Перспектыва ёсць. Трэба працаваць!На чым акцэнтаваў увагу старшыня Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта на жнівеньскім пасяджэнні райвыканкама

Ляхавіччына дэманструе дынаміку развіцця ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, і такая тэндэнцыя павінна стаць пастаяннай. Тым больш, што рэзервы ёсць. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз на жнівеньскім пасяджэнні райвыканкама.


На асноўных выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за студзень – чэрвень 2025 года спынілася намеснік старшыні райвыканкама Людміла Матчэня. Яна адзначыла, што ад таго, у якім напрамку раён працаваў у першым паўгоддзі, які быў зададзены вектар, у многім будуць залежаць вынікі развіцця Ляхавіччыны ў розных сферах. Прагучала, што за азначаны перыяд раён спрацаваў без страт – забяспечаны чысты прыбытак і станоўчая рэнтабельнасць продажу.

Плюсы і мінусы паказчыкаў і заданняў

Калі гаварыць пра сітуацыю з выкананнем індыкатыўных паказчыкаў і заданняў, то Людміла Матчэня падкрэсліла, што раён справіўся з 9 з 12 даведзеных: па выпуску валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі (109,6 працэнта – пры заданні 102,9 працэнта), тэмпах росту паступленняў у кансалідаваны бюджэт раёна (117 працэнтаў, заданне на год – 110 працэнтаў), узроўні затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі (работ і паслуг), уводзе ў эксплуатацыю жылля (узведзена 2 136 квадратных метраў пры заданні на даны перыяд 1 575 квадратных метраў), рознічным тавараабароце (104,1 працэнта – 103,3 працэнта), удзельнай вазе адгружанай інавацыйнай прадукцыі (11,1 працэнта, заданне на год – 7,2 працэнта), тэмпах росту намінальнай налічанай заработнай платы (121,9 працэнта – 110,3 працэнта), тэмпах росту экспарту тавараў (125 працэнтаў, заданне на 2025 год – 109 працэнтаў). Разам з тым тэмпы росту будаўніча-мантажных работ склалі за паўгоддзе 79,3 працэнта пры заданні 104 працэнты. Недапрацавалі і па тэмпах росту інвестыцый у асноўны капітал: выкананне склала 89,6 працэнта пры заданні 104,3 працэнта. Недапрацоўка зарэгістравана і па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці. У наяўнасці 103,7 працэнта, заданне складала 106 працэнтаў. Нягледзячы на пэўныя недапрацоўкі і ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, калі нявыкананымі былі 7 паказчыкаў, Ляхавіцкі раён з даведзенымі заданнямі справіўся значна лепш.
Людміла Матчэня ўказала на адмоўную дынаміку тэмпаў росту вытворчасці ў ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак», лясгасе, ТАА «Трансэлектракамплект», ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Людміла Матчэня дэталёва разабрала прычыны зніжэння аб’ёмаў вытворчасці на кожным з прадпрыемстваў. У прыватнасці, адносна кансервавага завода адзначана, што зніжэнне вытворчасці звязана са змяншэннем збыту кансерваванай прадукцыі па прычыне зніжэння попыту як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. На мінус паўплываў і планавы рамонт цэхаў і абсталявання, якія часткова прастойвалі. Выйсце? Прадпрыемства шукае новыя рынкі збыту, у тым ліку ў Кітаі і Расіі.
Знізіўся попыт на ўнутраным і знешнім рынках і на паліўныя брыкеты, што выпускаюцца на торфабрыкетным заводзе. Для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці завод плануе павялічыць адгрузку торфабрыкетаў і сушонкі на цэментныя заводы, павялічыць пастаўку паліва ў Расію і экспарт сушонкі ў Кітай.
Шукаюць выйсце з сітуацыі, звязанай са зніжэннем попыту на накрыўку бляшаначную ў ТАА «Бляшаначны завод «Інтэрлак». З гэтай мэтай прапрацоўваюцца дадатковыя рынкі збыту.
Што тычыцца тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці, то найбольшы рост дэманструюць ТАА «ТМТ» (127,2 працэнта), СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» (118 працэнтаў), ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» (112,9 працэнта),
ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас» (111,9 працэнта).

Найбольшай удзельнай вагой інавацыйнай прадукцыі могуць пахваліцца малочны і кансервавы заводы, ільнозавод, «Інтэрлак»,
ТАА «Фермент», «ЮстаПласт». Так, сёлета «ЮстаПласт» прапрацоўвае рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па вытворчасці імпарта-
замяшчальнай прадукцыі – вырабаў з тэрмапластычных палімерных матэрыялаў.

Па словах Людмілы Матчэня, невыкананне паказчыка па тэмпах росту інвестыцый у асноўны капітал абумоўлена зніжэннем аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ па прычыне зніжэння аб’ёмаў будаўніцтва інфраструктуры і жылля ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года, змяншэння аб’ёмаў будаўніцтва ў сельгасарганізацыях з-за пераносу тэрмінаў будаўніцтва. На мінус паўплываў і перанос на 2026 год праектаў па рэканструкцыі
АЗС № 31, будаўніцтве басейна і жылога дома з ЦКРНіР.
Раён у цэлым забяспечыў рост экспарту тавараў на 25 працэнтаў. Зніжэнне экспарту адбылося на кансервавым, торфабрыкетным заводах.
У сувязі з закрыццём рынку Еўропы адсутнічае экспарт у ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт».

Пра фінансавы стан
Важнае пытанне парадку дня – фінансавы стан раёна. Людміла Матчэня расказала, што сёлета ў першым паўгоддзі фінансавыя паказчыкі дэманструюць станоўчую тэндэнцыю. Так, за пяць месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам сума чыстага прыбытку павялічылася на 40,8 працэнта, рэнтабельнасць продажаў павялічылася на 1,4 працэнта.
Разам з тым фінансавы стан некаторых прадпрыемстваў раёна застаецца даволі складаным. Калі па стане на 1 чэрвеня 2024 года ў Ляхавіцкім раёне было тры стратныя арганізацыі, то цяпер за такі ж перыяд – пяць: ПМК-13, ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас», ТАА «ТМТ», «Яблыневы Пасад», КУКП «Ляхавіцкая кінавідэасетка».
Па словах Людмілы Матчэня, страты па ПМК-13 дапушчаны па прычыне малых аб’ёмаў работ. І калі завод «Металапластмас», ТМТ, кінавідэасетка плануюць выхад на прыбытковую работу, то для «Яблыневага Пасада» і ПМК-13 перспектывы далёка не аптымістычныя. У прыватнасці, істотныя карэктывы ў работу «Яблыневага Пасада» ўнесла надвор’е – ураджай яблыкаў сёлета будзе менш запланаванага.
Падводзячы вынікі, намеснік старшыні райвыканкама акцэнтавала ўвагу на тым, што неабходна правесці работу над памылкамі і не дапускаць зніжэння аб’ёмаў вытворчасці ва ўсіх сферах рэальнага сектара эканомікі, акрамя таго, эканомна выкарыстоўваць усе віды матэрыяльных рэсурсаў з мэтай выкарыстанння вызваленых сродкаў на павышэнне заработнай платы работнікам.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.