З увагай да паштовых кліентаў. Амаль тры дзесяцігоддзі Алена Смаршчок працуе ў Падлескім аддзяленні паштовай сувязі «Белпошты»
Алену Смаршчок у Падлессі ведае бадай кожны. І не толькі таму, што яна родам з аграгарадка, але і па яе прафесійнай дзейнасці – амаль тры дзесяцігоддзі яна працуе ў мясцовым аддзяленні паштовай сувязі «Белпошты», з якіх 25 гадоў – яго начальнікам.

– Люблю сваю работу і з радасцю іду на працу. Асабліва саграе пачуццё, што на сваім працоўным месцы магу нечым дапамагчы землякам, – дзеліцца Алена Смаршчок.
Падлескае аддзяленне паштовай сувязі Баранавіцкага РВПС Брэсцкага філіяла «Белпошты» стала для яе першым і адзіным месцам працы, за якую мае нямала прафесійных адзнак. Партрэт Алены ўпрыгожваў Дошку гонару Брэсцкага філіяла.
Выдача і прыём пасылак, карэспандэнцыі, афармленне падпіскі, прыём плацяжоў, у тым ліку крэдытаў, заказ тавараў і г. д. – не поўны пералік абавязкаў начальніка аддзялення. Спектр паслуг, які аказвае аграгарадское аддзяленне паштовай сувязі, пастаянна пашыраецца, з’яўляюцца і новыя паштовыя сэрвісы, сярод якіх выдача паштовых адпраўленняў па QR-кодзе. З’явілася і перадпаштовая апрацоўка, калі можна аформіць, напрыклад, пасылку з мабільнага дадатка дома і прыйсці са штрыхкодам на пошту. Сучасныя паштовыя аддзяленні – не проста інфармацыйныя цэнтры, дзе можна аплаціць паслугі і зняць грошы з банкаўскай карткі, але і гандлёвыя кропкі. У шырокім асартыменце тавары штодзённага попыту. Раней, падкрэслівае
Алена Іванаўна, насельніцтва больш пісала пісьмаў і выпісвала газет. А сёння яны працуюць з банкаўскімі карткамі і аказваюць паслугу па абнаяўліванні грошай. Для гэтага маецца спецыяльнае абсталяванне. У нейкай меры пошта можа канкурыраваць і з гандлёвымі кропкамі, адзначае начальнік аддзялення. Але па-ранейшаму землякі любяць сустрэцца на пошце, каб выпісаць любімую раёнку, купіць паштоўку да свята, падзяліцца навінамі і даведацца пра мясцовыя падзеі.
Асабліва напружанымі выдаюцца дні, калі надыходзіць час аплаты камунальных паслуг, час зарплаты ці выплата пенсій. Нягледзячы на занятасць, у аддзяленні ўмеюць стварыць добразычлівую і камфортную атмасферу, даць дзейсную параду і прапанаваць падпісацца на «ЛВ» ці іншае выданне.
Алена Іванаўна – сапраўдны прафесіянал і ў курсе, якія ў землякоў інтарэсы і патрэбы. Пацвярджаюць гэта і эканамічныя паказчыкі па аддзяленні: па выніках мінулага года выкананы планы па выручцы і тавараабароце. У парадку і падпіска. Зразумела, у лідарах «Ляхавіцкі веснік». Яго атрымліваюць па 112 са 171 вясковага адраса. Любяць
пачытаць падляшане і «СБ», «Звязду», «7 дней», разнастайныя часопісы і г. д.
Начальнік аддзялення адзначае, што ёй пашанцавала працаваць разам з вопытнай і добрасумленнай калегай – паштальёнам Людмілай Карпейчык. У працоўным дуэце яны чвэрць стагоддзя, і, як паказала жыццё, супрацоўніцтва плённае і нават сяброўскае. Людміла Карпейчык хоць і на заслужаным адпачынку, але з абавязкамі спраўляецца з зайздроснай аператыўнасцю і адказнасцю. У яе сумцы паштальёна не толькі прэса, пенсія і дакументы, але і сфарміраваныя заказы для землякоў – не ўсе могуць прыйсці ў аддзяленне, і добразычлівыя супрацоўнікі дастаўляюць тавары па адрасах.
– Падлескае паштовае аддзяленне – адно з лепшых сярод аддзяленняў паштовай сувязі Баранавіцкага РВПС, і супрацоўнікі яго вызначаюцца энтузіязмам і адказнымі адносінамі да працы. Алена Смаршчок – кіраўнік, які пастаянна ўдасканальвае сваю прафесійную кваліфікацыю, вывучае навінкі і прапаноўвае кліентам аддзялення. Яе меркаванне аўтарытэтнае, а ў справе яна не падвядзе, – высока ацэньвае прафесійныя якасці Алены начальнік Баранавіцкага РВПС Брэсцкага філіяла «Белпошты» Вольга Арэхва.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

