СВК «Шлях новы». Палявая талака
Па хлебнай ніве, як вокам кінуць, адзін за другім рухаліся збожжаўборачныя агрэгаты. Сем экіпажаў працавалі на адным полі і столькі ж – на другім. А на ржышчы прыпаркаваліся ў чаканні поўных бункераў МАЗы з прычэпамі. Умоўны знак – і магутны аўтамабіль аказваецца паміж двума камбайнамі, якія адначасова вядуць разгрузку бункераў у кузаў і прычэп. Усё адпрацавана да дробязяў.
Першы намеснік старшыні СВК “Шлях новы” Віталій Кульбіцкі любаваўся зладжанай работай, як зручна ўбіраць поле талакой: усіх хлебаробаў паставілі ў роўныя ўмовы спаборніцтва. Лідары мяняліся штодзень: то Генадзій Місько і Яўгеній Камінскі, то Васілій Шадура і Іван Верас. Ад душы, як заўсёды, працавала дынастыя Дзядовічаў: спачатку тон задаваў бацька Анатолій Уладзіміравіч, пасля яго ўпэўнена перагналі экіпажы сыноў Міхаіла і Аляксандра.
Ніводнага прастою не дапусцілі вадзіцелі. Першымі тысячнікамі на адвозцы збожжа ў гаспадарцы сталі Дзмітрый Анціпенка, Юрый Тарабэш, Андрэй Абражэвіч. Асобныя ўчасткі ячменю, а пасля пшаніцы сёлета давалі да 65 цэнтнераў з гектара. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па гаспадарцы склала 52,6 цэнтнера з гектара.
На зернетаках таксама кіпела работа. На вачах раслі горы зерня, якое трэба было ачысціць, прасушыць, давесці да патрэбных стандартаў і адправіць што на захоўванне, як насенны фонд, што на фураж. Працавалі спачатку 4 сушыльныя агрэгаты, пасля падключылі яшчэ адзін – на мясцовых відах паліва. Круглыя суткі не спыняліся ўстаноўкі, мяняліся толькі людзі. Калі за работу браліся Уладзімір Кандыбовіч і Сяргей Кандыба, зернесушыльны выдаваў за змену 250 тон гатовага збожжа. Сельгаскааператыў адным з першых справіўся з выкананнем дзяржзаказу: прададзена 3044 тоны збожжа – 118 працэнтаў да плана.
Усе і ўсё працавалі на ўраджай. Рэгулярна падводзіліся вынікі спаборніцтва, арганізоўваліся імправізаваныя музычныя віншаванні герояў жніва. А чаго вартай была падмога мясцовых повараў, брыгада якіх штодзень шчыравала-чаравала над стравамі для ўдзельнікаў жніва. Гарачыя абеды дастаўляліся прама на жніўныя палі.
Цяпер у гаспадарцы ідуць іншыя работы, таксама важныя і неадкладныя. Але жніўныя моманты і сёння, і заўсёды будуць лічыцца самымі важнымі, самымі абавязковымі і адказнымі.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




