На шляху да творчасці. Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Ляхавічы пачынае новы творчы сезон

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пачынае новы творчы сезон. І ў чарговы раз больш за тысячу ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак адправяцца ў падарожжа па цікавым свеце мастацтва і культуры, інтэлектуальных гульняў і прыкладной творчасці, музыкі і праграмавання. І дзякуючы майстэрству і ўважлівасці, клопату і натхненню тутэйшых педагогаў падрастаючае пакаленне
будзе развіваць свае здольнасці і таленты, займаючыся
ў больш чым ста аб’яднаннях па інтарэсах.

Традыцыйна перад пачаткам навучальнага года ЦДАДіМ у межах рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праводзіць пазнавальна-забаўляльнае мерапрыемства. У мінулую суботу яно прайшло на плошчы Перамогі пад назвай «На шляху да поспеху». Арганізатары прапаноўвалі захапляльныя конкурсы, гульні, пазнавальныя іспыты, а яшчэ было шмат музычных і танцавальных нумароў. Педагогі праводзілі майстар-класы. А рабяты маглі паспрабаваць сябе ў лепцы і маляванні, вырабе разнастайных сувеніраў і запісацца ў тое ці іншае аб’яднанне. І жадаючых гэта зрабіць аказалася нямала. Што ж прапануе ЦДАДіМ і чаму тут цікава? «ЛВ» правёў тэматычнае апытанне.

Людміла ЮНІК, дырэктар ЦДАДіМ:
– Педагогі цэнтра з нецярпеннем чакалі новага навучальнага года. Мы пастаянна працуем над пашырэннем профіляў аб’яднанняў. Навінкі будуць абавязкова. Клапоцімся не толькі, каб развіваліся творчыя здольнасці дзяцей, значная роля надаецца выхаваўчай рабоце, патрыятычнаму выхаванню. Вучым нашых навучэнцаў сяброўству, павазе да старэйшых. У цэнтры ўвагі і арганізацыя вольнага часу дзяцей. Запрашаем рабят на заняткі ў нашы аб’яднанні. Прыходзьце – не пашкадуеце.

Марына БАРГАМОН, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Кветкавы дызайн»:
– На занятках мы вучымся ствараць прыгажосць. Размова ідзе пра кветкавыя аб’ёмныя кампазіцыі і кампазіцыі ў рамках, для стварэння якіх выкарыстоўваем самы разнастайны матэрыял. З гэтага навучальнага года ў нас навінка – пачнём рабіць пано з гіпсу. А яшчэ на занятках можна навучыцца сваімі рукамі майстраваць падарункі. І гэта будуць абавязкова арыгінальныя рэчы. Як вам букет з цукерак? Прыдумваем дызайн падарункаў да розных святаў. Жадаеце паспрабаваць сябе ў якасці майстра, калі ласка, чакаем усіх жадаючых запісацца ў «Кветкавы дызайн».

Марыя КАЛОША, 9 гадоў:
– Трэці год займаюся ў аб’яднанні па інтарэсах «Планета танцаў». Мы з дзяўчынкамі развучваем розныя танцы, а потым выступаем у канцэртных праграмах. Ужо многа дзе танцавалі, і нам апладзіравалі. Люблю ўсе пастаноўкі, але мой самы любімы нумар «Божая кароўка». Я тут знайшла новых сябровак, увогуле ў цэнтры цікава і дружна. Акрамя танцаў, яшчэ вучуся спяваць і займаюся ў дзіцячай школе мастацтваў.