Ад «Дажынак» да «Дажынак». Якія меры прымаюцца па навядзенні парадку і эфектыўным выкарыстанні земляў у Русінавічах, і ўвогуле як ідзе падрыхтоўка да «Дажынак»

Сёлета, як і летась, Начаўскі сельсавет прыме герояў і гасцей раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Аграгарадок Нача перадаў святочную эстафету аграгарадку Русінавічы. Таму марафон добраўпарадкавання ў сельсавеце прадаўжаецца і набірае абароты.

Якія меры прымаюцца па навядзенні парадку і эфектыўным выкарыстанні земляў у Русінавічах, і ўвогуле як ідзе падрыхтоўка да «Дажынак», расказаў на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік.
Зразумела, пералік спраў у Год добраўпарадкавання даволі шырокі, таму пачаліся яны, як толькі дазволілі ўмовы надвор’я. Праведзены два «чыстыя» чацвяргі: ліквідаваны тры сметнікі, вывезена 20 кубічных метраў смецця. У 10 населеных пунктах падчас камісійнага абследавання выяўлены 21 пустуючы дом. У вёсцы Пера-
хрэсце пустуючы дом прададзены новаму ўладальніку за адну базавую велічыню, гаспадар пачаў работы па добраўпарадкаванні прыдамавой і прылеглай тэрыторыі. Знесены два пустуючыя дамы ў Рачканах і Мыслабажы.
Сіламі ААТ «Нача» выдалены 38 дрэў на землях сельгаспрызначэння. Камісійна абследаваны яшчэ 143 дрэвы і выдадзены дазвол ААТ «Нача» на іх выдаленне.
СВК «Ляхавіцкі» ліквідуе дзікія зараснікі кустоўя паабапал дарогі Ляхавічы – Русінавічы каля чыгункі. ДРБУ-200 выканала ямачны
рамонт дарогі Ляхавічы – Нача, а таксама вуліцы Інтэрнацыянальнай у Рачканах, зроблена прафіляванне гравійных участкаў дарог Перахрэсце – Пашкоўцы – Рачканы, а таксама пад’езда да Мыслабажа.
У заліку і шэраг работ па добраўпарадкаванні вясковых могілак, сіламі работнікаў «Начы» падтрымліваецца парадак на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу.
Пад увагай сельвыканкама, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела землеўпарадкавання райвыканкама – навядзенне парадку на тэрыторыі домаўладанняў аграгараджан і вяскоўцаў. Вячаслаў Новік паведаміў, што сёлета праведзены рэйды па добраўпарадкаванні, тэма ўздымалася на трох сельскіх сходах. Гаспадарам-прыватнікам выдадзена 17 прадпісанняў ухіліць парушэнні правіл добраўпарадкавання.
У межах падрыхтоўкі да раённых «Дажынак-2025» праведзена выязное пасяджэнне штаба ў Русінавічах. Арганізаваны і праведзены падворны абход домаўладанняў, якія знаходзяцца па вуліцы Цэнтральнай у Русінавічах, з мэтай вырашэння пытання па рамонце металічнай агароджы. Тэма застаецца адкрытай, бо толькі тры гаспадары станоўча адгукнуліся на прапанову фінансава паўдзельнічаць у рамонце.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што сельвыканкамы павінны ўзмацніць у тым ліку і растлумачальную работу з насельніцтвам аб неабходнасці кожнага ўдзельнічаць у агульнай справе – навесці парадак як у сябе ў двары, так і ў грамадскіх месцах. Такое ж меркаванне выказаў і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч і ў якасці прыкладу прывёў населеныя пункты іншых сельсаветаў, дзе пры фінансавай дапамозе вяскоўцаў выдаляюцца аварыйныя дрэвы, рамантуецца і ўладкоўваецца агароджа на могілках, выконваюцца іншыя работы.
Свае заўвагі і прапановы выказалі прадстаўнікі прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай службаў, райЦГіЭ.

Галіна КАНЬКО