Фінішныя пракосы. У Ляхавіцкім раёне завяршаецца стартавая ў бягучым сезоне касьба шматгадовых траў

У Ляхавіцкім раёне завяршаецца стартавая ў бягучым сезоне касьба шматгадовых траў. Раённыя аграрыі прадэманстравалі дастаткова тэмпавы ход па касавічнай дыстанцыі, а аб’ёмы закладак выгадна адрозніваюцца ад такіх жа прамежкавых вынікаў мінулага года.

Але ж праўда і ў тым, што прымаць за прыклад першую касавіцу 2025 года ніяк не выпадае. Памятаем і тую вясну, і яе тэмпературны фон, і ўраджайную беднасць леташніх «першазялёных» шматгадовых угоддзяў. Аднак травы гэтага года перавысілі свой мінулагодні рост не асабліва, маглі б падняцца і больш шчодра.

Па стане на 10 чэрвеня, раённы працэнт першай скошанасці траў некалькі перасягнуў 90 пунктаў. З планавых дзевяці тысяч гектараў зялёных угоддзяў засталося скасіць менш за тысячу. Згодна з аператыўнай інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, некаторыя гаспадаркі выйшлі на 95, 97, 98 працэнтных пунктаў. Сярод рупліўцаў корманарыхтоўчай кампаніі значацца

СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача», «Шлях новы» і, канешне ж,
«Жарабковічы», якія ўсё, што належала, ужо скасілі. Але ж уборка, ці, дакладней будзе сказаць, даўборка скошанага працягваецца.
Пра актыўнасць на сенажаці можна меркаваць па маштабах задзейнічанай у працэсе сельскагаспадарчай тэхнікі і персаналу корманарыхтоўшчыкаў. На палетках можна было заўважыць у рабоце дзве адзінкі грабляў-валкавальнікаў, столькі ж трактароў з прычэпамі для дастаўкі да месца складзіравання сянажных прэс-рулонаў. Пагрузку-разгрузку апошніх ажыццяўлялі «Амкадоры».
Тое, што сабраная ў прэс-рулоны, шчыльна і герметычна ўпакаваная ў белую поліэтыленавую абгортку сянажная маса абавязана праз тыдні стаць якасным сянажным кормам, з’яўляецца вядомым фактам. Канешне, пры ўмове ашчаднага выканання тэхналогіі на кожным этапе нарыхтоўкі. Важна ўсё. У тым ліку ступень падвяльвання скошанай травы, абсалютная герметычнасць упакоўкі прэс-рулонаў і іншыя корманарыхтоўчыя нюансы. Напрыклад, у «Жарабковічах» на пляцоўцы складзіравання гатовых рулонаў «дзяжурыць» спецыльна падрыхтаваны чалавек, у абавязкі якога ўваходзіць, у тым ліку, і недапушчэнне ў штабель рулонаў з пашкоджанай поліэтыленавай абгорткай. На этапе пагрузкі-разгрузкі, транспарціроўкі апошніх такое часам здараецца.

З мэтай ухілення такога кшталту праколаў у рабоце прадугледжана спецыяльная клейкая стужка.
На вяршыні данай тэхналогіі корманарыхтоўкі знаходзіцца прэс-падборшчык-абмотчык рулонны. Машыністам ППАР у «Жарабковічах» пастаўлены механізатар Андрэй Дзянішчык.
– Як толькі спадзе ранішняя раса, мы з прэсам ужо на сенажаці. У спрыяльныя ў плане надвор’я дні работа можа працягвацца да самых прыцемкаў. Імкнёмся не губляць ні хвіліны працоўнага часу, зрабіць для корманарыхтоўкі як мага больш. І, што не сакрэт, адпаведным чынам зарабіць. Для сябе і сваёй сям’і, –
коратка і ёміста адрапартаваў Андрэй Дзянішчык.

Адзначым, што ў гаспадарцы нарыхтавана больш за пяць цэнтнераў кармавых адзінак травяністага корму на адну ўмоўную галаву. У раёне гэта лічба набліжаецца да пяці адзінак. Мае месца дастаткова значнае перавышэнне ўзроўняў на аналагічную дату мінулага года.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.