Імунітэт супраць забыцця. Мітынг, прысвечаны адкрыццю памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна, аб’яднаў моладзь і старэйшае пакаленне
Памяць пра Вялікую Перамогу ў генетычным кодзе беларусаў.
У Беларусі не толькі добраўпарадкуюць воінскія пахаванні, брацкія магілы і пахаванні ахвяр вайны, але і ўзводзяць новыя помнікі. 26 красавіка ў Марынове прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна.

Свяціца, Залужжа, Бажкі, Гута, Сваятычы, Русінавічы… – 48 мясцовых вёсак і хутароў у гады Вялікай Айчыннай вайны былі спалены фашыстамі. У бязлітасным фашысцкім агні загінулі 511 жыхароў Ляхавіччыны, у тым ліку і дзеці. У жалобным пераліку і вёска Марынова, якая была амаль поўнасцю знішчана ў першыя дні вайны падчас наступлення гітлераўцаў.

26 красавіка ў Марынове, на зямлі, апаленай вайной, палітай слязамі і крывёю нашых землякоў, прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіччыны. Тры пячныя трубы, што засталіся ад дамоў, і бусел, які раскінуў крылы над раскіданым гняздом, – мемарыял стаў сімвалам усіх мясцовых вёсак, на месцы якіх вайна пакінула выпаленую зямлю і папялішча.
24 чэрвеня 1941 года на Завінскай горцы каля вёскі Марынова кіпеў жорсткі бой. Цаной сотняў жыццяў чырвонаармейцаў на двое сутак быў стрыманы рух фашысцкай групіроўкі «Цэнтр», якая накіроўвалася на Мінск і Бабруйск. За адзін дзень карнікі сцерлі з твару зямлі Марынова, у якім да вайны было 18 дамоў. Уцалела ж толькі два…
На Ляхавіччыне свята шануюць памяць дзядоў і прадзедаў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, з пакалення ў пакаленне перадаюцца гістарычная праўда пра ваенныя падзеі і наказ старэйшага пакалення берагчы мір – галоўную каштоўнасць. А ў памяць пра «вогненныя вёскі» Ляхавіччыны ў Марынове ў 2023 годзе былі высаджаны 48 бярозак як сімвал прадаўжэння жыцця.
Мітынг, прысвечаны адкрыццю памятнага знака спаленым вёскам раёна, аб’яднаў моладзь і старэйшае пакаленне, прадстаўнікоў улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў і «Школы міру».

Напярэдадні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі сімвалічную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, кіраўнік дэпутацкага корпуса Юрый Чаранкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч, старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Ян Вянсковіч. Сярод ганаровых
гасцей урачыстай цырымоніі і пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка, ураджэнка Марынова Аліна Дыдышка і іншыя.
Ідэя ўвекавечыць памяць пра трагічныя падзеі ваеннага часу ўзнікла ў 2022 годзе. У конкурсе эскізных праектаў па стварэнні памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна прыняло ўдзел нямала нераўнадушных землякоў. Ініцыятыўная група падала заяўку на ўдзел у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў у Брэсцкую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Летась ініцыятыва па стварэнні памятнага знака стала адным з пяці пераможцаў конкурсу праектаў і атрымала фінансаванне з бюджэту асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў у памеры больш за 80 тысяч рублёў.
– Адкрываючы памятны знак, мы смуткуем пра бязвінна забітых мірных жыхароў, аддаём даніну памяці загінулым на франтах чырвонаармейцам, схіляем галовы перад памяццю ветэранаў. Ад нашых дзядоў мы даведаліся пра жахі вайны, жудасны лёс мясцовых 48 вёсак і хутароў. Нашы ўнукі і праўнукі таксама павінны даведацца
пра гэта ад нас. Ведаць, помніць і перадаць памяць наступным
пакаленням – гэта ідэя закладзена ў аснову стварэння памятнага знака, – адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і выказаў удзячнасць усім, хто меў дачыненне да ўзвядзення памятнага знака. 30 тысяч рублёў на будаўніцтва сабралі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, грамадскія аб’яднанні і жыхары Ляхавіччыны. Многія працоўныя калектывы, моладзь, дэпутаты працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Усе, хто выступаў на мітынгу, гаварылі пра важнасць захавання гістарычнай памяці.
Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко асвяціў памятны знак і заклікаў памятаць пра страшныя ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, не перапісваць гісторыю і прыкласці намаганні, каб больш ніколі не паўтарылася страшная трагедыя.
Метраном адлічвае мінуту маўчання. Цішыню разрываюць
гукі аўтаматных стрэлаў. Ад удзячных нашчадкаў да памятнага знака ўскладзены вянкі і жывыя кветкі. Мы памятаем і ніколі не забудзем!
Прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый
26 красавіка прынялі ўдзел у патрыятычным аўтапрабегу, прымеркаваным да юбілею Вялікай Перамогі і адкрыцця памятнага знака ў Марынове.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Георгій ХЛЯБОВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– 80 гадоў наша краіна актыўна развіваецца, квітнее. Прыемна адзначыць, што на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна рэалізавалася грамадзянская ініцыятыва па ўзвядзенні памятнага знака спаленым вёскам. Дзякуючы падтрымцы Брэсцкай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, укладу прадпрыемстваў і арганізацый раёна, грамадскіх аб’яднанняў, жаданню мясцовых жыхароў і жыхароў раёна, намаганням навучэнцаў Малагарадзішчанскай школы мы сёння прымаем удзел у цырымоніі адкрыцця памятнага знака.
І гэта яшчэ адзін крок да захавання гістарычнай памяці
і адзінства.
Ігар ПАЛЫКА, пракурор Ляхавіцкага раёна:
– Падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўстаноўлена 877 вёсак у Брэсцкай вобласці, часткова або цалкам спаленых фашыстамі. У Ляхавіцкім раёне іх было 48. Адкрыццё помніка спаленым вёскам – захаванне праўды пра здзекі, учыненыя фашыстамі на нашай зямлі.
Важна, каб ніколі нідзе ў свеце нацызм не змог адрадзіцца!
Яна ДЗЕДУЛЬ, старшыня Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў:
– Памятны знак – сімвал нашай агульнай памяці, які не толькі нагадвае пра страшныя старонкі вайны, але і заклікае да дыялога пра захаванне праўды і міру. Расказ ураджэнкі Марынова дачкі ветэрана Аліны Дыдышка пра рэальныя падзеі ўсхваляваў да глыбіні душы. Чытаць і глядзець ваенныя фільмы ці кнігі – гэта адно. А чуць факты і стаяць на месцы трагедыі, уяўляць страх і нясцерпны боль тых дзяцей, жанчын… Такое ніколі не павінна паўтарыцца! Ганаруся тым, што члены Маладзёжнага савета кожны суботнік працавалі на добраўпарадкаванні мемарыяла. Гэта наш маладзёжны ўклад у вялікую
справу!
Аліна ДЫДЫШКА, ураджэнка в. Марынова, дачка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Свянтэцкага Яўгенія Канстанцінавіча:
– Адкрыццё памятнага знака для мяне – вельмі важная падзея. У душы і сэрцы паднятая ўся гісторыя жыцця нашай сям’і. Адчуваю вялікі гонар і ўдзячнасць, што памятаюць ветэранаў, робяць усё магчымае, каб памяць пра іх жыла.
Хочацца, каб маладое пакаленне вучылася мужнасці і патрыятызму на прыкладзе савецкіх салдатаў.
Таццяна ГАЦКО, баранавічанка:
– Мой дзядуля Яўгеній Свянтэцкі, жыхар в. Марынова, пайшоў на фронт, а вярнуўся ў 1946 годзе на папялішча… Дзядуля здолеў пабудаваць свой дом і пражыў у Марынове доўгае жыццё, працаваў
загадчыкам фермы. Выгадаваў дзяцей. Цяпер нас, яго прамых нашчадкаў, амаль 30 чалавек. Адкрыццё
памятнага знака вельмі важна для ўсёй нашай сям’і як памяць пра роднага чалавека і яго землякоў.
Памятны знак стане часткай нашай сямейнай гісторыі і часткай нашай агульнай памяці.
На ўрачыстую цырымонію прыйшла з партрэтам свайго дзядулі і з сямейнай рэліквіяй – альбомам ваенных песень і вершаў, якія ён збіраў і запісваў.

