Зямны паклон гаспадарам зямлі. У Ляхавічах адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У трэцюю нядзелю лістапада адзначаецца галоўнае аграрнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Сельская гаспадарка Ляхавіччыны – гэта багатыя традыцыі, добрыя вытворчыя паказчыкі, шчырыя і працавітыя людзі. І ад іх намаганняў у многім залежыць, якім будзе не толькі вясковае заўтра, але і будучыня раёна. За новымі тэхналогіямі, якія пастаянна ўкараняюцца ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі, перапрацоўцы, паказчыкамі і дасягненнямі не забываецца, што аснова асноў, пачатак і працяг усяго – чалавек працы, людзі, якія шчыравалі раней, і сёння паспяхова і добрасумленна з дня ў дзень працуюць на палях, фермах, у вытворчых майстэрнях, заводскіх цэхах, складаюць планы, прагназуюць.

Лепшыя хлебаробы, жывёлаводы, механізатары, завадчане, ветэраны галіны, спецыялісты і кіраўнікі сельгасарганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў АПК сабраліся ў гарадскім Доме культуры на свята-ўшанаванне «Багаты наш край працавітымі людзьмі». Было шматлюдна і ўрачыста. Госці з задавальненнем аглядалі выставы, дэгуставалі прадукцыю малочнага і кансервавага заводаў, кааппрама. Тавары ўласнай вытворчасці і Аршанскага льнокамбіната прапанаваў ільнозавод.
Па добрай традыцыі свята-ўшанаванне пачалося з уручэння каравая новага ўраджаю кіраўніку раёна Мікалаю Марозу. А далей адбылася падзея асаблівай важнасці і вартасці – прэзентацыя Кнігі ганаровых грамадзян Ляхавіцкага раёна. Такое званне –  вышэйшая ступень удзячнасці жыхароў Ляхавіччыны. І па праве быць першым Ганаровым грамадзянінам Ляхавіччыны ўдастоены Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, колішні старшыня СВК «Ляхавіцкі», які ўзначальваў гаспадарку больш за 40 гадоў, – Аляксандр Вітко.


Якая ж шчымлівая атрымалася цырымонія! Пад апладысменты прысутных Аляксандру Вітко ўручаны дыплом аб прысваенні звання
«Ганаровы грамадзянін Ляхавіцкага раёна», адпаведныя пасведчанне і стужка. З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі да рупліўцаў ляхавіцкай зямлі звярнуўся старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Шчуплянкоў. Ён адзначыў, што на Брэстчыне ўпершыню ў гісторыі намалочана два мільёны тон збожа, сабрана 1,2 мільёна тон цукровых буракоў, надоі на карову выраслі да 8,2 тысячы кілаграмаў, што істотна вышэй мінулагодніх вынікаў. І ў гэтым заслуга ў тым ліку ляхавіцкіх хлебаробаў і жывёлаводаў. Анатолій Шчуплянкоў уручыў узнагароды пераможцам штогадовых абласных спаборніцтваў сярод сельгаспрадпрыемстваў, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў у 2025 годзе – СУП «Ліпнянка» (па вытворчасці алейнага насення рапсу) і ЗАТ «Белпрампрыбор» (па нарыхтоўцы травяных кармоў). Таксама на святочную сцэну падымаліся прадстаўнікі райсельгасхарчу, сельгасарганізацый, якія адзначаны Падзякамі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Граматамі і Падзячнымі пісьмамі Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, іншымі ўзнагародамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.


Годам новых рэкордаў і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі назваў 2025 год старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз і падкрэсліў, што ў Ляхавіччыны аграрнай ёсць усё неабходнае для яшчэ больш важкіх вынікаў і для таго, каб задзейнічаць патэнцыял на поўную моц. Кіраўнік раёна ўручыў узнагароды райвыканкама перадавікам, а таксама дыпломы пераможцам раённага спаборніцтва.
Пад музычны акампанемент узнагароды атрымлівалі і ўладальнікі другіх месцаў у раённым спаборніцтве. Іх і ўсіх прысутных віншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які ўручыў працавітым землякам таксама ўзнагароды райсавета.
Пра сёлетнія рэаліі і перспектывы росту гаварыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык. Ён таксама ўручыў узнагароды перадавікам.
Віншавальна-ўшанавальную эстафету падхапілі прафсаюзны лідар аграрыяў Вольга Анікей і старшыня Ляхавіцкага раённага аграпрамысловага саюза Андрэй Коктыш.
Каторы год запар свой прыз уручае на свяце аграрыяў і «Ляхавіцкі веснік». Сёлета яго ўладальнікам стаў адзін з лідараў жніва-2025 механізатар ААТ «Шлях новы» Андрэй Юруць, які найбольш часта «свяціўся» на старонках «ЛВ» і ў сацыяльных сетках.
На свяце было нямала хвалююча-прыемных момантаў, сярод якіх віншаванні ад самадзейных артыстаў Ляхавіччыны і творчых калек-
тываў Клецкага раённага Цэнтра культуры.
Сімвалічна, што радасць свята з сённяшнімі сельгасвытворцамі раздзялілі іх патэнцыяльныя пераемнікі – навучэнцы агракаледжа і аграрнай групы гімназіі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Пераможцы абласнога спаборніцтва
●за дасягненне высокіх паказчыкаў па нарыхтоўцы травяных кармоў сярод сельгасарганізацый: другое месца – у ЗАТ «Белпрампрыбор»;
●за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці алейнага насення рапсу сярод сельгасарганізацый: другое месца – СУП «Ліпнянка».