ДП «Нача». А грэчка вельмі ўдалася!

Раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016” прымае аграгарадок Нача. Зразумела, да прыёму гасцей старанна рыхтаваліся, і ў першую чаргу – мясцовае сельгаспрадпрыемства: рамантавалі, рэканструявалі вытворчыя аб’екты, абнаўлялі твар гаспадаркі – адміністрацыйны будынак, добраўпарадкавалі тэрыторыю… Зразумела, усе гэтыя клопаты не пазбавілі працаўнікоў ДП ”Нача” галоўнага летняга сельскагаспадарчага клопату – уборачнага.

Безумоўна, марылі пра важкі ўраджай, разлічвалі сабраць намалот не меншы за леташні, тым больш для гэтага сур’ёзна папрацавалі падчас сяўбы, не пакідалі без увагі агратэхніку. А ў надвор’я аказаліся свае планы. Вынік – 38,4 цэнтнера з гектара хоць далёка і не самы горшы, але хлебаробаў не парадаваў. Хаця, напрыклад, трыцікале і жыта далі, адпаведна, па 45,9 і 48,7 цэнтнера на круг – паболей, чым сярэднераённы гектар. А асаблівая нагода для гонару начаўцаў – грэчка: пасадзілі  8 гектараў, сабралі 25 тон – па  31 цэнтнеры з кожнага гектара.

Работы ж хапіла на ўсіх удзельнікаў жніва. Папрацавалі як след і 4 экіпажы збожжаўборачных камбайнаў (Уладзімір Шклянік з сынам Віталіем, браты Віталій і Сяргей Васюкевічы, Аляксандр Пятроўскі і Эдуард Чалядка, Іван Чушаль і Сяргей Жалнярэвіч), і вадзіцелі Уладзімір Падгурскі (на здымку), Дзмітрый Шастак, Эдуард Сялецкі, Аляксандр Шаўчук. На сваіх працоўных месцах шчыравалі аператары трох зернесушыльных установак. Усе малайцы!

Дарэчы, уборачная ў Начы яшчэ не завершана: засекі ў хуткім часе папоўніць зерне кукурузы са 100 гектараў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *