Тут мая радзіма, тут мая сям’я

Аграгарадок Русінавічы не пазнаць. Сёлета гэта раённая дажыначная сталіца. Да свята рыхтуюцца і тутэйшыя жыхары, і працаўнікі СВК «Ляхавіцкі», каб хлебасольна сустрэць герояў жніва-2025 і шматлікіх гасцей. Утульны, уладкаваны, у кветках двор, дагледжаны дом № 7«В» па вуліцы Лугавой аграгарадка і сёння ўпрыгожыць любое свята. Па гэтым адрасе ў «прэзідэнцкім» доміку, выдзеленым два дзесяцігоддзі назад, жыве мнагадзетная сям’я Патаповічаў.

– У кожнага з нас ёсць свой, асаблівы куточак – малая радзіма. Для мяне гэта Русінавічы. Як і землякі, мая сям’я прыкладае ўсе намаганні, каб наш аграгарадок прыгажэў, развіваўся, каб быў добраўпарадкаваным і ўтульным. Пра гэта клапаціліся нашы бацькі, справу прадаўжаем і мы, – адзначае аператар па штучным асемяненні БРЖ СВК «Ляхавіцкі» Іван Патаповіч.


Каторы год запар СВК «Ляхавіцкі» – адзін з раённых лідараў сярод сельгас-прадпрыемстваў. Справы ідуць добра і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, надоі і прывагі ўражваюць. У тым, што жывёлагадоўля гаспадаркі працуе з плюсам, ёсць і заслуга Івана Патаповіча. На рахунку вопытнага спецыяліста – шэраг узнагарод, у тым ліку медаль «За працоўныя заслугі», атрыманы больш за 10 гадоў назад, раённае званне «Лепшы па прафесіі», перамога на традыцыйных раённым і абласным конкурсах прафесійнага майстэрства, прафсаюзныя ўзнагароды. Яго партрэт быў занесены на раённую Галерэю славы за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна. Дарэчы, у сёлетнім раённым конкурсе прафесійнага майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні БРЖ, аднаўленні статка і племянной рабоце ў намінацыі «Лепшае звяно па штучным асемяненні БРЖ» каманда СВК «Ляхавіцкі» ў складзе Івана Патаповіча, ветурача Сяргея Трафімчыка і заатэхніка-селекцыянера Наталлі Карповіч заняла першае месца.
І ўсё ж асаблівае месца ў россыпе ўзнагарод у ордэна Працоўнай Славы.
– Гэта памяць на ўсё жыццё – як атрымаў з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ордэн Працоўнай Славы. Які моцны поціск рукі ў Кіраўніка нашай дзяржавы! Тыя эмоцыі, уражанні, атрыманыя некалькі гадоў назад падчас узнагароджвання ў Палацы Незалежнасці, непаўторныя! Да чаго ж прыемна, што звычайнага працаўніка сельскай гаспадаркі так урачыста ўшаноўвалі, – успамінае зямляк.
Іван Патаповіч – тэхнік-асемянатар у другім пакаленні, тут жа, у «Ляхавіцкім», працаваў і бацька, а маці была даяркай. Любоў да сельскай гаспадаркі, павага да нялёгкай сялянскай справы ў Івана Патаповіча з дзяцінства. Дарэчы, як і бацька, ён атрымаў прафесію ў Ляхавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, пасля заканчэння якога ў 1998 годзе прыйшоў па размеркаванні на сваё першае працоўнае месца – на ферму «Мыслабаж».

У «Ляхавіцкім» Іван Патаповіч 27 гадоў гадоў. І, як ён сам лічыць, – пашанцавала! Тут сабраны зладжаны калектыў. На агульны поспех у жывёлагадоўлі працуюць усе і ўсё: трывалая і якасная кармавая база, спецыялісты ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў, работнікі фермаў, спрыяльная атмасфера ў калектыве, прадбачлівасць і гаспадарлівасць кіраўніцтва. Малочныя рэкорды гаспадаркі пачынаюцца з такіх простых работнікаў – адказных, нераўнадушных, для якіх агульная справа – вельмі асабістая.
– Так, веды ў тэхнікуме атрымаў добрыя, але без падказак бацькі і колішняга галоўнага ветурача гаспадаркі Уладзіміра Лыбко было б цяжкавата. Удзячны бацьку за падтрымку, дапамогу, дзейсныя парады. У яго я вучыўся не толькі тонкасцям прафесіі, але і ўменню дзейнічаць у камандзе. Працаваў у розных падраз-дзяленнях «Ляхавіцкага» і з гонарам скажу: у нас добры калектыў. А любая асабістая працоўная перамога – заслуга ўсяго калектыву, – адзначае Іван Патаповіч.
Адна з задач, якую вырашае каманда фермы па вырошчванні БРЖ у Мыслабажы, у складзе якой і тэхнік-асемянатар, – вырошчванне племянных цялушак. Яны ідуць і на аднаўленне статка, і на продаж –
а гэта чарговае фінансавае папаўненне для гаспадаркі. Так, летась прададзена 90 племянных цялушак, сёлета ўжо 40.
У распарадку дня Івана Патаповіча раз-пораз узнікаюць форсмажорныя абставіны. Вось і падчас абедзеннага перапынку, калі фотакарэспандэнт «ЛВ» праводзіў фотасесію з сям’ёй Патаповічаў, з фермы паступіў званок: у каровы нечакана пачаліся роды…
– Такія працаўнікі, як Іван Патаповіч, – касцяк, аснова нашага сельгаспрадпрыемства. На-дзейны, адказны, працавіты, вопытны прафесіянал і добразычлівы чалавек. Адным словам, чалавек на сваім месцы. На якім бы ўчастку гаспадаркі ён ні працаваў, заўжды бездакорна выконвае свае абавязкі, – падкрэслівае старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
Працоўныя поспехі і дасягненні паспрыялі таму, што Іван Патаповіч быў абраны дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

– Адказна, пачэсна. Менавіта такія пачуцці ахапілі мяне пасля абрання дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Адна справа – бачыць вядомых на ўсю краіну людзей, палітычных дзеячаў Беларусі, кіраўнікоў Урада па тэлебачанні. І зусім іншая – разам абмяркоўваць пытанні дзяржаўнай важнасці на Усебеларускім народным сходзе, адчуваць адказнасць за прынятыя рашэнні перад беларускім народам, – гаворыць Іван Патаповіч.

Да дэлегата УНС за вырашэннем тых ці іншых сітуацый звяртаюцца землякі. Сумесна з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса раёна, кіраўніцтвам СВК «Ляхавіцкі» вырашаюцца пытанні рамонту дарог, добраўпарадкавання вёсак і іншыя, што хвалююць землякоў.
– На рабоце будзе ўсё атрымлівацца, калі дома ёсць надзейная падтрымка, клопат, узаемапавага. Мой надзейны прычал – сям’я. З жонкай Вольгай, якая таксама працуе ў «Ляхавіцкім», нядаўна адзначылі сярэбранае вяселле. Асаблівы гонар і самае значнае дасягненне нашай сям’і – дзеці. Старэйшая дачка працуе педагогам у Баранавічах, сын пасля тэрміновай службы ва Узброеных Сілах асвойвае прафесію вадзіцеля, малодшая дачка – школьніца. Разам нам добра, камфортна, разам – мы сіла. Не толькі на сваім прысядзібным участку падтрымліваем парадак, клапоцімся, каб і мая бацькаўшчына – дом у Гаслаўшчыне, дзе зараз жыве маці, таксама быў дагледжаным, – упэўнены Іван Патаповіч.
Ён не стамляецца паўтараць: сельская гаспадарка – гэта не проста работа, гэта лад жыцця, а малая радзіма – месца прыцягнення, бо тут свая зямля, любімая сям’я і такія блізкія і родныя землякі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.








