Патрыёты з дзіцячага сада! У дзіцячым садзе № 3 адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб «Юны патрыёт»

Яны яшчэ маленькія па ўзросце, але моцна любяць сваю Радзіму, якая для іх пачынаецца з сям’і, дзіцячага садка. І выхавальнікі, і бацькі імкнуцца, каб з дзяцінства хлопчыкі і дзяўчынкі – наша будучыня – вучыліся быць сапраўднымі патрыётамі.

Напярэдадні 80-гадовага юбілею Вялікай Перамогі на базе дзіцячага садка № 3 адкрыўся першы такога кшталту на Ляхавіччыне ваенна-патрыятычны клуб «Юны патрыёт». Атмасфера ўрачыстасці, гонару за Беларусь, натхнення, дзіцячай непасрэднасці панавала з першых хвілін мерапрыемства.


«Быць дастойнымі патрыётамі сваёй краіны – клянёмся! Берагчы гонар дзяржавы – клянёмся! Быць вернымі памяці дзядоў і прадзедаў – клянёмся!» – як жа шчыра, з энтузіязмам вымаўлялі 10 дашкалят сярэдняй групы словы клятвы юнага патрыёта. З такім жа натхнен-нем хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі гімн клуба.
Радасць свята і цудоўны настрой з маленькімі ляхавічанамі раздзялілі пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка, намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, аддзела па адукацыі райвыканкама, РАУС, ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў. Госці ўручылі дзецям значкі «Юны патрыёт». Душэўна павіншавалі дашкалят з новым статусам міратворцы – выхаванцы дзіцячага садка № 1 і члены ваенна-
патрыятычнага клуба «Фарпост» СШ № 2.
Нягледзячы на тое, што членам новага клуба ўсяго па 5 гадоў, яны разумеюць і ўсведамляюць, што такое быць патрыётам. А як вядома, вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна: «Патрыёт –
той, хто любіць Радзіму», «Патрыёт добра вучыцца і працуе», «Патрыёт беражэ прыроду», «Патрыёт дапамагае ўсім»…
– Патрыятычнае выхаванне – адзін з асноўных напрамкаў работы нашай дашкольнай установы. Паважаць старэйшых і працу іншых, любіць сваіх родных, ганарыцца малой радзімай, шанаваць і ведаць сімвалы Беларусі – гэтаму вучым нашых выхаванцаў. У гэтым напрамку цесна ўзаемадзейнічаем з сем’ямі дашкалят. Іх бацькі, дзядулі і бабулі актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, у тым ліку, прымеркаваных да дзяржаўных святаў. Асаблівая ўвага зараз – святкаванню юбілею Вялікай Перамогі, – расказвае загадчык дзіцячага сада № 3 Людміла Мяжуева.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.