За чый кошт капрамонт? Адказ на гэта пытанне знайшоў «ЛВ» і знаёміць з ім чытачоў

Будучы ў Тухавічах, карэспандэнты «ЛВ» убачылі жыццесцвярджальную карціну. Дом № 6 па вуліцы Заводскай дачакаўся капітальнага рамонту.

Капітальны рамонт жылля – мара жыльцоў многіх «немаладых» шматкватэрнікаў. І паступова адзін за адным такія дамы ў Ляхавіцкім раёне атрымліваюць шанц амаладзіцца, абнавіць не толькі фасад, а і інжынерныя сеткі, іншае. У аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама расказалі, што сёлетняе гадавое заданне па капітальным рамонце жыллёвага фонду, даведзенае Ляхавіччыне, складае 5,5 тысячы квадратных метраў.
– Па стане на 10 верасня, у эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту ўведзена 3 900 квадратных метраў жылля. Гэта дом № 18
па вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры, дамы № 6 і № 10 па вуліцы Заводскай у Тухавічах. На падыходзе два гарадскія адрасы – дом № 3 па вуліцы Мінскай, № 9 па вуліцы Дзесюкевіча, а таксама дом № 3 па вуліцы Сонечнай у Дарава-Чыж. Асноўная крыніца фінансавання – раённы бюджэт. Плюс сродкі адлічэнняў насельніцтва на капітальны рамонт. Сёлета на капітальны рамонт зрасходавана 2 мільёны 300 тысяч рублёў з бюджэту і 930 тысяч рублёў – сродкі адлічэнняў насельніцтва, – расказвае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.
Дарэчы, у якасці адказу на пытанне, якое хвалюе многіх жыльцоў шматкватэрнікаў, куды ідуць нашы грошы, якія мы плацім на капітальны рамонт штомесяц, – толькі адна лічба.
За мінулы год адлічэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна на капітальны рамонт склалі 635 тысяч рублёў.

Галіна КАНЬКО.

ФАКТ

На правядзенне капітальнага рамонту ў шматкватэрных дамах сёлета ў Ляхавіцкім раёне зрасходавана 2 мільёны 300 тысяч рублёў з бюджэту і 930 тысяч рублёў са сродкаў, адлічаных насельніцтвам.