Скульптары дзіцячых душ. Сёння – Дзень настаўніка

Сёння – Дзень настаўніка. Нашы шчырыя прызнанні ў любві, словы бясконцай павагі і найлепшыя пажаданні – настаўнікам, выхавальнікам, выкладчыкам, усім, хто працуе і працаваў у сістэме адукацыі

Загадчыца лепшай дашкольнай установы Беларусі — дзіцячага сада №3 г. Ляхавічы — Людміла Мяжуева з выхаванцамі старэйшай групы №5.

Уважлівая, патрабавальная, справядлівая, творчая, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, умее знайсці падыход да дзяцей і іх бацькоў, аўтарытэтная і для вопытных, і для маладых калег – такі партрэт свайго кіраўніка калектыўна «намалявалі» работнікі дзіцячага сада № 3.
Людміла Мяжуева ўзначальвае дашкольную ўстанову восем гадоў, да гэтага 15 гадоў працавала тут выхавальнікам. А наогул пачынала свой шлях у дашкольную педагогіку з 1991 года. За тры дзесяцігоддзі ў калісьці зробленым выбары прафесіі не расчаравалася.
– Дзеці даюць невычарпальную энергію, натхненне, сілы. Стараюся штодня пабываць у групах, пабачыць дзетак, пагутарыць з імі, пашкадаваць. Яны ўсе непасрэдныя і такія цудоўныя, – адзначае Людміла Мяжуева.


Дарэчы, узначальвае яна самую вялікую дашкольную ўстанову Ляхавіччыны. У садку 12 груп, дзе 182 маленькія выхаванцы, а яшчэ калектыў у колькасці 52 чалавек: педагогі, іх памочнікі, повары, медсястра, рабочыя.
Калі размова заходзіць пра калектыў, Людміла Мяжуева не шкадуе добрых слоў пра ўсіх, хто працуе тут.
– Разам мы сапраўдная каманда. Пра кожнага з упэўненасцю скажу: лёгкі на пад’ём, творчы, прафесіянал сваёй справы. Важна ўмець чуць і паважаць меркаванні адзін аднаго, суперажываць. У нас гэта атрымліваецца! І мы шчыра радуемся поспехам калектыву і асобных калег. Колькі эмоцый было, калі наш дзіцячы садок прызналі лепшым спачатку ў вобласці, потым у краіне. Дарэчы, аб’ядноўвае не толькі праца. Па магчымасці стараемся разам і адпачываць. Паездкі на канцэрты, экскурсіі па Беларусі, вандроўкі на веласіпедзе па Ляхавіччыне, сумесныя святы – таксама пра нас. У верасні, напрыклад, пабывалі ў Косаве, – расказвае пра калектыў яго кіраўнік.
З асаблівай пашанай і павагай яна гаворыць пра тых, з кім рабіла першыя крокі ў прафесіі ў тутэйшым садку: Ларысу Лойка, Людмілу Кахавец, Алену Гардзейчык, Марыну Шчуку, Жанну Канановіч, Вераніку Шаўлякову, Таццяну Цітко, Іну Арлоўскую, Алену Варабей.
Дарэчы, у тым, што стала педагогам, Людміла Мяжуева бачыць заслугу і многіх настаўнікаў СШ № 2, дзе прайшлі яе школьныя гады.
– Любімы настаўнік назаўжды – самы выдатны, шчыры, цікавы –
гэта пра Ганну Аляксандраўну Малевіч, якая выкладала беларус-
кую мову і літаратуру. У яе вучылася паводзінам, адносінам да дзяцей, успрыманню свету. Менавіта Ганна Аляксандраўна прывіла любоў да беларускай класікі. І сёння з задавальненнем перачытваю творы Коласа, Купалы, Шамякіна, – дзеліцца Людміла Мяжуева.
На пытанне, што значыць быць педагогам, кіраўнік дашкольнай установы адказвае:
– Гэта, у першую чаргу, адказнасць за выхаванцаў. Мы, настаўнікі, разам з бацькамі з’яўляемся скульптарамі дзіцячых душ, фарміруем светапогляд, пачуцці, характар сваіх выхаванцаў. Важна бачыць у кожным асобу, выхоўваць уласным прыкладам. Дзеці вельмі адчуваюць адносіны да сябе, іх не падманеш. Без шчырай веры ў дзяцей, любві да іх немагчыма стаць сапраўдным педагогам.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.