«Ганаруся табой, бацька!»
Сёлета мы адзначаем 80-годдзе Вялікай Перамогі. І чым больш часу праходзіць з таго векапомнага мая 1945 года, калі закончылася Вялікая Айчынная вайна, тым менш застаецца герояў і сведкаў самай страшнай вайны ХХ стагоддзя. Але ў сэрцах пакаленняў беларусаў, якія жывуць у мірны час, захавана памяць пра тых, хто ваяваў з фашыстамі, хто нястомна працаваў у тыле, тых, над кім здзекаваліся гітлераўцы ў канцлагерах ці на прымусовых работах.
І гэта памяць назаўжды
У рэдакцыю «ЛВ» патэлефанаваў наш колішні зямляк, а цяпер жыхар
Слоніма Мікалай Антончык. Нагода тэлефоннага званка – расказаць пра бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Антончыка, які жыў у вёсцы Гута Ляхавіцкага раёна. У архіве Мікалая Антончыка, якім ён падзяліўся з раёнкай, невялікая падборка фотаздымкаў бацькі.
А галоўнае багацце – успаміны, расказы пра роднага чалавека.


Шаноўныя чытачы «ЛВ», давайце разам пазнаёмімся з адным з тых землякоў, якія ваявалі з фашысцкімі акупантамі ў далёкія ўжо вогненныя 40-я гады мінулага стагоддзя.
Уладзімір Антончык, 1927 года нараджэння, разам з сям’ёй жыў у Куліках, там яго і заспела вайна. Падлетак, як і іншыя вяскоўцы, на сабе зведаў усе «радасці славутага нямецкага парадку». У адзін з дзён верасня ў вёску прыехалі гітлераўцы, пахапалі юнакоў і дзяўчат, пагрузілі ў машыны і павезлі на чыгунку, каб пагрузіць
у вагоны і адправіць на прымусовыя работы ў Германію.
– З расказаў маці ведаю, што бацька вырашыў уцячы, выскачыў з машыны і пабег, чуў, як па ім уздагон страляюць фашысты з аўтаматаў. Дзякуючы таму, што бацька добра ведаў мясцовасць, ён уцёк. А праз некалькі дзён прыйшоў у партызанскі атрад, дзе ўжо ваявалі яго старэйшы брат і бацька, – успамінае Мікалай Антончык.
З верасня 1943 года па ліпень 1944 года Уладзімір Антончык ваяваў супраць ненавіснага ворага ў партызанскім атрадзе «За Радзіму» брыгады імя Грызадубавай. Ён быў падрыўніком і разам з баявымі таварышамі пусціў пад адхон не адзін дзясятак фашысцкіх эшалонаў. У сакавіку 1944 года быў кантужаны. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён жыў у родных Куліках. У 1946 годзе юнака прынялі ў камсамол, актыўна ўключыўся ў аднаўленне разбуранай вайной вёскі, прыцягваў вяскоўцаў да вядзення калектыўнай гаспадаркі, стаяў ля вытокаў арганізацыі калгаса «Бальшавік» у Куліках.

– Бацька быў добрым і сціплым чалавекам. Заўжды карыстаўся аўтарытэтам як у моладзі, так і ў старэйшага пакалення. А яшчэ бацька быў вельмі неабыякавым і ініцыятыўным, з’яўляўся сакратаром камсамольскай пярвічкі калгаса, дэпутатам Гутаўскага сельсавета. Бацькі не стала, калі мне было ўсяго два гады. Пра яго мне многа расказвала маці. І я заўжды ганарыўся сваім самым лепшым у свеце бацькам, – гаворыць Мікалай Антончык.
Вайна пакінула вогненны след і на лёсе маці Мікалая Антончыка. 19-гадовую Вольгу Горбік, ураджэнку вёскі Гута, у верасні 1943 года гвалтоўна вывезлі ў Германію на прымусовыя работы, дзе яна працавала ў цяжкіх умовах чорнарабочай на станкабудаўнічым заводзе. Разам з іншымі зняволенымі была вызвалена англа-амерыканскімі войскамі, у жніўні 1945 года вярнулася на Радзіму – у Гуту.
– У нашай сям’і, яшчэ з майго дзеда Лявона Горбіка, які ваяўваў на Першай сусветнай вайне, да абавязку мужчыны – службы ў арміі – асаблівыя адносіны. Бацька мой ваяваў, я служыў у дэсантных войсках. Як прадстаўнік пакаленняў, якія нарадзіліся ў пасля-
ваенныя дзесяцігоддзі ў мірнай краіне, пра той страшны час ведаю з успамінаў сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І каб вайна не паўтарылася зноў, трэба ведаць і помніць пра герояў, якія змагаліся з фашызмам дзеля мірнага жыцця сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, дзеля шчаслівай будучыні сваёй краіны. Вось чаму і расказаў пра свайго бацьку – партызана Уладзіміра Якаўлевіча Антончыка, – адзначае Мікалай
Антончык і дадае: – Мы павінны берагчы
мір і незалежнасць нашай Беларусі.
Галіна КАНЬКО.

