў, дарожных майстроў — ва ўзросце да 40 гадоў. Але, як сцвярджае Канстанцін Філіпчык, без вопытных і адказных ветэранаў упраўленню было б цяжка.

Ёсць і яшчэ з чым павіншаваць работнікаў прадпрыемства. Нагода вельмі прыемная: у арганізацыі нарэшце з’явіўся ўласны завод па выпуску бартавога каменю і тратуарнай пліткі (уведзены ў эксплуатацыю сёлета ў красавіку). Прадукцыя (з канвеера ўжо сышло 20 кіламетраў “барта”) выкарыстоўваецца не толькі для ўласных патрэб. Як адзначае Канстанцін Філіпчык, важна не толькі выпусціць тавар, але і паспяхова рэалізаваць яго, прадаць. ДРБУ-200 хутка заняло сваю нішу на рынку. Цяпер ляхавіцкая прадукцыя адпраўляецца ў многія раёны Брэсцкай і Мінскай абласцей. Пакуль міні-завод працуе ў адну змену. Тут задзейнічаны 6 чалавек, якія прайшлі навучанне на аналагічных прадпрыемствах рэспублікі, а цяпер гатовы дзяліцца вопытам і вучыць іншых. У планах – арганізацыя яшчэ адной змены.

Інжынерна-тэхнічная служба арганізацыі.

На бягучы год на абслугоўванне і ўтрыманне дарог арганізацыі з абласнога бюджэту выдаткавана 4,2 мільярда рублёў, а работ выканана на 4,5 мільярдаў. Грэйдзіруюцца дарогі, устанаўліваюцца дарожныя знакі, праводзіцца ямачны рамонт, падсыпаюцца ўчасткі гравійна-пясчанай сумессю, зроблены бягучы рамонт пад’ездаў да могілак у вёсках Гулічы, Зарытава, Стральцы, Бенькаўцы, Альхоўцы, Мыслабаж. А яшчэ заасфальтавана дарога Краглі-Падлессе; добраўпарадкуюцца вуліцы райцэнтра. Далёка не поўны пералік усяго, што зроблена сіламі ДРБУ-200. Асфальтаванне і азеляненне, укладка тратуарнай пліткі на тэрыторыі Ляхавіцкага льнозавода таксама іх работа. Калі яшчэ нядаўна арганізацыя мела пэўныя цяжкасці з пошукам аб’ектаў, то цяпер, як гаворыцца, яна на плыву. У чым жа сакрэт фірмы?

— Няма ніякага сакрэту, – адзначае Канстанцін Філіпчык. – Перш за ўсё шукаем падрады там, дзе мы можам быць запатрабаваныя, з улікам – на што здольныя. Нашы людзі былі задзейнічаны на работах па добраўпарадкаванні дарог і вуліц не толькі Ляхавіцкага раёна. Свой след (прычым водгукі заказчыкаў станоўчыя) дарожнікі нашай арганізацыі пакінулі, рамантуючы вуліцы ў Баранавічах, у Клецку ўкладвалі асфальт на тэрыторыі малочнага завода.

Яшчэ адзін складальнік поспеху – наяўнасць тэхнікі. Набыты вілачны пагрузчык, вельмі неабходны для нармальнага функцыянавання міні-завода, задаволены сучаснай асфальтаўкладачнай машынай для ямачнага рамонту. У планах — набыццё ў лізінг катка для ўкладкі асфальтабетоннай сумесі і новага пагрузчыка.

Майстры Валерый Зубік і Ларыса Прыхач, дарожны рабочы Валерый Сідор, машыніст Аляксандр Ляўковіч на добраўпарадкаванні тэрыторыі льнозавода.

Станоўчую ролю ў паспяховай рабоце ДРБУ-200 адыграла і прайшоўшая аптымізацыя — цяпер тут працуе 68 сапраўдных універсалаў. Напрыклад, адзін чалавек можа выконваць функцыі машыніста пагрузчыка, асфальтаўкладчыка, трактарыста. Скарацілася колькасць інжынерна-тэхнічных работнікаў, але разам з тым сюды ўладкоўваюцца на працу больш кваліфікаваных рабочых.

Па традыцыі напярэдадні прафесійнага свята адзначаюць лепшых у калектыве. Умеюць арганізаваць работу ў сваіх вытворчых падраздзяленнях галоўны інжынер Аляксандр Пабяржын, інжынер па ахове працы Алена Калоша, дарожныя майстры Таццяна Паўловіч і Яўгеній Занько, інжынер-тэхнолаг з 30-гадовым стажам Ніна Максімчык, на працягу многіх гадоў нязменны галоўны бухгалтар Таццяна Азімка. Толькі падзякі ў свой адрас за паспяховую работу чуюць дарожныя рабочыя Іван Рокач, Аляксандр Папчэня, машыніст Канстанцін Шадура, механізатары Мікалай Равяка, Андрэй Пілінога, вадзіцелі Валерый Кабяльчук, Уладзімір Казакевіч, Эдуард Ляпко.

…Дарогі злучаюць свет, і людзі іх будавалі яшчэ ў старажытнасці, прычым надзейна і на вякі. Да нашых дзён захавалася шаша біблейскага Вавілона, як і каменныя дарогі часоў Рымскай імперыі. Хто ведае, можа праз стагоддзі нашы нашчадкі тое ж самае скажуць пра дарогі, пабудаваныя сёння. А пакуль – з прафесійным святам, шаноўныя дарожнікі!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *