У абдымках лесу. Жывуць у Мыслабажы Ляхавіцкага раёна добразычлівыя і працавітыя людзі /фота/

У абдымках густога лесу раскінулася вёска Мыслабаж. Паходжанне назвы мясцовыя жыхары тлумачаць па-рознаму: хтосьці сцвярджае, што пайшла назва ад словаў “мыслі Божыя”, іншыя схіляюцца да думкі, што асновай паслужыла выказванне “мы слабыя ж”. Хаця ніколі мыслабажцы слабымі не былі. На зямлі прывыклі многа працаваць з малых гадоў, трымалі гаспадарку, гэтак жа заўзята і адпачывалі, і сябравалі.

Дом народнай творчасці – адна з адметнасцяў вёскі. Да 2006 года тут працаваў сельскі клуб. З таго часу змянілася не толькі шыльда. ДНТ для многіх мясцовых жыхароў стаў другім домам, у які беглі адразу пасля працы і прыходзілі сем’ямі. Колькі ён прыняў гасцей, згуляў вяселляў і адзначыў святаў!

Дырэктар культурнай установы Людміла Арлоўская – чалавек уважлівы, неабыякавы, добразычлівы і, канешне, творчы. Яе намаганнямі ДНТ ператварыўся ў сапраўдную скарбніцу. Экспанатаў тут – не падлічыць. Плюс багатая бібліятэка аўдыё- і відэазапісаў гульняў, паданняў, традыцый (дзевяты год вядзе Людміла Лявонаўна фальклорную экспедыцыю). Усё гэта багацце не толькі жыхары Мыслабажы, але і іншых вёсак перадалі ў Дом народнай творчасці: унікальныя старадаўнія рэчы – ложак, калыска, у якой некалі гушкалі дзіця, разнастайны посуд, вышываныя ручнікі і абрусы, прадметы побыту, жорны… Падобнымі аўтэнтычнымі экспанатамі не кожны краязнаўчы музей можа пахваліцца.

Каб рэчы маглі гаварыць, яны расказалі б шмат цікавага. Напрыклад, пра колішнюю майстрыху Софью Цімашок нагадвае бурка, якую яна шыла для мужа. Верхняе адзенне для мужчын жанчына рабіла з воўны, фарбавала вольхавымі шышкамі ці балотнай рудой. Побач – святочная льняная сукенка і кашуля ручной работы, упрыгожаныя мудрагелістай вышыўкай. Ткацкі станок “успамінае” вечары, калі жанчыны збіраліся каля яго, ткалі пасаг дзяўчатам, спявалі песні. Паспытаць сябе ў ткацкім майстэрстве і сёння могуць усе жадаючыя.

Фальклорны калектыў “Спадчына” – асобная тэма. Яго складаюць таленавітыя, актыўныя Соф’я Парус, Соф’я Дуброўская, Галіна Расоха, Алена Арлоўская, Зінаіда Аўдзеня і Алена Атлыгіна. Разам з Марыяй Шчаўроўскай , якая 30 гадоў узначальвала калектыў, дзе толькі яны не выступалі – аб’ездзілі свет і павет. Па-ранейшаму цікавяцца ”Спадчынай” яе былыя актыўныя ўдзельніцы Марыя Козел, Алена Цімашок, Аліна Рахманец, Зінаіда Ланкуць.

«Спадчына» сёння – гэта Соф’я Парус, Соф’я Дуброўская, Галіна Расоха, Алена Арлоўская, Зінаіда Аўдзеня, Алена Атлыгіна на чале з Людмілай Арлоўскай (стаіць).

Сённяшняя “Спадчына” – пастаянная ўдзельніца раённага фестывалю “З крыніц спрадвечных”, нават станавілася героем перадачы “Наперад у мінулае”. Пра гэта ёсць запіс у “гасцёўнай кнізе”.

Алена Атлыгіна, якая ў калектыве 39 гадоў, успамінае, як у 1994 годзе ў Пінску была ўзнагароджана дыпломам міжнароднага фальклорнага фестывалю. Яна пачынае песню, а жанчыны падхопліваюць:“Ці я не хазяйка, ці не гаспадыня: у агародзе лебяда, у хаце павуціна. Праўда, людзі, праўда я – гаспадыня гарная?”. Галасы гучаць чыста, мілагучна, душэўна.

Сумесная творчасць жанчын не толькі аб’ядноўвае, але і дапамагае пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, радавацца поспехам адзін аднаго.

Цудоўныя лялькі, што жывуць у “хаце”, – справа рук Соф’і Парус. Яшчэ дзяўчынкай, калі пасвіла кароў, навучылася іх рабіць. Успомніла пра захапленне, калі выраслі дзеці і стала шмат вольнага часу. Спачатку “нарадзілася” Ганна, да пары ёй “з’явіўся” Сцяпан, пасяліліся яны ў Доме народнай творчасці. Роставыя лялькі падчас святочных дзействаў карыстаюцца павышанай увагай.

Кожнае выказванне Галіны Расоха можна цытаваць і захапляцца багаццем і трапнасцю жывой народнай мовы. У калектыве яна каля 10 гадоў і без сваіх сябровак ужо не ўяўляе жыцця.

Соф’я Дуброўская заўважае, што трэба давышываць рушнік. Колькі іх выйшла з-пад рукі вясковай майстрыхі!

Алена Арлоўская з гонарам расказвае гісторыю ”Спадчыны”. Успамінае, што ў 70-80-х гадах у калектыве было 20 чалавек. Лёс не песціў жанчыну, але яна трывала выносіла яго выпрабаванні. Дзень у дзень добрасумленна працавала ў калгасе, трымала вялікую гаспадарку. Прыпеўкі спявала – ногі пускаліся ў скокі.

Зінаіда Аўдзеня колькі сябе памятае, заўсёды спявае – ці па гаспадарцы завіхаецца, ці сустракае родных. Сама хацяжская, але і Мыслабаж лічыць домам родным. Тут нарадзіліся трое дзяцей, тут працавала ў лясгасе. У творчы калектыў улілася паўстагоддзя назад.

Вядомы чалавек у Мыслабажы майстар народнай творчасці Алена Базылева. У руках таленавітай мастачкі гліна ажывае, і нараджаюцца з яе цудоўныя керамічныя шэдэўры.

Адметнасць вёскі і ў тым, што тут толькі адзін дом забыты і адзінокі. Не пустуюць вясковыя вуліцы з прыгожымі назвамі Садовая і Новая. Жывуць тут каля 100 чалавек, яшчэ дзясяткі два дачнікаў. Нараджаюцца-гадуюцца дзеці.

Раней у Мыслабажы была пачатковая школа, расказвае 84-гадовы Васілій Дрэнчык, у якога жонка некалі працавала ў ёй настаўніцай. У класах займаліся па 15-20 чалавек. Зараз дзеці вучацца ў гарадской школе.

Ганарацца вяскоўцы суседствам з Ігарам Шчаўроўскім – вядомым у раёне ляснічым. 40 гадоў аддаў ён лясной справе.

Выбіраюць Мыслабаж месцам свайго жыхарства і гараджане. Аляксандр Мацкевіч з жонкай Валянцінай 6 гадоў назад змянілі райцэнтраўскае жыццё на вясковае. І зараз у іх поўны экалагічна- бытавы камплект: чыстае гаючае паветра, добраўпарадкаваны дом, вялікая гаспадарка.

Нявестка Наталлі Алейнікавай Ірына на час догляду за маленькай дачушкай Соф’яй змяніла Баранавічы на Мыслабаж:

– Мясціны тут прыгожыя, муж працуе ў гаспадарцы, што яшчэ трэба для сямейнага шчасця, – заўважае маладая жанчына.

Не сумуе на пенсіі Ніна Козел. Трымае вялікую гаспадарку. 2 сыны на міні-трактары дапамагаюць апрацоўваць 50 сотак зямлі. Радуецца пяці ўнукам і дзякуе лёсу за тое, што побач з ёй 90-гадовая маці Еўдакія Кудзёлка.

85-гадовая Валянціна Баўтрукевіч сцвярджае, што зараз жыць намнога прасцей, чым раней.

– Пенсію ў тэрмін прыносяць прама ў хату. А ў магазіне – як у супермаркеце, чаго толькі душа жадае. І кожны дзень свежы хлеб прывозяць, – радуецца Валянціна Фёдараўна.

Ёсць у вёсцы і свой ветэран Вялікай Айчыннай вайны, нягледзячы на 92-гадовы ўзрост ладны і статны Іван Буцько. Радуецца кожнай мірнай раніцы, сонцу і жыццю. І прыгадвае, што на фронт з вёскі калісьці пайшлі 24 чалавекі. Вярнуліся не ўсе… Яму пашчасціла. Пра лёс ветэрана «ЛВ» раскажа асобна.

…Адметная вёска, адметныя людзі. Працавітыя і гасцінныя. Ці то прырода тут асаблівая, ці то фізічная праца ўплывае, але і ў шаноўным узросце людзі тут не выглядаюць на свае гады. Няхай доўжыцца іх жыццё і не забываюць свае карані тыя, чый шлях пачаўся ў Мыслабажы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Таццяна Арлоўская захоплена вывучэннем гісторыі роднай вёскі.

Удзельніца "Спадчыны" Алена Арлоўская

Роставыя лялькі - справа рук Соф'і Парус

Экскурс у гісторыю ткацтва праводзіць Зінаіда Аўдзеня

Соф'я Дуброўская і сёння можа паказаць майстар-клас на ткацкім станку

16 гадоў апантана справай захавання тутэйшых абрадаў і традыцый, прадметаў побыту і заняткаў дырэктар Дома народнай творчасці Людміла Лявонаўна

Валянціна Баўтрукевіч – шчаслівая бабуля 7 унукаў і 4 праўнукаў.

Сцены бацькоўскага дома Міхаіл Шклянік пераўтварыў у маляўнічае пано

Аляксандр Мацкевіч 6 гадоў назад стаў вясковым жыхаром

«Нам гады не бяда», – сцвярджае 84-гадовы Васілій Дрэнчык.

Мы – Алейнікавы.

Маці і дачка Еўдакія Кудзёлка і Ніна Козел.

One thought on “У абдымках лесу. Жывуць у Мыслабажы Ляхавіцкага раёна добразычлівыя і працавітыя людзі /фота/

  • 21/02/2015 в 10:35
    Permalink

    Вялікі дзякуй за цудоўны матэрыял!!! Мыслабаж — заўжды ў маім сэрцы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *