Мёдам справу не сапсуеш

Адны з лепшых механізатараў СВК «Ліпнянка» Аляксандр Салодкі і Іван Буйкевіч.

Падчас восеньскіх кірмашоў у Ляхавічах добрым попытам карыстаўся мёд з СВК “Ліпнянка”. Мядовай справай тут ужо і не ўзгадаюць калі пачалі займацца. У гаспадарцы зараз 65 пчоласем’яў: сёлета выкачалі 843 кілаграмы духмянага пачастунку.

Хоць і не проста складваюцца справы ў сельгаспрадпрыемстве, але стараюцца вяскоўцы, не чакаюць міласці ад прыроды. Дзякуючы дапамозе міжгаспадарчага корманарыхтоўчага атрада (у ім аб’ядналіся сілы райаграсэрвісу, СВК “Востраў”, “Тальмінавічы” і “Ліпнянка”), нядрэнна справіліся з нарыхтоўкай кармоў. 22,1 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – у параўнанні з мінулагоднімі 14,8 цэнтнера — даволі неблагі вынік для гаспадаркі.

Стаўку прадпрыемства робіць на надзейныя і адказныя кадры. Даглядчык Канстанцін Каспяровіч пачынае працоўны дзень зацемна. Своечасова накарміць-напаіць буронак – яго клопат. Летам, у перыяд вялікага малака, яго адказнасць яшчэ больш павышаецца. Да даглядчыцкіх абавязкаў дадаюцца яшчэ і пастухоўскія. Выконвае ён іх добра. Нераўнадушны і актыўны чалавек, у яго працоўнай біяграфіі больш за 42 гады.

Прыклад для маладых – трактарыст Васілій Гачко. З ранняй вясны да позняй восені заняты ён на сельгасработах. Так, 510 гектараў ворыва, рад да раду пад пасевы азімых, у яго асабістым заліку.

Паважаюць у “Ліпнянцы” галоўнага эканаміста Алу Калядзіч. Старшыня гаспадаркі Святлана Курэц адзначае яе высокі прафесіяналізм.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *