Бабка на біс. Жыхары Ляхавіцкага раёна прынялі ўдзел у кулінарна-гістарычным шоу «Беларуская кухня» на «Беларусь 3»
Скварчыць на патэльні маладая бульбачка з залацістай скарынкай, смачны шлейф суправаджае смажаныя лісічкі. На талерцы прыгожа раскладзены курыныя катлеты «растропкі» ў аздабленні маласольных агуркоў. У такім апетытным ракурсе прайшлі здымкі кулінарна-гістарычнага шоу «Беларуская кухня» на «Беларусь 3».
Смачны праект з яго вядучай Ларысай Мятлеўскай завітаў на Ляхавіччыну – у Малое Гарадзішча і ў Свяціцу.

«Беларуская кухня» – перадача, у якой звычайныя людзі дзеляцца рэцэптамі беларускіх страў. Як правіла, сакрэт іх прыгатавання перадаецца ў сям’і з пакалення ў пакаленне, ад маці – дачцэ, ад бабулі – унучцы.
Загадчык Малагарадзішчанскага сельскага клуба Валянціна Карповіч, якая стала адной з удзельніц праграмы, расказвае, што трапіла ў праект дзякуючы беларускім стравам, рэцэпты якіх збірала Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма.
– Адной з умоў шоу з’яўляецца наяўнасць дамашняй печы-пліты,
якую сёння не часта сустрэнеш. У Малым Гарадзішчы
такая ўпрыгожвае кухню мясцовай дачніцы Галіны Патоцкай, і яна з радасцю прадаставіла яе мне і яшчэ адной удзельніцы праграмы – Галіне Кульбіцкай. Усім аграгарадком збіралі антураж для правядзення здымак. Землякі шчыра дзяліліся збанкамі ў нацыянальным стылі, вышыванымі ручнікамі і сурвэткамі, – адзначае Валянціна Карповіч.

На «біс» Вялянціна Іванаўна гатавала некалькі страў, якія вельмі паважаюць у яе сям’і: бульбяную бабку, сечаныя курыныя катлеты «растропкі», да якіх адварыла маладую бульбу і абсмажыла яе. Падала і смажаныя лісічкі. Гаспадыня дзеліцца, што здымкі суправаджала цікавая размова. Ларыса Мятлеўская – вядучая шоу, а таксама актрыса, этнограф і вельмі цікавы суразмоўца. Валянціна Карповіч падчас прыгатавання ежы расказала пра мясцовыя традыцыі, дэкларавала на памяць урывак з паэмы «Новая зямля», дзе размова ідзе пра стравы. Валянціна Іванаўна – загадчыца сельскага клуба,
разам з калегамі яны беражліва захоўваюць традыцыі і праводзяць шмат народных святаў, сярод якіх Купалле, Калядкі, Вялікдзень і іншыя, выязджаюць на раённыя святы з традыцыйнымі беларускімі стравамі. У культуры Валянціна Карповіч больш за 40 гадоў, і фальклор, народная спадчына – частка яе жыцця, як і беларуская кухня.
«Растропкі» Валянціна Іванаўна ў сваёй сям’і гатуе амаль штодня. Каб яны атрымаліся сакавітымі, трэба загадзя нарэзаць курыную грудку кубікамі і замарынаваць яе, абавязкова дадаць зубчык часнаку і цыбуліну, плюс маянэз ці смятана. Бабка – любімая страва мужа Міхаіла, і сакрэтам смачнай бабкі ў сям’і Карповічаў лічаць засмажанае сала і мяса, якія дадаюць у надзёртую бульбу, папярэдне зліўшы з яе лішні сок.


А жыхарка Малога Гарадзішча Галіна Кульбіцкая для «Беларускай кухні» гатавала бабку па-літоўску. Галіна Канстанцінаўна родам з вёскі Літоўка – адсюль і назва стравы, у якую для адметнага смаку ў сям’і заўсёды наразаюць вэнджаны бачок і лісічкі. Да бабкі робяць соус са смятаны з часнаком, зяленівам і з маласольным агурком. Галіна – прыёмная маці, і разам з мужам дораць сваю даб-
рыню і клопат семярым дзецям, з якіх чацвёра – непаўналетнія. Дзеці хоць у кадры не былі, але ўсяляк дапамагалі рыхтаваць прадукты для прыгатавання бульбянай бабкі.
Свяцічанка Вера Буйкевіч у свае 76 гадоў спявае ў мясцовым СДК, прымае ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. Песня для яе – крыніца натхнення і бадзёрасці. Для шоу а капэла заспявала беларускую народную песню і прыгатавала курыны булён з клёцкамі. А печка ў Веры Канстанцінаўны вельмі спадабалася тэлевізіёншчыкам. Па словах гаспадыні, каб булён атрымаўся смачным, тушку курыцы кладуць у халодную ваду і ў працэсе варкі ў чыгунок дадаюць дзве не рэзаныя цыбуліны і лаўровы ліст. З варанай курыцы абіраюць мяса і вяртаюць у булён. Для клёцак трэба змяшаць два яйкі з мукой і ўліць трохі вады. Цеста павінна быць не густым і не вадкім. Чайнай лыжкай сумесь патроху апускаюць у вар. Як толькі клёцкі ўсплывуць, варыць яшчэ пяць мінут, дабавіць зяленіва кропу і даць настояцца. Атрымліваецца вельмі смачна, сцвярджае Вера Канстанцінаўна. Удзел у праграме для нашай зямлячкі не стаў выпрабаваннем – чатыры дзесяцігоддзі яна працавала ў дзіцячым садзе выхавальнікам, нейкі час і загадвала дашкольнай установай. Таму быць навідавоку для яе – хутчэй звычка, а абед на камеру – цікавы вопыт і прыемныя знаёмствы.

У сям’і жыхароў Свяціцы Мікалая і Святланы Буйкевічаў беларускія стравы на стале – традыцыя. Мікалай Дзмітрыевіч загадвае мясцовым СДК, і разам з жонкай даводзіцца гатаваць стравы нацыянальнай кухні для дэгустацыі на раённых мерапрыемствах. Для тэлепраграмы выбралі смажанку з рыбай і сушанымі баравікамі. Смажанка, бо ўсе прадукты абсмажваюцца паасобку: бульба, філе шчупака ці іншай рыбы, дзе менш касцей, грыбы з цыбуляй і яшчэ цыбуля асобна. А тады слаямі ўсё ўкладваецца. Апошні слой –
зноў бульба, і ўсё заліваецца смятанай. Гаспадыня раіць дзеля смаку дабавіць у смажанку яшчэ грыбны ці рыбны булён. Святлана Буйкевіч дзеліцца: гатаваць на камеру ў яркіх сафітах даволі няпроста. Але прыемна, што пра свяціцкія завядзёнкі даведаюцца і ў іншых беларускіх мястэчках.
А гастранамічную справаздачу ад нашых землякоў можна ўбачыць у кулінарна-гістарычным шоу «Беларуская кухня» на «Беларусь 3».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

