Старая культура ў новай фактуры
На ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” пастаўлены поўны цыкл работы з ільном. Пачынаючы з пасяўных і пасляпасяўных клопатаў, з наступным церабленнем, уборкай і – фінішная аперацыя – перапрацоўка трасты ў валакно.
У гэтым годзе завод меў 1435 гектараў уласных ільнопасеваў. Тэрытарыяльна разрозненыя ўчасткі і ўрадзілі па-рознаму, але ў цэлым ураджай атрымаўся нядрэнным. З пункту гледжання і якасці, і важкасці. Сярэдні нумар пакладзенай на захоўванне трасты ацэнены лічбай 1,31. Зусім няблага і, як паведамілі на прадпрыемстве, з таго часу, як завадчане сталі практыкаваць рулонны спосаб нарыхтоўкі, сыравіна падобнай якасці атрымана ўпершыню. Нядрэннай атрымалася і сярэдняя ўраджайнасць валакна – 11,2 цэнтнера з гектара. Дзякуючы гэтаму з уласных палеткаў паднята 4800 тон трасты. Атрымліваецца ўраўненне, у якім адсутнічаюць невядомыя: уласныя нарыхтоўкі, плюс вырашчанае на палетках сельгаспрадпрыемстваў нашага і дзвюх гаспадарак Баранавіцкага раёнаў, плюс так званы пераходны фонд даюць вынік, неабходны для гадавой загрузкі завода сыравінай.
Не лішне праявіць дакладнасць, сказаць – двух заводаў. Запушчаная нядаўна ў дзеянне новая сучасная вытворчасць прайшла тэсціраванне ў рэжыме няпоўнай загрузкі. У новым цэху работа арганізавана ў 3 змены. У кожнай заняты ўсяго 7 работнікаў. Новую тэхналогію і тэхніку беспраблемна асвоіў 21 чалавек. Гэта пакуль, у бліжэйшых жа планах арганізацыя чатырохзменнай работы цэха, каб і ў дні каляндарных выхадных дарагое ва ўсіх сэнсах абсталяванне не “гуляла”.
Збыт? З гэтым нашы вытворцы і перапрацоўшчыкі льну асаблівых праблем не ведаюць. Бяруць і доўгае, і кароткае валакно і свае – Аршанскі льнокамбінат, ААТ “Гранітэкс” з Гродна – і замежныя пакупнікі. Але спачатку – дзяржзаказ: у будаўніцтва завода ўкладзены, аб чым “Ляхавіцкі веснік” гаварыў неаднойчы, велізарныя бюджэтныя грошы. Аднак і стары цэх не выключаны з работы: працуе не ў такой ступені глыбакаякасна і прадукцыйна, як яго “малодшы брат”, але і не стаіць.
Эканамічны расклад прадпрыемства выглядае, далікатна кажучы, не бліскуча. Але дзякуючы ў тым ліку і новай прадукцыі, развязка некаторых фінансавых лабірынтаў пайшла ў паскораным тэмпе.
Традыцыйная наша сельгаскультура атрымала цяпер новую перапрацоўчую фактуру.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


