Меліярацыя дае зямлі другое жыццё. Што складае меліярацыйны комплекс Ляхавіччыны

Меліярацыя па-ранейшаму для Беларусі – неабходнасць. Нездарма на розных плошчах і з рознай інтэнсіўнасцю меліярацыя праводзіцца амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

135 377 гектараў – плошча земляў у Ляхавіцкім раёне, 24 486 гектараў з іх – меліяраваныя. Іх эфектыўнае выкарыстанне, захаванне ўрадлівасці – надзвычай важныя пытанні.
Плошча сельскагаспадарчых земляў, якія прайшлі меліярацыю, па стане на пачатак студзеня гэтага года ў раёне складае 20,6 тысячы гектараў. Найбольшыя ўчасткі – у ЗАТ «Белпрампрыбор» і СУП «Ліпнянка». У структуры меліяраваных земляў раёна звыш 9 тысяч гектараў ці 44 працэнты займаюць ворыўныя землі, 11,5 тысячы гектараў (55 працэнтаў) – лугавыя.
1 306 кіламетраў каналаў і водапрыёмнікаў, 5 320 кіламетраў закрытай дрэнажнай сеткі, 877 гідратэхнічных збудаванняў, 5 помпавых станцый, 101 кіламетр дамбаў, 160 кіламетраў эксплуатацыйных дарог, 5 сажалак і вадасховішчаў – такі меліярацыйны комплекс Ляхавіччыны. Пераважная колькасць аб’ектаў знаходзіцца на балансе ПМС. Такія лічбы прывяла намеснік дырэктара – галоўны інжынер Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Таццяна Клявец.
Па даных дзяржаўнага ўліку, асу-шаныя землі раёна на плошчы амаль чатыры тысячы гектараў патрабуюць рэканструкцыі, а 1 518 гектараў – культуртэхнічных мерапрыемстваў. З 1 764 гектараў, якія належаць вываду з эксплуатацыі, 946 гектараў раней перададзены ў дзяржаўны лясны фонд. Яшчэ 780 гектараў маюць нізкі бал урадлівасці, і іх уцягненне ў сельскагаспадарчы абарот эканамічна немэтазгодна.
Цяжка пераацаніць ролю меліяраваных земляў для сельскай гаспадаркі. Эфект ад меліярацыі ў аграрным сектары дасягаецца за кошт стварэння і падтрымання аптымальнага водна-паветранага рэжыму глебы, павышэння ўрадлівасці, павелічэння плошчаў сельгасугоддзяў пасля прыцягнення ў абарот земляў, занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю, павелічэння контурнасці палёў і паляпшэння іх канфігурацыі. Усё гэта стварае ўмовы для больш эфектыўнага іх выкарыстання і прымянення высокапрадукцыйнай тэхнікі. А рэканструкцыя меліярацыйных сістэм забяспечвае істотнае павелічэнне прадукцыйнасці асушаных земляў.
– У 2024 годзе на асушаных землях вырашчана больш за 20 працэнтаў зерневых і зернебабовых культур, павялічылася і вытворчасць зялёных кармоў на 11 працэнтаў, вырасла ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур: шматгадовых траў – на 22 цэнтнера з гектара, рапса – на 15 цэнтнераў з гектара, ільновалакна – на 1,8 цэнтнера з гектара, – адзначыла намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Грынкевіч.
Змены ў станоўчы бок адбываюцца і непасрэдна ў рабоце прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
– У мінулым годзе, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, павялі-чылі аб’ёмы работ амаль у пяць разоў у параўнанні з 2021 годам і стапрацэнтна загрузілі магутнасць прадпрыемства работай па профілі. На разнастайныя меліярацыйныя мерапрыемствы з 2021 па 2024 гады накіравана каля 13,5 мільёна рублёў з бюджэту. Выдаткаваныя сродкі пайшлі на рэканструкцыю меліярацыйных сістэм, рамонтна-эксплуатацыйныя работы, рамонт водарэгулюючых і пераязных збудаванняў, выдаленне драўнінна-хмызняковай расліннасці і іншае, – адзначыла Таццяна Клявец.
У першым паўгоддзі ў Ляхавіцкім раёне пасля правядзення культуртэхнічных работ у сельгасабарот уключана 459 гектараў меліяраваных земляў.
Галіна КАНЬКО.