Разнажанравае падарожжа. Сёлетні святочны верасень запрасіў на традыцыйны «Кнігаварот на вуліцы Гагарына»
Сёлетні святочны верасень запрасіў на традыцыйны «Кнігаварот на вуліцы Гагарына» на мінулым тыдні і прапанаваў падарожжа па Чароўнай краіне, дзе жывуць кнігі розных жанраў. Каб атрымаць падарункі, у кожным з гарадоў хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі інтэлектуальныя квізы, гульні, віктарыны і, канешне,
казачныя героі.

Толькі ў Трыдзявятым царстве па Гагарына, 11 на адной лакацыі маглі сустрэцца Шапакляк, дзед з залатой рыбкай, Карлсан, Цар… Давялося паўспамінаць казкі і іх герояў, каб дапамагчы Шапакляк знайсці сабе сябра.
Уключыць логіку і стаць сапраўднымі следчымі прапанавалі на станцыі «Дэтэктыўныя гісторыі». Нэнсі Дру, Шэрлак Холмс і іншыя персанажы дэтэктыўных гісторый – тыя, кім пажадала стаць дзятва. Нягледзячы на ўзрост з міні-расследаваннем справіліся і знайшлі кнігу, якой не хапала на паліцы. Містычныя персанажы пагрузілі юных падарожнікаў у свет таямніц і магіі.
Станцыя «На грэбені хвалі» – гэта пра марскую тэматыку. Каб прайсці станцыю, рабілі караблікі і пускалі па імправізаваных хвалях. Як без станцыі з раманамі для юных летуценнікаў. Тут і віктарыны, і пазлы з любімымі персанажамі, размалёўкі, і самы сапраўдны Нязнайка. А з ім сумна не бывае!
Не спалохаць юных землякоў і інтэлектуальнымі пытаннямі. Годная змена падрастае на станцыі «Што? Дзе? Калі?». Зацікавіла рабят кніжная прапанова пра краіны, з якімі ў Беларусі нала-
джаны цесныя партнёрскія сувязі. А яшчэ разгуляліся, «наляталі» і навесяліліся на «Завулку сяброўства і свавольства».
На маршрутным лісце ўсё менш і менш станцый – падарожжа падыходзіць да лагічнага завяршэння. Калі ласка, атрымайце цукерку і падарунак. І, канешне, фотаздымак на памяць на тэматычнай фотазоне, якая нагадвала, што хутка свята – Дзень бібліятэк.
– Бібліятэка – гэта не пра цішыню і сум. Мы за інтарэс да кнігі, да гісторый, якія павінны ведаць нашы дзеці, і якія не павінны забыць дарослыя. Таму кожны год ствараем новыя і новыя лакацыі для сустрэчы. Шчыра прызнаюся, калі рыхтуемся да гэтай вераснёўскай сустрэчы, не заўважаем, як самі становімся больш шчаслівымі ад гэтага казачнага пагружэння ў кніжны свет. Таму наш «Кнігаварот» – гэта не толькі пра дзяцей, гэта магчымасць нагадаць кожнаму, што ўсе мы родам з дзяцінства. На душы цёпла, калі бачыш шчырыя вочы дзіцяці, якое толькі што загадала жаданне залатой рыбцы, чуеш залівісты смех ад свавольства з Нязнайкам ці ганаровае «У мяне атрымалася!» І гэтыя хвіліны яны не мараць пра смартфон ці камп’ютарныя гульні, шчасце ў простым – трымаць за руку
Чабурашку, стаць побач з героем «Зорных воінаў», узначаліць
марское падарожжа. Адрас кожны сезон застаецца тым жа –
Гагарына, 11 – а вось падарожжа заўжды новае. І мы гарантуем, што ні дзеці, ні дарослыя не пашкадуюць, – адзначыла дырэктар раённай ЦБС Вольга Пляшэвіч.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

