Са святам, капітаны зямлі! Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні расказаў, на чым і кім грунтуецца харчовая бяспека
Пяцігодка якасці для аграрыяў Ляхавіччыны абяцае атрымацца даволі якаснай і дастаткова высакаколькаснай
Напярэдадні прафесійнага свята «капітанаў зямлі» – работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык расказаў, на чым і кім грунтуецца харчовая бяспека, што дапамагло аграрыям раёна выйсці пераможцамі ў супрацьстаянні з вельмі няпростымі ўмовамі надвор’я бягучага года, якія пытанні сталі драйверамі развіцця сельскай гаспадаркі Ляхавічыны. Але пачаў Васілій Мікалаевіч з віншаванняў тым, у каго «рукі растуць ад зямлі».

– На даны момант колькасць занятых у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна складае больш за 1 600 чалавек. І хоць прадстаўляюць яны самыя розныя прафесіі, аксіёмай успрымаецца той факт, што абсалютная большасць з іх з’яўляецца спецыялістамі сваёй справы. А многія – спецыялістамі з вялікай літары. Без самадысцыпліны, свядомага і адказнага стаўлення да зямлі, прафесіяналізму ў выкананні сваёй ролі на ёй не можа быць выніковасці. Напрыклад, ад сельскага механізатара сёння патрабуецца валодаць элементамі інжынернай падрыхтоўкі, а сучасная даярка – аператар машыннага даення – гэта яшчэ крыху і ветэрынар, і заатэхнік, і ў нейкім сэнсе нават арганізатар вытворчасці на асобнай з фермаў. І гэты параўнальна-дапаўняльны пералік можна было б працягваць. Усіх нашых «сяльгаснікаў» шчыра віншую са святам.
Жадаю здароўя, багацця, верыць у сябе, уласныя сілы і магчы-
масці, аптымізму і ўдачы! Разам мы можам і зможам многае!
Многія з работнікаў галіны сустрэнуць прафесійнае свята на працоўным месцы. У гэтым адна з асаблівасцяў нашай работы. Жывёла патрабуе штогадзіннай клапатлівай увагі, а, нягледзячы на сваё фактычнае завяршэнне, раслінаводчы сезон працягваецца і ў лістападзе.
Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў асноўным яе аб’ёме ў раёне ажыццяўляюць дзевяць арганізацый рознай формы ўласнасці. Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Ляхавіцкі», адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Жарабковічы», «Шлях новы» і «Нача», сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы «Белазем’е» і «Ліпнянка», закрытыя акцыянерныя таварыствы «Белпрампрыбор» і «Фораланд», таварыства з абмежаванай адказнасцю «Яблыневы Пасад». У якасці сыравіны для «загрузкі» ўласных перапрацоўчых магутнасцяў вырошчваннем некаторых відаў агародніны, збожжавых, ільну-даўгунцу займаюцца адпаведна ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», вытворчы ўчастак у аграгарадку Востраў ЗТАА «Белдан»,
філіял «Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстацыя» і ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
У раёне ажыццяўляе дзейнасць 21 фермерская гаспадарка.
За перыяд з пачатку бягучай пяцігодкі і па жнівень 2025 года вал сельгаспрадукцыі ў раёне вырас на 32 працэнты да ўзроўню 2020 года. У тым ліку ў жывёлагадоўлі – на 35 працэнтных пунктаў. За чатыры поўныя гады пяцігодкі сярэднегадавы ўдой на карову павялічыўся больш як на паўтары тоны, а па выніках 2025 года чакаецца выйсці па гэтым паказчыку на лічбу ў 7 тысяч кілаграмаў малака на кожную дойную жывёлу.
Падняліся мы і па паказчыку якасці: у бягучым годзе на перапрацоўку прадаецца амаль 73 працэнты экстра-малака. Для прыкладу, у 2020 годзе названы паказчык не складаў і 64 працэнты.
Вырасла за пяцігодку і пагалоўе буйной рагатай жывёлы ўвогуле і кароў у прыватнасці. А гэта і прадукцыя вырошчвання, і вал малака, і, адпаведна, новыя грашовыя паступленні на рахунак гаспадарак і ў асабістыя кашалькі іх працаўнікоў.
Лічу, што станоўчыя зрухі ў жывёлагадоўлі адбыліся, канешне ж, дзякуючы зладжанай, часам на мяжы магчымасцяў рабоце нашых працаўнікоў – і жывёлаводаў, і раслінаводчага цэха гаспадарак. Мае вагу шэраг «свежых» трэндаў у корманарыхтоўцы. Напрыклад, у 2021 годзе раён пачаў паступова, але настойліва працаваць на ніве вырошчвання люцэрны. Спачатку гэта былі нейкія сотні гектараў, засеяныя дзякуючы бюджэтнай падтрымцы. Сёння расліну з высокім утрыманнем бялковага кампанента вырошчваюць усе сельгасарганізацыі Ляхавічыны на плошчы больш за чатыры тысячы сумарных гектараў. Пры тым, што названую лічбу можна множыць на тры-чатыры. Іменна на столькі ўраджайных укосаў за адзін сезон яна здольна вырасці. А гэта – дзясяткі тысяч тон якаснага сенажу для жывёльных статкаў. І, адпаведна, малако і ялавічына.
Прыкладна тым жа часам датуецца і пачатак раённай гісторыі з плюшчэннем кукурузнага зерня. Першапраходцам і найбольш выніковым на сёння нарыхтоўшчыкам «кукурузных шматкоў» у раёне з’яўляецца ААТ «Шлях новы». Такога кшталту дапрацоўка вільготнага кукурузнага зерня каштуе танней, чым неабходная для складскога захоўвання дасушка. А выніковы вытворчы эфект можа быць і параўнальным.
Тое ж самае можна сказаць і пра азімы ячмень. У мінулай пяцігодцы збожжавай культурай займаліся лічаныя сельгасарганізацыі нашага раёна. А ўжо на старце бягучай мы сталі інтэнсіфікаваць яго пасеў, вырошчванне і ўборку. Культура паказвае добрую ўраджайнасць, дае гаспадаркам ранняе збожжа і неабходную ў жывёлагадоўлі салому, можа быць палігонам для выпрабавання на сезонную гатоўнасць камбайнаў. А яшчэ палі з-пад азімага ячменю ўяўляюць цікавасць з пазіцыі наступнай сяўбы азімага рапсу. Адпавядаюць правілам севазвароту, ёсць час падрыхтаваць іх пад параўнальна раннюю сяўбу рапсу.
Аграрны комплекс раёна моцны дынамікай свайго развіцця. Набываецца новая, як правіла, айчынная тэхніка, будуюцца, уводзяцца ў строй новыя малочнатаварныя комплексы, практычна на ўсім пяцігадовым адрэзку часу праводзіцца «новая»
газіфікацыя вёсак і аграгарадкоў.
Дарэчы, многія з іх палепшылі свой знешні выгляд, сацыяльна-
бытавы функцыянал у ходзе падрыхтоўкі да правядзення раённага
свята ўраджаю «Дажынкі». Можна ўзгадаць Тальмінавічы, Начу, Галаўнінцы, Русінавічы-2025. І многае з пералічанага – дзякуючы
працы нашых «капітанаў зямлі».
Падрыхтаваў Іван КАВАЛЕНКА.

