За дэкларацыяй – у асабісты кабінет. Калектыў упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне ІМПЗ па Баранавіцкім раёне адзначыць прафесійнае свята

«Падаткі – гэта цана, якую мы плацім за магчымасць жыць у цывілізаваным грамадстве» – выраз вядомы і актуальны. Сапраўды, бясплатная для насельніцтва медыцына і адукацыя, сацыяльная падтрымка насельніцтва і іншыя даброты напрамую залежаць ад паступлення падаткаў у бюджэт. А максімальным забеспячэннем і павелічэннем паступлення падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў у дзяржаўны «кашалёк» займаецца падатковая служба, у сістэме якой і ўпраўленне па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне ІМПЗ па Баранавіцкім раёне.
У другую нядзелю ліпеня невялікі (сем чалавек), але кампетэнтны і адказны калектыў адзначае прафесійнае свята, сёлета – і 35-годдзе з дня ўтварэння падатковай службы Беларусі.

Асноўная задача падатковых органаў – выкананне даходнай часткі бюджэту ўсіх узроўняў. Сёння функцыі падатковай сістэмы – перш за ўсё папераджальная і стымулюючая. Да нас можна звярнуцца за кансультацыяй і ўдакладніць нейкія нюансы. І калі падчас камеральных праверак нашы супрацоўнікі выяўляюць парушэнні, гэта не азначае, што да падаткаплацельшчыка будзе прыменена пакаранне, – падкрэслівае намеснік начальніка інспекцыі – начальнік упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне ІМПЗ па Баранавіцкім раёне Валянціна Варанчак. У падатковай службе яна больш за тры дзесяцігоддзі, з якіх восем – на чале ўпраўлення. Валянціна Варанчак адзначае, што ў аснове дзейнасці калектыву – здольнасць і жаданне кожнага спецыяліста рабіць сваю справу выдатна і добрасумленна.

За першае паўгоддзе ўпраўленне па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне забяспечыла паступленне ў бюджэт падаткаў і іншых плацяжоў на суму амаль 21 мільён рублёў. На тэрыторыі Ляхавіччыны па стане на 1 ліпеня ў якасці плацельшчыкаў зарэгістравана 376 юрыдычных асоб, у тым ліку 296 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці, 430 ІП і больш за 21,5 тысячы фізічных асоб.
Дзеля зручнасці падаткаплацельш-чыкаў створана сістэма электроннага дэкларавання, асабісты кабінет і г. д. Сярод праграмных навінак – дадаткі для фізічных асоб – плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход, і для арганізацый (для плацельшчыкаў падатку па спрошчанай сістэме падаткаабкладання), якія дазваляюць аўтаматычна весці ўлік, фарміраваць падатковую дэкларацыю, выкарыстоўваць разнастайныя даведнікі, базы даных.
– Шчыра віншую ўсіх калег з прафесійным святам. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую нашым ветэранам, тым, хто шмат гадоў працаваў у падатковых органах. Дзякуй за ваш прафесіяналізм, вопыт і традыцыі. Жадаю шчасця, моцнага здароўя, дабрабыту, цяпла і ўтульнасці ў доме, –віншаванні адрасуе Валянціна Варанчак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.