Ад тэорыі да практыкі. Педкалектывы школ і дзіцячых садоў Ляхавіцкага раёна папоўнілі сёлета 14 маладых спецыялістаў
Педкалектывы школ і дзіцячых садоў раёна папоўнілі сёлета 14 маладых спецыялістаў, з якіх сем – мясцовыя і сваю працоўную прафесійную біяграфію пачалі на малой радзіме.

Ляхавічанін Міхаіл Грыцук з дыпломам Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка вярнуўся ў СШ № 2 настаўнікам фізікі і інфарматыкі. Міхаіл задаволены, што будзе вучыць сваіх юных землякоў, падкрэслівае, што хоць пакуль нязвыкла быць калегам тых, хто яшчэ нядаўна ставіў табе адзнакі, але працаваць сярод сваіх педагогаў вельмі прыемна і ў той жа час адказна.
– Мая настаўніца фізікі Тамара Платонаўна будзе маім куратарам. Яе ўрокі і парады для мяне вельмі каштоўныя, – дзеліцца малады спецыяліст. Ён марыць, каб навучэнцы пераканаліся, што фізіка – гэта не сумныя формулы, а тое, як працуе смартфон ці чаму грэе мікрахвалёўка. Тады вучэбны прадмет не будзе складаным і незразумелым, адзначае Міхаіл Грыцук.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік расказвае, што не часта ў раён прыходзяць маладыя спецыялісты – настаўнікі фізікі. І такое кадравае папаўненне вельмі актуальнае. Як і Міхаіл, па мэтавым накіраванні навучалася ў Лідскім каледжы выхавальнік дзіцячага сада № 3 Соф’я Шчэрба. Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі пералічвае плюсы мэтавага накіравання, сярод якіх гарантаванае месца працы. І заключэнне мэтавых дагавораў з аддзелам па адукацыі становіцца даволі папулярным. Сёлета, напрыклад, заключана пяць дагавораў на мэтавую падрыхтоўку, і ўсе абітурыенты паступілі: тры з іх пасля адзінаццатага класа і два – пасля дзявятага.
Дарэчы, у СШ № 2 разам з настаўнікам фізікі і інфарматыкі прыступілі да працы і тры педагогі пачатковых класаў. Два з іх – Мар’я Лукашэвіч і Карына Атраднава – прыйшлі ўжо ў знаёмы калектыў, бо мінулы навучальны год падчас навучання ў БарДУ працавалі ў СШ № 2. Разам з імі ў педкалектыў прыйшла і выпускніца СШ № 1 Дар’я Козел, якая ў СШ № 2 таксама будзе вучыць
пачаткоўцаў добраму і разумнаму.
У СШ № 1 сярод маладога папаўнення і два настаўнікі фізкультуры – ураджэнцы Ляхавіччыны – Уладзіслаў Курыловіч і Карына Валынец. Замежнай мове тут будуць вучыць выпускнікі БарДУ Надзея
Сей і Крысціна Здановіч. Крысціна ў СШ № 1 ужо свая, бо 2024/2025 навучальны год, нягледзячы на статус студэнта, вяла тут урокі англійскай і нямецкай мовы. Нават пажадала даць адкрыты ўрок і прадэманстраваць, як размаўляюць на замежнай мове яе пачаткоўцы. І вопытныя калегі высока ацанілі настаўніцкае майстэрства Крысціны. У прафесійнай дзейнасці яна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, штучны інтэлект, з дапамогай якога складае гульні, тэсты, рабочыя лісты, запісвае аўдыядарожкі, што дапамагаюць наблізіць вымаўленне дзяцей да носьбітаў мовы. Крысціна – былая навучэнка педкласа і ў 2019 годзе атрымала дыплом I ступені на III рэспубліканскім конкурсе творчых работ «Я выбіраю прафесію», дзе пісала эсэ на англійскай мове.
– Жадаю зрабіць свой прадмет цікавым і практыкаарыентаваным. Магчыма, менавіта мае ўрокі дапамогуць навучэнцам выбраць будучую прафесію. Зараз у прафесійным жыцці мяне суправаджае куратар і настаўнік Алена Якубец, якая шчодра дзеліцца сваім вопытам, – падкрэслівае малады спецыяліст.

У Навасёлкаўскую СШ імя Г. Ф. Нагорнага на сваё першае працоўнае месца прыйшла педагог сацыяльны Валерыя Рацэвіч. Валерыя ў гэтай школе са снежня і паспела пазнаёміцца з калегамі і выхаванцамі падчас навучання ў БарДУ. Малады спецыяліст адзначае, што ў калектыве яе падтрымліваюць, а ёй пашанцавала, што яе настаўнікам на два гады стала намеснік дырэктара Жанна Несцяровіч. Прыкладам педагога сацыяльнага лічыць Вікторыю Біза з СШ № 1, даверлівыя адносіны якой з дзецьмі бачыла падчас вучобы ў СШ № 1.
Для маладых спецыялістаў прадугледжана нямала бонусаў, каб кожны з іх адчуваў сябе ўпэўнена і камфортна на працоўным месцы і не імкнуўся праз час яго змяніць. Тут прыбаўка да зарплаты, дадатковыя дні да водпуску, аднаразовая грашовая дапамога ў сувязі з пераездам на працу ў іншую мясцовасць і іншае. Тым, хто здымае кватэру па дагаворы найму, прадугледжана частковая кампенсацыя выдаткаў.
Толькі працуй – творча і зацікаўлена!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

