Чалавек сярод людзей

Аркадзій Андрэевіч у Ляхавічах асоба вядомая і паважаная. І не толькі таму, што дзесяцігоддзе (з 1995 па 2005) кіраваў раёнам. Хаця гэта не старонка нават – цэлы раздзел біяграфіі Сакуна. Што гаварыць, адказны, складаны час, напоўнены такімі ж адказнымі і складанымі задачамі, якія не самі па сабе вырашаліся: суб’ектыўны фактар заўсёды быў і застаецца вызначальным. Гэта Аркадзій Андрэевіч ведаў дакладна і ўлічваў, з гэтага заўсёды зыходзіў.

Чалавек сярод людзей – вось яно, вобразна кажучы, жыццёвае месцазнаходжанне і галоўная пасада кожнага. Выдатна, калі чалавек здольны клапаціцца мудра, мець добрую чутнасць, быць кампетэнтным у сваёй справе, аб’ектыўным у ацэнках, рашучым і паслядоўным у дзеяннях. Аркадзій Сакун у гэтых каардынатах не здарожыўся. І калі старшынстваваў у славутым і заможным калгасе “Іскра”, і калі вярнуўся зноў туды ў гаспадарку толькі ўжо з новай назвай – СВК “Тальмінавічы”, якая, на жаль, (без яго?) па паспяховасці не мела ўжо нічога агульнага з гучнай “Іскрай”. Ён вярнуўся да сваіх людзей і, наколькі гэта было магчыма, стараўся зрушыць з заняпаду вытворчасць, усяліць у землякоў веру, што яны здолеюць гэта зрабіць. Разам. Талакой.

Ён і суразмоўца цікавы, як гавораць, “знаходка” для журналіста. Разважанні Аркадзія Андрэевіча пра прызначэнне чалавека, шчырае шанаванне бацькоў-дзедаў-прадзедаў, гонар за пройдзеную марскую-матроскую загартоўку ў час службы раўнадушнымі не пакінуць. Некалі пачула, што яго любімы пісьменнік – Фёдар Абрамаў, з “Братоў і сёстраў” якога Сакун цытуе цэлыя ўрыўкі па памяці і з задавальненнем. Нібы спаталяе смагу — каштуе “на смак” прыгожыя і мудрыя словы. Пра любоў да зямлі, пра спрадвечнае сялянскае прызначэнне, пра тое, што жыццё і жыта – словы аднакарэнныя. Пра што ён і сам дакладна ведае, праходзіў і засвоіў на ўроках вельмі кампетэнтнага настаўніка, якім і з’яўляецца гэта самае жыццё. А сённяшняя круглая дата – выдатная нагода азірнуцца на ўчора, парадавацца сённяшняму і спадзявацца на заўтра. Прымайце віншаванні, шаноўны Аркадзій Андрэевіч!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *