Ліст з 2025-га ў 1945-ы. «ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі каштоўны і шчымлівы архіў акцыі «Пісьмо ветэрану»

Лісты, напісаныя праўнукамі і прапраўнукамі знаёмым і незнаёмым героям Вялікай Айчыннай вайны і старанна складзеныя ў ваенны трохвугольнік, не могуць пакінуць раўнадушным. «ЛВ» і райкам КПБ напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі яшчэ раз пераглядзелі каштоўны і шчымлівы архіў акцыі «Пісьмо ветэрану».
ЧЭШКУ Анатолію Захаравічу
Дарагі мой прадзядуля Толік!
Ты быў больш вядомы ў горадзе як Анатолій Захаравіч Чэшка – працавіты чалавек, рацыяналізатар, прафсаюзны лідар, гасцінны гаспадар, спартсмен, сапраўдны джэнтэльмен,
вядомы сват, паважаны ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Але для нас ты – дзядуля і прадзядуля Толік, у гонар якога бацькі назвалі і мяне – сённяшняга дзевяцікласніка сярэдняй школы № 1 г. Ляхавічы Анатолія Прыступу. Мне пашанцавала сустрэцца з табой у сапраўдным жыцці. Ты калыхаў мяне ў калысцы, гуляў са мною, трымаў на руках, спяваў песенькі. Тады я, маленькі трохгадовы хлопчык, яшчэ не ўсведамляў, якое гэта шчасце – мець прадзеда, асабліва такога смелага і баявога, сапраўднага жыццялюба. Дарэчы, 7 студзеня 2025 года табе споўнілася б 100 гадоў!
На кожнага з нашых сямейнікаў мама сабрала архіў. Твая скрынка самая важкая і шанаваная. З уласнаручна напісанай біяграфіі і ваеннага білета даведваемся, што ты быў прызваны ў армію 7 ліпеня 1944 года і ўдзельнічаў у вызваленчых баях як вылічальнік 326-га гаўбічнага артылерыйскага палка Трэцяга Украінскага фронту. Дайшоў да Германіі, быў паранены. Адзначаны
медалём «За адвагу». Фотаздымкі пацвярджаюць, што падчас службы ўдзельнічаў у спартыўных лёгкаатлетычных спаборніцтвах: штурхаў ядро, кідаў кап’ё, выконваў скачкі ў вышыню. У 1948 годзе пасля заканчэння службы ў арміі вярнуўся ў родны Востраў, працаваў, ажаніўся, пераехаў у Ляхавічы, выгадаваў дзяцей і ўнукаў, дачакаўся праўнукаў.
Кожнае 9 мая, пакуль былі сілы, ты ўдзельнічаў у святочных мерапрыемствах. Потым стараўся сустракацца са школьнікамі, каб расказаць ім пра жыццё пад акупацыяй, баявы шлях, вяртанне да мірнага часу. Праз ўсё жыццё ты пранёс жаданне бачыць над галавой толькі мірнае неба, цаніць згоду і братэрства.
Прадзядуля, дзякуй за тое, што твая і тваіх баявых таварышаў смеласць і вернасць абавязку, любоў да Радзімы прынеслі перамогу на нашу зямлю! Ужо 80 гадоў беларусы жывуць у міры і згодзе, будуюць новую рэчаіснасць і імкнуцца да дабрабыту. Абяцаю, што прыкладу ўсе намаганні, каб так і было далей. Светлая памяць пра цябе, грамадзянскі подзвіг савецкага народа назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і памяці. Дзякуй за Перамогу!
Твой праўнук Анатолій Прыступа.
ГАПЕЕВУ Даніілу Васільевічу
Прывітанне, мой прапрадзядуля Данііл Васільевіч Гапееў! Я ніколі цябе не бачыла, але шмат чую пра цябе ад свайго дзядулі Яўгенія. Дзядуля расказвае, што, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ты жыў з сям’ёй на Смаленшчыне. Як разам з жонкай пайшоў ваяваць супраць фашыстаў у партызанскі атрад, як загінула твая жонка і мая прапрабабуля, а ты быў паранены. Потым ты ваяваў на фронце, вызваляў сваю Радзіму, а таксама розныя краіны Еўропы. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам і медалямі. Табе пашчасціла – ты вярнуўся з вайны. Выжыла і твая дачка Ліда, якая падарыла табе чатырох унукаў, восем праўнукаў і 16 прапраўнукаў, аднаго з якіх назвалі ў твой гонар – Данііл. Мае бацькі гавораць: «Мы помнім, а, значыць, жывыя!».
Дамініка ЖЭРКА, навучэнка СШ № 1 г. Ляхавічы.
Дзергачову Якаву Антонавічу
У нас зноў мірная прыгожая вясна, дарагі прапрадзядуля Якаў. Як жа мне хочацца сабраць вялікі букет чырвоных цюльпанаў і разам з роднымі прыйсці на тваю магілу, каб сказаць дзякуй за Перамогу. Але ты пахаваны ў далёкім нямецкім горадзе Шлос-Хольтэ-Штукенброк. Мару прыехаць у той горад, прыйсці да брацкай магілы, дзе ты знайшоў апошні зямны прытулак разам з іншымі савецкімі войнамі, прывезці туды зямлі з нашай з табой Радзімы. Нізка кланяюся ад усёй зямлі табе за подзвіг, за Перамогу, за мір. Я спрабую пісаць вершы. І гэтыя радкі прысвячаю табе.
Твоя весна с моей весной о чём-то тихо говорят…
Твоя весна в мою весну
бросает свой тревожный взгляд.
Моя весна, моя судьба
теплом и миром обогреты.
Твоя весна, твоя судьба
мне подарили счастье это.
Паліна ЕФІМОВІЧ, навучэнка СШ № 1 г. Ляхавічы.
КУРАКУ Васілію Іосіфавічу
Дарагі дзядуля Васілій Іосіфавіч Курак, ужо шмат часу цябе няма побач з намі. Але і сёння добра памятаю твае расказы пра Вялікую Айчынную вайну і разумею, колькі ўсяго табе давялося перажыць, вытрымаць.
У Чырвоную Армію цябе прызвалі ў сакавіку 1939 года, а дамоў ты вярнуўся ў ліпені 1946 года.
Салдатам прайшоў баявы шлях праз родную Беларусь, Польшчу, Германію.
Найбольш часта ты ўспамінаў пра тую страшную вайну напярэдадні 9 мая і заўжды гаварыў нам, як важна, каб быў мір. Цяпер мы, твае ўнучкі, расказваем твае ўспаміны нашым дзецям і ўнукам.
Родны мой дзядуля, кожны год у маі я з пяшчотай дастаю твае ўзнагароды і тыя нямногія рэчы, што ты пранёс праз усю вайну. Наша сям’я беражліва захоўвае памяць пра цябе і помніць твой наказ: «Будзьце людзьмі».
Алена КУЛІК, жыхарка аграгарадка Нача.

