Юбілей пачынаецца ў студзені. У мінулую пятніцу Ляхавіцкі раён урачыста адзначыў 75-гадовы юбілей /фота/

Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч сустрэліся ў фае ГДК з былым дырэктарам племзавода «Нача» Міхаілам Варановічам.

У мінулую пятніцу было па-сапраўднаму цёпла. І не толькі таму, што слупок тэрмометра паказваў плюс, але і ад адчування свята – наш раён адзначаў чарговы юбілей. Землякі з усіх куткоў Ляхавіччыны, а таксама госці спяшаліся ў гарадскі Дом культуры, дзе і адбыўся ўрачысты сход гаспадарчага актыву, прысвечаны 75-годдзю ўтварэння Ляхавіцкага раёна. Узаемныя віншаванні, сяброўскі поціск рук, шчырыя ўсмешкі, музыка, узнёслы настрой і ўспаміны, успаміны, успаміны – такая атмасфера панавала навокал.

Сярод ганаровых гасцей, якія прыехалі павіншаваць ляхавічан, – намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Ляхавіцкай выбарчай акрузе №44 Уладзімір Махнач, прадстаўнікі Ганцавіцкага, Нясвіжскага, Клецкага і Баранавіцкага раёнаў, горада Баранавічы, дэлегацыя Лэнчыцкага павета Польшчы.

Фанфары абвясцілі пачатак сходу. Выступленне старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча было асаблівым — гэта нібы экскурс у 75-гадовую гісторыю, за якой здабыткі і дасягненні народнай гаспадаркі, веліч Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, мірнае будаўніцтва і аснова асноў – людзі: тыя, хто сеяў хлеб, вырошчваў бульбу і лён, перапрацоўваў малако і раслінаводчую прадукцыю, стаяў ля станкоў на заводах, вучыў і выхоўваў дзяцей, лячыў землякоў.

Словы асаблівай удзячнасці і пашаны кіраўнік раёна адрасаваў шаноўным ветэранам вайны, усім, хто абараняў свабоду і незалежнасць краіны.

Вячаслаў Сельмановіч спыніўся і на асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыках развіцця нашага раёна. У прыватнасці, адзначыў, што аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі на Ляхавіччыне ўзрос з 10 мільярдаў рублёў у 2000 годзе да 500 мільярдаў у 2014 годзе. Апошнім часам амаль на ўсіх прадпрыемствах праведзены тэхнічнае пераўзбраенне, рэканструкцыя і мадэрнізацыя, створаны новыя вытворчасці і працоўныя месцы, пашыраны пералік выпускаемай прадукцыі. Сярод прадпрыемстваў-флагманаў – СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” (дырэктар Вячаслаў Жукоўскі), ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод” (Леанід Лейчанка), ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” (Дзмітрый Скакун), ААТ “Торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі” (Міхаіл Хаміцэвіч), ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас” (Генадзій Маліхтаровіч), ТАА “Трансэлектракамплект” (Генадзій Сакуць). За апошнія 5 гадоў экспарт паслуг павялічыўся ў 4 разы, экспарт тавараў з менш чым 2 мільёнаў долараў у 2000 годзе ўзрос да 24 мільёнаў долараў у 2013 годзе.

Ёсць што абмеркаваць былым і сённяшнім кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў Барысу Войціку, Аляксандру Вітко, Валянціну Сапуну, Уладзіміру Саладуху, Вячаславу Жукоўскаму, Віталію Бусько, Віктару Каселю.

Ляхавіцкі раён – аграрны, таму ад развіцця сельскай гаспадаркі ў многім залежаць і эканамічныя паказчыкі, і дабрабыт працаўнікоў. Аграрны сектар раёна сёння – 10 сельгаспрадпрыемстваў рознай формы ўласнасці і 18 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Прадукцыйнасць працы за апошнія 5 гадоў павялічылася ў 2,5 раза. За 2014 год тэмп росту валавой прадукцыі склаў 107,2 працэнта да ўзроўню 2013 года. У мінулым годзе палепшаны паказчыкі года папярэдняга па валавых зборах збожжа і зернебабовых культур, рапсу, бульбы, цукровых буракоў, ільновалакна. Разам з ураджайнасцю, надоямі і прывагамі расце і заработная плата вяскоўцаў: сярэднямесячная ў цэлым па сельгасарганізацыях за 11 месяцаў 2014 года склала 4513 тысяч рублёў, у СВК “Ляхавіцкі” – 5906 тысяч рублёў, “Шлях новы” – 5118 тысяч рублёў, ”Жарабковічы” — 5045 тысяч рублёў.

Старшыня райвыканкама прыгадаў пра развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі. Выступленне суправаджалася слайдамі.

З цікавасцю прысутныя паглядзелі фільм пра Ляхавіччыну “Развіццё. Дасягненні. Магчымасці”. Напэўна, абыякавых у зале не засталося: за некалькі дзясяткаў хвілін нібы вярнуліся ў часы Вялікага Княства Літоўскага, даваенныя і пасляваенныя гады, пабывалі на перадавых прадпрыемствах раёна, пазнаёміліся з мясцовымі адукацыяй, аховай здароўя, культурай і зноў пераканаліся, якімі добраўпарадкаванымі з кожным годам становяцца горад, аграгарадкі і вёскі. Прыемна было ўбачыць на экране землякоў, якія славілі і славяць Ляхавіччыну сваёй нястомнай працай, творчымі здабыткамі.

З юбілеем Ляхавіччыну і ляхавічан вітаюць дэлегацыі раёнаў-суседзяў.

У 2015-ым не толькі Ляхавіччына святкуе 75-годдзе. Віншавальныя словы і пажаданні росквіту, плённай працы і дабрабыту адрасаваліся і гасцям з раёнаў-юбіляраў — Ганцавіцкага, Нясвіжскага, Клецкага, Баранавіцкага, горада Баранавічы.

“Дарагія землякі” — так звярнуўся да прысутных намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык. І шчыра прызнаўся:

– Калі прыязджаеш на тую зямлю, дзе нарадзіўся, вырас, вучыўся, дзе рабіў першыя крокі ў самастойнае дарослае жыццё, калі ведаеш многіх людзей у твар, калі кожнае прозвішча ўспрымаецца як роднае, — разумееш: ты на сваёй радзіме.

Разам з віншаваннямі ад абласнога выканаўчага камітэта і пажаданнямі новых працоўных поспехаў і дасягненняў Леанід Цупрык уручыў граматы Брэсцкага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна і ў сувязі з 75-годдзем з дня заснавання раёна дырэктару КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандру Мядзвецкаму, кіраўніку народнага ансамбля народнай музыкі “Народныя музыкі” ГДК Эдуарду Сіліцкаму, а таксама граматы абласнога Савета дэпутатаў урачу-хірургу Ляхавіцкай ЦРБ Сяргею Бяляеву, работніцы аграпрамысловага сектара раёна ў перыяд з 1972 па 2012 гады Ніне Дземаковай, дырэктару СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” Вячаславу Жукоўскаму, начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Ірыне Маляр. Граматай аблвыканкама ўзнагароджаны таксама ўрач-тэрапеўт Крывошынскай участковай бальніцы Васілій Рамашка.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка, Рыгор Логвін і Іван Вялічка.

У юбілей раёна Ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама лепшым з лепшых прадстаўнікам розных прафесій уручыў Вячаслаў Сельмановіч.

Пераходныя Ганаровыя Сцягі за дасягнутыя высокія паказчыкі па вытворчасці збожжа, алейнага насення рапсу, бульбы, рэалізацыі малака і мяса атрымаў СВК “Ляхавіцкі”, па вытворчасці цукровых буракоў – СВК “Шлях новы”. Віталі і пераможцаў раённай спартакіяды працоўных калектываў: СВК “Жарабковічы”, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел па надзвычайных сітуацыях.

З 75-гадовым юбілеем шчыра віншаваў землякоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса ўручыў граматы і падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў.

А ў зале зноў гучала музыка. Калектывы мастацкай самадзейнасці Ляхавіччыны і суседніх Баранавічаў дасылалі ўсім творчыя віншаванні. Прадстаўнічай была і выстава народных умельцаў. Феерычным атрымаўся фінальны акорд – музычная кампазіцыя “Свята” ў суправаджэнні салюта з канфеці.

Юбілейны год прадаўжаецца, і наперадзе яшчэ не адна святочная сустрэча. Дзень нараджэння, які для раёна пачаўся ў студзені, прадоўжыцца ўвесь гэты год.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык і протаіерэй Георгій Жытко, настаяцель цэркваў Ляхавіцкай акругі

Узнагароды атрымалі былы першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Юрлевіч і ўрач-хірург райбальніцы Сяргей Бяляеў.

Святочны настрой панаваў і на вуліцах горада

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Лойка і былы намеснік старшыні райвыканкама Соф’я Трубілка.

Начальнік транспартнага цэха торфабрыкетнага завода «Ляхавіцкі» Валерый Ходас, прадавец райпо Ларыса Салодкая і вадзіцель філіяла «Кааптранс» райпо Леанід Плескацэвіч.

У зале абыякавых не было.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *