Вальс як узнагарода. Хто прыме ўдзел у развітальным выпускным вальсе

Зусім няшмат часу застаецца да выпускнога балю. У Ляхавічах па традыцыі з адзінаццацікласнікамі раёна развітваюцца прыгожа і ўрачыста.

Відовішчнае дзейства ладзіцца на плошчы Леніна, дзе збіраюцца не толькі бацькі выпускнікоў, але і сябры, родныя і землякі. Неад’емным элементам выпускной падзеі становіцца вальс. І да яго таксама рыхтуюцца загадзя.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік расказала, што падрыхтоўкай танца і танцавальных пар займаюцца ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. А кандыдатуры для танца выпускнікоў вылучаюць гарадскія школы.
– Звычайна ў развітальным вальсе на гарадской плошчы кружацца два дзясяткі пар. З улікам амаль штодзённых рэпетыцый і адсутнасці падвозу удзел прымаюць толькі гарадскія навучэнцы. Прычым права выканаць развітальны вальс прадастаўляецца як узнагарода і заахвочванне за поспехі ў вучобе ці актыўную пазіцыю ў грамадскім і спартыўным жыцці навучальнай установы і раёна. Канешне, абавязкова ўлічваюцца і здольнасці юнакоў і дзяўчат да танцаў, а таксама іх асабістае жаданне. Школам даводзіцца колькасць танцуючых пар у залежнасці ад колькасці выпускнікоў у іх навучальнай установе. Сёлета, напрыклад, больш адзінаццацікласнікаў у СШ № 2.
Адпаведна, ад іх будзе сем пар, ад СШ № 1 –
шэсць, ад гімназіі – пяць. І дзве пары ад ЦДАДіМ. Яны ўжо сёння развучваюць рухі, а пасля пачнуцца рэпетыцыі на плошчы. Выкананне вальса на гарадской плошчы – справа няпростая, як здаецца на першы погляд. І мала аднаго жадання стаць удзельнікам танцавальнай кампазіцыі. За амаль два месяцы немагчыма зусім нетанцуючых навучыць сінхронна і зладжана вальсіраваць з іншымі парамі. А статус раённага выпускнога балю абавязвае да ўзорнага выканання, –
падкрэслівае Іна Зубік.
Хутка нашы выпускнікі прыгожа і лёгка закружацца ў выпускным вальсе, які стане ўпрыгожаннем выпускнога балю.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.