Сола на саксафоне, ці Самы мастацкі адрас. Амаль чатыры сотні хлопчыкаў і дзяўчынак развіваюць свае здольнасці ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў

Ансамбль саксафаністаў з канцэртмайстрам Юрыем Скакуном.

Самы музычны будынак райцэнтра, напоўнены палітрай гукаў, знаходзіцца на вуліцы Камсамольскай: Ляхавіцкая дзіцячая школа мастацтваў. Больш за паўстагоддзя яна гасцінна адкрывае дзверы сваім выхаванцам.

У мінулым годзе школа стала чарговым “дажыначным” аб’ектам, у якім пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй былі створаны ўсе ўмовы для камфортнага падарожжа ў мастацтва. 384 хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца сёння на музычным, мастацкім і харэаграфічным аддзяленнях, якія размяшчаюцца ў трох будынках. 8-10-гадовыя гарэзы за гады навучання не толькі становяцца дарослымі і раскрываюць свае здольнасці і таленты, але і далучаюцца да культуры і мастацтва, знаходзяць сяброў і аднадумцаў. Сёлета ўстанова “пабагацела” на 102 першакласнікі. Вядуць рабят у свет творчасці і натхняюць адданыя сваёй справе 37 вопытных настаўнікаў. Асабліва ажыўлена ў школе мастацтваў пасля абеду, калі заканчваюцца заняткі ў агульнаадукацыйных. Шмат рабят з сельскай мясцовасці, адлегласць не становіцца перашкодай у іх жаданні творчага развіцця.

Музычнае – старэйшае аддзяленне ўстановы. Тут дзеці спасцігаюць ігру на фартэпіяна, баяне, акардэоне, гітары, духавых і струнных інструментах, вывучаюць нотную грамату, знаёмяцца з творамі кампазітараў розных эпох. Юныя музыканты не раз станавіліся пераможцамі музычных конкурсаў рознага ўзроўню.

Так, на VII рэгіянальным конкурсе фартэпіяннай музыкі “Пінская вясна-2014” дыплом I ступені заваявала Пелагея Кулікова, якая зараз вучыцца ў Баранавіцкім музычным каледжы. Ігар Баўтрукевіч і Яўгеній Кунцэвіч (клас кларнета, настаўнік Мікалай Шклянік), Павел Князюк (клас трубы, настаўнік Барыс Шабановіч) – сёлетнія дыпламанты абласнога конкурсу “Крынічка”.

Настаўніца харэаграфіі Таццяна Яўсей са сваімі выхаванцамі.

За шматлікімі дасягненнямі вучняў карпатлівая праца настаўнікаў. Якаў Мурзіч, Мікалай Шклянік, Віктар Русін, Святлана Мініч, Ірына Клімашэўская і іншыя педагогі прысвяцілі любімай справе не адно дзесяцігоддзе. На працягу апошніх пяці гадоў, нягледзячы на тое, што навучанне платнае, больш юных ляхавічан вучацца танцаваць, іграць на інструментах, маляваць (месяц навучання каштуе ад 75 да 90 тысяч рублёў у залежнасці ад аддзялення).

Трэці год ва ўстанове дырэктарствуе Уладзімір Крук. Ужо за гэты час тут зрабілі шмат музычных абновак. Сёлета, напрыклад, купілі фартэпіяна, скрыпку, 2 баяны, саксафон. Дарэчы, калі ў бацькоў няма магчымасці набыць дзіцяці інструмент, яго за сімвалічную аплату можна ўзяць напракат у школе.

Мамы і таты з задавальненнем і хваляваннем, у тым ліку і падчас традыцыйных бацькоўскіх сходаў, назіраюць за ўпэўненымі крокамі сваіх дзяцей у мастацтва. Справаздачныя, тэматычныя канцэрты, на якіх не толькі прэзентуецца выканальніцкае майстэрства выхаванцаў ДШМ, але і папулярызуецца дзейнасць установы, сталі сапраўдным святам і для калектыву, і для гледачоў. У раённым фестывалі інструментальнай музыкі, пачатак якому быў пакладзены менавіта ў Ляхавіцкай ДШМ, прымаюць удзел і калектывы Навасёлкаўскай, Тухавіцкай школ мастацтваў. 8 творчых калектываў музычнага аддзялення – сведчанне высокага прафесійнага ўзроўню як настаўнікаў, так і вучняў.

Жаданы госць на ўсіх раённых святах (і не толькі раённых) – танцавальны калектыў ДШМ. Як расказала намеснік дырэктара школы Жанна Хмыз, у планах — адкрыць падрыхтоўчы клас, дзе змогуць займацца дзеткі малодшага ўзросту. Вучаць танцавальным “па” і грацыёзна рухацца настаўнікі харэаграфіі Ганна Буйкевіч, Таццяна Яўсей і Святлана Горда.

Труба ажывае ў руках Максіма Лойкі і Дзмітрыя Маляра.

Выхаванцы мастацкага аддзялення становяцца пераможцамі і дыпламантамі міжнародных конкурсаў, стыпендыятамі фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Два гады назад на міжнародным конкурсе жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” дыпломаў адразу ўсіх трох ступеняў, дыпломаў удзельнікаў і падзяк удастоены работы юных мастакоў пад кіраўніцтвам на той час настаўнікаў ДШМ Дзмітрыя Бурвеля і Сяргея Чарановіча.

Цікавасць рабят да заняткаў, дзе вучаць адлюстроўваць на паперы свой погляд на свет, відавочная. З асаблівым інтарэсам адпраўляюцца яны ў дзівоснае падарожжа па краіне выяўленчага мастацтва, пазнаюць і ацэньваюць прыгажосць з маладым настаўнікам Анастасіяй Новік. Дарэчы, сама яна выпускніца альма-матэр. І што прыемна, не адзіная. А гэта ўжо дасягненне. Многія таленавітыя выхаванцы школы, атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні ДШМ, звязваюць з музыкай і іншымі відамі мастацтва сваё далейшае жыццё. Некаторыя з іх вярнуліся ў школу спецыялістамі.

У настаўнікаў і вучняў шмат творчых задумак і планаў, вучоба і падрыхтоўка да конкурсаў не спыняюцца ні на адзін дзень.

У снежні храм мастацтва запросіць юных землякоў на канцэртную праграму “Мы іграем, танцуем, спяваем”, вясной – “Іграй, мой баян”, “Разам весела іграць”.

У школе мастацтваў дзяцей не трэба прымушаць вучыцца. Яны самі сюды бягуць, бо тут іх вучаць бачыць і чуць свет асаблівым, расквечаным яркімі колерамі мастацтва.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У дуэце з настаўніцай Нінай Чарнышовай Аляксей Асаскала спасцігае ігру на баяне.

Настаўніца па класе скрыпкі Жанна Хмыз з вучаніцай Кацярынай Трыбух.

Малады спецыяліст Анастасія Новік вучыць дзяцей бачыць прыгожае.

One thought on “Сола на саксафоне, ці Самы мастацкі адрас. Амаль чатыры сотні хлопчыкаў і дзяўчынак развіваюць свае здольнасці ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў

  • 04/12/2014 в 11:19
    Permalink

    Каждое выступление педагогов и учащихся школы, творческий отчёт — отдельная неповторимая музыкальная история

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *