Пашпарты зарэгістраваны. Зіма паставіць адзнаку. У падрыхтоўцы да чарговага асенне-зімовага перыяду задзейнічаны арганізацыі і прадпрыемствы розных сфер дзейнасці Ляхавіцкага раёна

Цёплае надвор’е пачатку верасня дае пэўную фору для завяршэння падрыхтоўчых работ да пачатку ацяпляльнага сезона

– Па стане на 1 верасня ў Дзяржэнергагазнаглядзе зарэгістраваны ўсе 95 пашпартоў гатоўнасці (100 працэнтаў) спажыўцоў і 40 пашпартоў (таксама 100 працэнтаў) гатоўнасці цеплакрыніц, – канстатуе начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
У падрыхтоўцы да чарговага асенне-зімовага перыяду задзейнічаны арганізацыі і прадпрыемствы розных сфер дзейнасці. Па інфармацыі КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона праведзена на належным узроўні, што дазволіць забяспечыць устойлівую работу камунальных аб’ектаў, устаноў сацыяльна-культурнай сферы. Усе 25 камунгасаўскіх кацельняў гатовы да работы.
Значны ўчастак работ выканаў раён электрасетак. Капітальны рамонт паветраных ліній электраперадачы, 15 комплексных трансфарматарных падстанцый, дзевяці закрытых трансфарматарных падстанцый, замена кабельных ліній, рэканструкцыя электрычных сетак у Зарытаве і Ляхавічах – выкананае з запланаванага. Прадаўжаецца рэканструкцыя электрасетак у Малышах, Чвырах, Крывошыне, замена кабельных ліній у Ляхавічах, Ураджайнай, а таксама шасці мачтавых трансфарматарных падстанцый.
Ляхавіцкі раён газазабеспячэння ВУ «Баранавічыгаз» у планавым рэжыме праводзіць тэхнічныя мерапрыемствы, што гарантуюць надзейнае газазабеспячэнне спажыўцоў у зімовы перыяд. У прыватнасці, завершана мадэрнізацыя дзеючай газаразмеркавальнай сістэмы ў Ляхавічах, Востраве, Задвор’і. Ліквідавана сем сеткавых збудаванняў, якія адпрацавалі нарматыўны тэрмін. У Ляхавічах пракладзены газаправод працягласцю 250 метраў нізкага ціску для надзейнага энергазабеспячэння рэгіёна. Праведзена гідраўлічнае выпрабаванне шасці сасудаў рэзервуарных установак звадкаванага вуглевадароднага газу ў Гайнінцы і Галаўнінцах. Тэхнічна абследаваны 49 кіламетраў падземных газаправодаў для выяўлення няспраўнасцей. Ацэнены тэхнічны стан 15,6 кіламетра газаправодаў з тэрмінам службы 40 і больш гадоў, і атрыманы станоўчы вынік – дазвол для іх далейшай эксплуатацыі. Заменена 218 адзінак састарэлага газавага абсталявання за кошт сродкаў уласнікаў абсталявання. Спецыялісты раёна газазабеспячэння выканалі тэхнічнае абслугоўванне амаль 3 000 адзінак газавыкарыстоў-
ваючага абсталявання. У пастаяннай гатоўнасці работнікі аварыйна-дыспетчарскага ўчастка, каб аператыўна адрэагаваць на любую пазаштатную сітуацыю на аб’ектах газаразмеркавання і газаспажывання.
Ляхавіцкі лясгас прадаўжае выкананне задання, даведзенага аблвыканкамам па пастаўцы камунгасу паліва. Для гэтых мэт неабходна нарыхтаваць 13 тысяч кубаметраў дроў. Пакуль у наяўнасці палова запланаванага. Пры заданні 8 тысяч кубічных метраў шчапы факт – 0,42 тысячы кубічных метраў. Забеспячэнне паліўнай драўнінай насельніцтва раёна ажыццяўляецца адпаведна заяўкам грамадзян.
ДРБУ-200 абслугоўвае амаль 427 кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог і 182,1 кіламетра вуліц сельскіх населеных пунктаў. Для ўстойлівай работы ў халодны перыяд арганізацыя забяспечана неабходнай колькасцю тэхнікі – 26 адзінак. На пляцоўцы для захоўвання пясчана-салянай сумесі зараз у наяўнасці 342 тоны сумесі (гэта рэшткі з мінулага сезона). Неабходны запас у колькасці 3 200 тон, як запэўнілі ў ДРБУ-200, будзе нарыхтаваны да 15 кастрычніка. Таксама ствараюцца запас халоднага асфальтабетону для ямачнага рамонту ў халодны час года ў колькасці 25 тон, запас дызельнага паліва і бензіну.
Да ацяпляльнага сезона падрыхтаваны ўсе аб’екты сацыяльнай сферы – аховы здароўя, культуры, адукацыі і іншыя аб’екты.

– Усе праведзеныя мерапрыемствы дазволяць забяспечыць бесперапынны і безаварыйны рэжым работы інжынерных сістэм і будынкаў у халодны перыяд, папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з ацяпленнем, што, у сваю чаргу, з’яўляецца гарантам бяспекі і камфорту спажыўцоў цяпла, – падкрэсліла Марына Завадская.

Галіна КАНЬКО.