Жнівеньскі плюс. Колькі гадоў самаму маладому жаніху і нявесце на Ляхавіччыне ў жніўні
У жніўні на Ляхавіччыне з’явіліся 12 новых жыхароў – сем дзяўчынак і пяць хлопчыкаў. У аддзеле загса райвыканкама выдадзена восем пасведчанняў аб нараджэнні, два такія дакументы бацькі атрымалі ў Навасёлкаўскім сельвыканкаме, па адным – у Востраўскім і Крывошынскім сельвыканкамах.
У жніўні папулярнасцю карысталася імя Аліна. Так сваіх нованароджаных дочак назвалі ў дзвюх сем’ях, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік. Адна з Алін нарадзілася з вагой 4 100 грамаў пры росце 56 сантыметраў!
Таксама бацькі выбралі сваім дзяўчынкам імёны Вера, Каталіна, Міраслава, Паліна і Яна. Хлопчыкам далі імёны Аляксей, Багдан, Уладзіслаў, Мірон і Платон.
Першае дзіця нарадзілася ў пяці сем’ях, другое – у чатырох,
трэцяе – у трох сем’ях.
Сярэдні ўзрост жнівеньскіх бацькоў – 30 гадоў. Самым юным бацькам у жніўні стаў 26-гадовы зямляк, маці – 24-гадовая. Сталі бацькамі 37-гадовы жыхар Ляхавіччыны, 44-гадовая зямлячка.
Пяць пар выбралі жнівень месяцам стварэння сям’і. Чатыры з іх шлюбную прысягу прынеслі ў святочнай зале аддзела загса райвыканкама ў райцэнтры, яшчэ адна пара атрымала першы сямейны дакумент у Конькаўскім сельвыканкаме. Сярэдні ўзрост жнівеньскага жаніха – 35 гадоў, нявесты – 34 гады. Самымі маладымі сталі 21-гадовы жаніх і 22-гадовая нявеста. Марш Мендэльсона
гучаў для 53-гадовага жаніха – грамадзяніна Расіі, а таксама для 55-гадовай нявесты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

