Арган гучаў пад купалам касцёла. У мінулую нядзелю ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах Ляхавіцкага раёна адбыўся першы сёлета канцэрт арганнай музыкі

У мінулую нядзелю ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах адбыўся першы сёлета канцэрт арганнай музыкі. Шосты год запар касцёл і адна з яго галоўных каштоўнасцяў – арган 1912 года, пабудаваны віленскім майстрам Пятром Вайцэховічам, – становяцца адной са старонак фестывалю духоўнай і акадэмічнай музыкі Ars Magna Organi («Вялікае мастацтва аргана»).

Лепшыя арганісты Беларусі і замежжа сёлета выступяць на сямі пляцоўках. Акрамя Мядзведзічаў, канцэрты запланаваны ў Пінску і Ружанах, Лагішыне і Іванаве, Навагрудку і Іўі. Уваход на ўсе канцэрты – бясплатны, і гэта – адзін з важных момантаў у канцэпцыі фестывалю. Яго арганізатары даюць магчымасць пачуць жывое гучанне аргана ўсім жадаючым.
Фестывалем складанай музыкі назваў мерапрыемства яго мастацкі кіраўнік Аляксандр Бурдзялёў. Дарэчы, менавіта гэты чалавек некалькі гадоў назад узяўся за аднаўленне мядзведзіцкага аргана і дазволіў яму загучаць зноў і стаць часткай Ars Magna Organi.
Невялікая ўступная прамова – і пад купалам касцёла палілася музыка. У гэты дзень у праграме – творы французскага рамантызму, за клавішамі інструмента – мінчанка Надзея Праляскоўская. Сярод шматлікіх слухачоў – людзі розных веравызнанняў і музычных густаў, маладыя і сталыя.
Падчас канцэрта арганнай музыкі не прынята суправаджаць завяршэнне выканання твора апладысментамі, таму на працягу выступлення арганісткі ўдзячныя слухачы выказвалі сваю пашану маўчаннем і цішынёй, якую рэдка можна сустрэць пры такім скапленні народу.
Гэта варта пачуць, і гэта трэба ўбачыць.
Нас чакае яшчэ шэсць канцэртаў у Мядзведзічах: 29 чэрвеня,
13 і 27 ліпеня, 17 і 31 жніўня, 14 верасня.
Дарэчы, у мінулую нядзелю каля Мядзведзіцкага касцёла размясцілася яшчэ адна творчая кропка. Выставу-продаж сувенірнай прадукцыі і вырабаў майстроў народнай творчасці прадставілі Жарабковіцкі СДК і студыя дэкаратыўна-прыкладнога мас-тацтва «Вясёлка» Свяціцкага СДК.
Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота аўтара.



