А Андрэй усіх спраўней!

Жнівень. Жніво. Хлебнае поле пахне сонцам. Сонечнага колеру паток, які з бункера камбайна льецца ў кузаў грузавіка. А ў небе прывольна раскінуў крылы бусел. Уборачная. Літаральна на пару хвілін непрадбачаны перапынак. Не, з камбайнам усё ў парадку і з намалотам таксама – на сённяшні дзень ён лепшы ў раёне: на 2 жніўня – 1081 тона. На загарэлых тварах першых ”тысячнікаў” шчырыя ўсмешкі. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук на райаграсервісаўскай хлебнай ніве ля Гірыч-Поль са шчырай радасцю віншуе старшага камбайнера Андрэя Юруця і яго памочніка Яўгенія Сладзінскага з важным і важкім дасягненнем. Моцны поціск рук, уручэнне падарункаў, пажаданне спрацаваць не менш вынікова, чым летась спрацаваў уборачны экіпаж на чале з Андрэем, і фотаздымак на памяць – прыемная нагода для перапынку, але адпачываць няма часу. Мінулагодні пераможца рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладых камбайнераў, першы ”тысячнік” леташняга жніва, адзіны ”двухтысячнік”-2009, Андрэй Юруць і сёлета на вышыні – ён у кабіне КЗС-1218, і ў першым радку перадавікоў раённага спаборніцтва на ўборцы яго прозвішча. А студэнт БарГУ Яўгеній Сладзінскі пасля чарговай універсітэцкай сесіі здае не менш важны экзамен на вартасць хлебаробскую, на годнасць чалавечую. Дарэчы, ужо другі раз.
Права ”тысячнікам” звацца па праву належыць і вадзіцелю райаграсервісу Аляксандру Маляру, які шчыруе на адвозцы зерня. У гэтыя спякотныя дні, у гэтым рытме, які не кожнаму па сілах, Саша адчувае сябе ў сваёй стыхіі. За 1310 тон хлеба даставіў ён з поля на зерняток. Поле-дарога-элеватар – маршрут самы адказны на сённяшні дзень. І на гэтым маршруце Аляксандр Маляр – ас.
Дарэчы, як і Дзмітрый Анціпенка з СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Яго імя ведаюць на Брэстчыне даўно: з першага жніва Дзіма быў лепшым сярод маладых вадзіцеляў вобласці (летась – трэці вынік). А сёння перавезеныя ім за 1130 тон збожжа – нагода ўпісаць прозвішча Анціпенкі ў другі радок раённай Дошкі гонару ў “дарослай” катэгорыі.
Жніво працягваецца. Засталося крыху больш яго трэцяй часткі. Хлеб убіраюць ад світання да першых зорак. Кожнае імгненне прысвечана яму, таму што ў гэтыя дні цэнтр сусвету – поле. Поле, якое гарантуе заможнасць народную, якое нараджае герояў. Герояў жніва.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *