Падарунак для адпачынку на свежым паветры. Ляхавіцкія камунальнікі перамагалі ў конкурсе кветкавых кампазіцый

Белаазёрск яшчэ рыхтуецца сустракаць гасцей абласнога свята ўраджаю «Дажынкі-2025», а ўжо вызначаюць пераможцаў некаторых спаборніцтваў

У мінулую пятніцу падведзены вынікі традыцыйнага пераддажыначнага конкурсу кветкавых кампазіцый. Сёлетні прымеркаваны да Году добраўпарадкавання.


Мноства прыгожых, эстэтычна аформленых кампазіцый з рознымі элементамі – такі цудоўны падарунак штогод атрымлівае дажыначная сталіца. Пастараліся 80 спецыялістаў з 16 прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі Брэстчыны, каб і Белаазёрск стаў яшчэ больш прыгожым і ўладкаваным. На працягу некалькіх дзён у межах конкурсу прафесійнага майстэрства сярод работнікаў зялёнага будаўніцтва камунальнікі з розных раёнаў вобласці стваралі сапраўдныя творы фларыстычнага мастацтва.
Вельмі старанна падбірала ідэю кампазіцыі, матэрыялы каманда, складзеная з работнікаў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Як заўжды, нашы землякі ставілі перад сабой задачу выступіць на выдатна і пакінуць пра Ляхавічы добры і прэзентабельны ўспамін. Варта нагадаць, што кампазіцыі Ляхавіцкага камунгаса неаднойчы перамагалі ў такім конкурсе кветкавых кампазіцый.
– Хацелася, каб у Год добраўпарадкавання ў Белаазёрску застаўся
не проста падарунак, а функцыянальны аб’ект. У нашай міні-гасцёўні можна адпачыць, лічы, у дамашняй абстаноўцы. Думаю, што яна прыйдзецца даспадобы і дарослым, і дзецям. Ідэю ўдалося ўвасобіць у жыццё дзякуючы каманднай рабоце. Выдатна папрацавалі рабочыя зялёнага будаўніцтва на чале з Аляксандрам Капузам, дапамагалі работнікі швейнага і сталярнага цэхаў, іншых падраздзяленняў камунгаса. Мы рады, што ў нас усё атрымалася, – расказвае майстар участка «Добраўпарадкаванне» Ляхавіцкага камунгаса Святлана Саласцеева.
Па выніках галасавання каманд-удзельніц нашы камунальнікі
раздзялілі з кобрынскімі калегамі першае месца.
Галіна КАНЬКО.