Калі чужыя дзеці – свае. Сям’я Расохаў з Пашкоўцаў Ляхавіцкага раёна два дзесяцігоддзі назад прынялі рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі

Пяшчота, увага і дом, дзе цябе чакаюць, сустракаюць з радасцю, патрэбны ўсім – і дарослым, і дзецям. У гэтым упэўнена сям’я Сяргея і Ганны Расохаў з Пашкоўцаў. Два дзесяцігоддзі назад яны прынялі рашэнне стаць прыёмнымі бацькамі. Хаця ў сям’і ўжо выхоўваліся чацвёра дзяцей, жаданне павялічыць сям’ю гэта не стрымала

– У 2005 годзе ў нас падрасталі дачка і тры сыны. Дачцэ было тады 11 гадоў, малодшаму сыну – 11 месяцаў. Хлопчыкам разам добра і дружна. Хацелася, каб у нашай дачушкі з’явілася сястрычка і сяброўка. Ды і адчувалі сілы падзяліцца цяплом з дзеткамі, якія абдзелены бацькоўскай увагай. На сямейным савеце вырашылі ўзяць дзіця з дома-інтэрната. Пачалася сур’ёзная падрыхтоўка для атрымання статусу прыёмных бацькоў. Прайшлі медагляд, адпаведнае навучанне, працавалі з псіхолагам і іншае. Паехалі за дачкой, а вярнуліся з двума дзецьмі – Ромам і Надзяй – братам і сястрой. Канешне, хваляваліся, ці справімся, ці зможам стаць для іх блізкімі і роднымі людзьмі, – расказвае пра першыя крокі прыёмнага бацькоўства Ганна Расоха.
Дарэчы, Ганна тады была ў водпуску па доглядзе сына, і прыёмным бацькам стаў Сяргей. З таго часу сям’я Расохаў адкрыта для хлопчыкаў і дзяўчынак са складаным лёсам. За гэты час паспелі абагрэць душу больш як 10 маленькіх выхаванцаў. Некато-рыя ўваходзілі ў прыёмную сям’ю на кароткі час – да рашэння суда. Але былі і такія, для каго Ганна і Сяргей змаглі стаць сапраўднымі бацькамі. Так, для іх ужо 20 гадоў свой іх першы прыёмны сын Раман, які і сёння прыязджае ў дом, што стаў для яго родным. На сувязі Расохі і з іншымі выхаванцамі. І гэта самая лепшая ацэнка за выхаванне дзіцяці не роднага па крыві, але свайго па сэрцы.
Зараз у прыёмнай сям’і з Пашкоўцаў выхоўваюцца трое дзяцей: 14-гадовыя Насця і Глеб і 12-гадовая Ульяна. Яшчэ 10 месяцаў назад у кожнага з іх была свая гісторыя жыцця.
А сёння яны з радасцю вяртаюцца са школы дадому і звяртаюцца да прыёмных бацькоў з пытаннем «чым вам дапамагчы?»


– Давер – галоўнае, на чым трымаюцца адносіны. Пра гэта гаворым дзецям, калі яны прыходзяць да нас. Тлумачым, што заўсёды лепш сказаць праўду – рана ці позна яна стане вядомая. Добра разумеем, што ім цяжка ўвайсці ў незнаёмую сям’ю, прывыкнуць да нашага ладу жыцця. Не дзелім дзяцей на сваіх і чужых. Жывуць у нас – значыць, нашы. Спачатку рабяты, быццам калючыя вожыкі. Але праз нейкі час адтайваюць і раскрываюцца, пачынаюць сябраваць паміж сабой і з намі, прыёмнымі бацькамі, – дзеліцца прыёмная маці.


Канешне, быць маці чужому дзіцяці, якое ведае сваіх родных бацькоў, няпроста. Але ў Расохаў атрымліваецца. Дапамагаюць вопыт і мудрасць. Ганна Якаўлеўна пра кожнага з дзяцей не шкадуе добрых слоў. Ульяна – пяшчотная і ўважлівая, імкнецца дапамагаць па доме. У школе атрымае дзясятку і дома з радасцю паведамляе: «Я для вас дзясятку атрымала!»
Насці вучоба даецца цяжэй, але яна стараецца. Рукадзельніца, шые цацкі, спрабуе сілы ў прыгатаванні страў. Глеб любіць тэхніку і хоча выбраць адпаведную прафесію. Дзяўчынкі паміж сабой сябруюць, і ў іх шмат агульных інтарэсаў. Разам робяць разнастайныя ўпрыгожванні, вяжуць кручком.
Бацькі знаёмяць дзяцей з мясцовымі гістарычнымі і культурнымі славутасцямі. І паспелі пабываць ужо ў многіх кропках Ляхавіччыны.
Жыць у вёсцы і не мець гаспадарку – гэта не па-беларуску, лічаць у сям’і. І трымаюць тры каровы, некалькі свіней. Маюць вялікі агарод, мноства кветак і пладова-ягадных пасадак. Звычайна Ганна Якаўлеўна закрывае не менш за сотню слоікаў рознай кансервацыі. Але не трэба думаць, што дзеці тут з раніцы да ночы заняты дамашняй працай. Прыёмная маці падкрэслівае, што дзеці дапамагаюць па жаданні, і ў сям’і за 20 гадоў бацькоўства сфарміраваны прынцып – не прымушаць. Расохі ўпэўнены, што дапамога павінна ісці ад жадання.

– Сяргей і Ганна Расохі – вельмі працавітыя і адказныя бацькі, выхоўваюць такія ж якасці і ў дзяцей. Яны любяць вёску, сельскую гаспадарку і сваім ладам жыцця паказваюць, што многага можна дасягнуць, працуючы на зямлі. І некаторыя з іх выхаванцаў пайшлі па слядах прыёмных бацькоў. Адметна і тое, што яны раяцца са сваімі дзецьмі і такім чынам прывучаюць іх да самастойнасці, навучаюць вырашаць бытавыя і іншыя пытанні, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Галееўская.


Нядаўна сям’я Сяргея і Ганны Расохаў стала пераможцай абласнога конкурсу «Сэрца аддаю дзецям» і заваявала званне «Лепшая прыёмная сям’я».
Няхай іх дом будзе заўсёды цёплым і ўтульным для ўсіх дзяцей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.