ЗАТ «Белпрампрыбор». Адкрыта – аб закрытым

Намеснік дырэктара Андрэй Вараб’ёў, камбайнеры Вадзім Зубік, Віталій Івашка.

У гэтым годзе ўборку зерневых у раёне адкрыла закрытае акцыянернае таварыства “Белпрампрыбор”. Гэты другасны, увогуле, факт дае разуменне, што ў пасяўной “карце” прадпрыемства знайшлося месца і для азімага ячменю. Для ляхавіцкіх шырот расліна, не без іроніі адзначым, рэдкая. Але ў выпадку з “Белпрампрыборам” усё атрымалася дастаткова метка, паколькі іменна гэта культура аказалася адной з найбольш прадукцыйных. Нягле-дзячы на параўнальна невялікія плошчы, склалася нядрэнная эканоміка і добрая пасяўная практыка, адмаўляцца ад якой гаспадарка не збіраецца.

Яшчэ адзін фаварыт ураджайнасці – азімае трыцікале. Яго плошчы былі заметна большымі –  як прадукцыйнасць асобных участкаў. Увогуле ж, сярэднестатыстычны зерневы “белпрампрыбораўскі” гектар даў, у каэфіцыентавым пераразліку, крыху за   40 цэнтнераў. Няшмат,  у супастаўленні з сярэднераённымі 45, але і нямала, калі параўнаць з 25-цэнтнернай ураджайнасцю асобных нашых сельгасвытворцаў.

Камбайнеры спрацавалі добра. Усю нагрузку з уборкай 890 гектараў збожжавых і зернебабовых “выцягнулі” 3 экіпажы на чале з Міхаілам Зубікам, Вадзімам Зубікам і Аляксандрам Дубінай.

Ну і не забываем пра той факт, што адным з пераможцаў абласнога спаборніцтва хлебаробаў з’яўляецца працаўнік ЗАТ “Белпрампрыбор”. Зрэшты, для вадзіцеля Пятра Слабкевіча сёлетні выхад на галоўную сцэну абласных “Дажынак” не першы.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *