Дажыначны размах – ураджайна шырокі! Гэта пра раённае свята працаўнікоў вёскі, якое сёлета прымалі такія прыгожыя Русінавічы Ляхавіцкага раёна!
●Гэта пра раённае свята працаўнікоў вёскі, якое сёлета прымалі такія прыгожыя Русінавічы! А гэта лакацыя ў дзень жніўнай падзеі літаральна ззяла ад святочнасці – якія яны сёння іншыя, нашы хлебаробы. Пасуюць такім дарагім гасцям дзелавыя касцюмы і карпаратыўныя дэталі да стылю!

Нібы па чырвонай дарожцы, рушаць у складзе сваіх дэлегацый галоўныя героі жніва – тыя, хто набліжаў гэты дзень да стапрацэнтнага ўборачнага выніку! І вось час яго падвесці, падарыць апладысменты і словы пашаны кожнаму, хто стаў часткай жніва, канешне, уславіць тых, хто ствараў рэкордныя сюжэты, хто ў топе жніўнага рэйтынгу, час на некалькі імгненняў адпачыць і далей рушыць па сельскагаспадарчым раскладзе.
Заўжды заварожвае і кранае, калі шэсце дэлегацый сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый святочна адкрывае дажыначны дзень. Сімвалічныя хвіліны, каб пачуць каманду «Уборка завяршылася!». У мінулым засталіся тыя спякотныя дні канкурэнтнай барацьбы, штодзённая інтрыга, хто сёння ўзначальвае ўборачны чарт, разам з тым хваляванні за ўраджай. Вітаюць госці свята гэтых прыгожых людзей – яны нясуць дабрабыт і шчасце ў дом кожнага беларуса!

… І вось загуло-зашумела – гэта пачынаецца парад сельгастэхнікі, якая дапамагала нашым хлебаробам ісці на вынік, якая не падводзіла ў прафесійных руках механізатараў, якая сёння тут – таксама частка імпрэзы.
Святочны канцэрт пачынаецца жніўнай песняй, хлебам-соллю, віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі.
– Мы ганарымся нашымі працавітымі людзьмі і іх дасягненнямі. Гонар за Брэстчыну: Першы рэгіён атрымаў рэкордны ўраджай збожжа – 1,5 мільёна тон. Ляхавіччына таксама апошнія гады трымае планку добрых вынікаў. І з кожным годам адкрываюцца новыя кропкі росту – нам ёсць куды імкнуцца. Дзякуй за працу! – адзначыў генеральны дырэктар абласнога камунальнага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства «Брэстаблаграсэрвіс» Уладзімір Махнач. Ён таксама зачытаў прывітальныя адрасы старшыні аблвыканкама Пятра Пархомчыка і кіраўніка абласной прафсаюзнай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Саланевіча.
– Сёлета мы атрымалі ўраджай вагой больш за 75 ты-
сяч тон збожжа, гэта на
4,5 тысячы больш за мінулы год. І гэта заслуга кожнага з вас. Самая высокая сярэдняя ўраджайнасць па вобласці – у Ляхавіцкім раёне – 53,3 цэнтнера з гектара. Самая высокая сярэдняя ўраджайнасць
сярод гаспадарак Брэстчыны – у ААТ «Шлях новы» – 77,4, а асобныя палеткі з яравым ячменем у гэтай гаспадарцы далі вынік – 86,3 цэнтнера з гектара. У ААТ «Нача» таксама важкі рэзультат –
61,6 цэнтнера з гектара. І гэта немагчыма без вас, паважаныя хлебаробы, – сказаў старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай
Мароз.
На сцэну запрашаюцца яны – пераможцы раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Сёлета ўборачны рэйтынг узначальвае ААТ «Нача». Гаспадарка атрымала вынік у 7 514 тон збожжа. Другая прыступка – у ААТ «Шлях новы», трэцяя – у ЗАТ «Белпрампрыбор».
Шмат цёплых слоў аграрыям адрасаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Георгій Хлябовіч. А таксама перадаў Падзяку Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кіраўніку раёна Мікалаю Марозу.

І вось на сцэне – уладальнікі другой прэміі раённага спаборніцтва. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч віншуе кожнага з такім ураджайным святам, ён адзначыў, што для таго, каб гэты дзень прымераў такі прыгожы ўбор, стараліся ўсе службы, кіраўніцтва раёна і сельгаспрадпрыемстваў, нераўнадушныя землякі. Давайце гэта шанаваць!
Апладысменты бронзавым прызёрам жніўнага спаборніцтва.
– Гэта быў няпросты сезон для аграрыяў. Надвор’е рыхтавала сюрпрызы літаральна кожны дзень. Але мы разумелі, што можам выйсці на добры вынік пры любых умовах, што і прадэманстравалі. А гэта камандная работа. Чарговы сельгасэтап у мінулым, наперадзе шмат работы і новыя рэкорды! – павіншаваў са святам першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Віншаванні працягваліся, узнагароды знаходзілі сваіх герояў. Жніўную эстафету перанялі старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Анікей і раённага аграпрамысловага саюза Андрэй
Коктыш.
«Дажынкі» заўжды напоўнены прыемнымі сюрпрызамі, конкур-
самі і фестывалямі. І сёлетнія не выключэнне. Маршруты да святочных Русінавіч былі ўпрыгожаны крэатывам работнікаў нашых гаспадарак – саламяныя фігуры з году ў год становяцца пляцоўкай для фотазоны ляхавічан, збіраюць нямала водгукаў у сацыяльных сетках. А на дажыначным свяце вызначаюць лепшых. У конкурсе «Лепшая саламяная фігура» кожная гаспадарка была адзначана за свой унікальны падыход да стварэння саламянай кампазіцыі. Яшчэ адзін конкурс «Самая арыгінальная малая архітэктурная форма» падарыў сталіцы сёлетніх «Дажынак» ноткі стыльнасці і прыгожай зручнасці. А самым смачным дэкорам жніўнай падзеі
сталі непаўторныя караваі, якімі пасля частаваліся госці свята. У тэлеграм-канале раёнкі галасавалі землякі і за лепшую саламяную фігуру, і за малую архітэктурную форму, і, канешне, за каравай. Заваяваць сэрцы падпісчыкаў ва ўсіх гэтых намінацыях
атрымалася ў ААТ «Шлях новы».
А вось прафсаюзы разгарнулі нежартоўную кулінарную бітву – гастранамічны фэст «Прафсаюзны блінапёк» вызначыў тых, у каго атрымалася стварыць самы смачны кулінарны шэдэўр. А атрымалася супер-смачна ва ўсіх – гэта пацвердзяць землякі, якія дэгуставалі і ацэньвалі кулінарныя здольнасці ўдзельнікаў.
Канкурэнцыя зашкальвала і падчас конкурсу падвор’яў! Што тут скажаш – умеюць нашы людзі смачна здзівіць, гасцінна сустрэць і пакінуць незабыўныя эмоцыі. У конкурсе падвор’яў дыплома лаўрэата ўдастоены Востраўскі сельсавет. Першае месца – у Жарабковіцкага, другое – у Крывошынскага, трэцяе – у Начаўскага сельсаветаў. Званне лаўрэата за лепшую страву «Гастранамічны брэнд падвор’я» атрымалі кулінары з Альхоўскага сельсавета. А вось кулінарнае першае месца заваяваў Навасёлкаўскі сельсавет, другое – Конькаўскі, трэцяе – Ганчароўскі.
Калі ў населены пункт прыходзяць «Дажынкі», разам з імі гаспадараць утульнасць, добраўпарадкаванне, камфорт. Шмат чаго абнавілася ў аграгарадку Русінавічы – дзякуй дзяржаўнай увазе і тым, хто ўвасабляў задуманае ў жыццё. Разам з тым і вяскоўцы не шкадавалі сіл, каб іх падворкі таксама ўпісаліся ў святочны дызайн.
Шыкоўным канцэртам і традыцыйнымі віншаваннямі сустракалі жыхароў Русінавічаў і Гаслаўшчыны «Люблю цябе, зямлі запаветны куток».
Ох і запалілі ўдзельнікі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Такіх зорак ляхавічане сустракалі ад душы – не шкадавалі сіл для танцаў, песень і апладысментаў! Мора эмоцый падарыла беларуская спявачка, уладальніца Гран-пры фестывалю «Славянскі базар» Ганна Трубяцкая.
Здаецца, у гэты дзень усё было напоўнена святочным інтэрактывам:
запрашала пляцоўка ад БРСМ, працаваў кірмаш народных умельцаў, колькі сюрпрызаў падрыхтавалі для землякоў райпо і камунгас.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Куды ж на наступны год запрасілі землякоў на «Дажынкі»?
Інтрыга прыгожа адкрылася падчас перадачы дажыначнага сцяга. Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко перадаў сцяг гаспадару «Дажынак-2026» дырэктару СУП «Ліпнянка» Мікалаю Брокару.
Да сустрэчы ў абноўленым Ліпску наступным летам! Так-так, Ліпск – новая сталіца ўраджайнага свята!

