Раслінныя адходы па асобным графіку. Са жніўня па лістапад камунгас будзе вывозіць раслінныя адходы з вуліц прыватнай забудовы ў Ляхавічах

Апошнім часам ад жыхароў Ляхавіччыны паступае нямала пытанняў наконт таго, чаму камунгас не забірае ў насельніцтва раслінныя адходы. Давайце разам разбяромся ў сітуацыі, бо праблема сапраўды мае месца.
Пачнём з таго, што збор і вываз камунальных адходаў у Ляхавіцкім раёне праводзіцца адпаведна са схемай абыходжання з камунальнымі адходамі, якая распрацавана з улікам патрабаванняў заканадаўства. Усе камунальныя адходы ў нашым раёне вывозяцца для далейшага захоўвання на гарадскі палігон цвёрдых камунальных адходаў і для перапрацоўкі на смеццеперапрацоўчы завод у Баранавічах. Нагадаю, раслінныя адходы – гэта зрэзаныя галіны дрэў, скошаная ці сарваная трава, апалае лісце і іншае. Яны, як, дарэчы, і іншыя адходы, што ўтвараюцца ў фізічных асоб на тэрыторыі прыватных домаўладанняў, адносяцца да камунальных адходаў.
Згодна з ТКП 17.11-08-2024 «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Тэхнічныя патрабаванні да абыходжання з камунальнымі адходамі» раслінныя адходы падлягаюць асобнаму збору ўласнікамі зямельных участкаў. Іх нельга разам з бытавым смеццем вывозіць на палігон. Раслінныя адходы неабходна кампаставаць. Калі ж такая магчымасць у гаспадара прыватнага домаўладання адсутнічае, неабходна збіраць раслінныя адходы асобна ад бытавога смецця для вывазу камунальнай службай. Распрацаваны графік, згодна з якім двойчы на тыдзень, пачынаючы са жніўня па лістапад, камунгас будзе вывозіць раслінныя адходы з вуліц прыватнай забудовы ў райцэнтры. Такім чынам, у Год добраўпарадкавання вырашана яшчэ адна праблема, якую ўздымалі ляхавічане ў розных інстанцыях.
Наталля МАСЛОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.

