Мова маёй зямлі. Мікратапонімы вёскі Мыслабаж Ляхавіцкага раёна

“Мова маёй зямлі” – так называецца сёлетні конкурс прафесійнага майстэрства, які праводзіцца сярод сельскіх бібліятэкараў Ляхавіцкай бібліятэчнай сістэмы. Такія конкурсы арганізоўваюцца штогод, апошнім часам яны набылі краязнаўчую накіраванасць. Сёлета мае калегі будуць збіраць мікратапонімы сваёй мясцовасці. Спадзяюся на добры вынік, цікавы змястоўны матэрыял, які будзе варты выдання слоўніка мікратапонімаў Ляхавіцкага раёна. Няхай мае нататкі стануць пачаткам творчай работы, да якой далучацца калегі.

Чаму гэта важна  для мяне?

Я нарадзілася ў Мыслабажы. Помню тую вёску, якая пасвіла статак кароў на Карэі, на Міхайлаўшчыне, ля Пітомніку, на Козыры. Цяпер з абавязкам пасвіць невялікі статак свойскіх рагуль удала спраўляецца электрапастух. Помню, што за чарніцамі мы хадзілі ў Лужкі, сена назапашвалі ў Відолеўках, коўзацца з горкі зімой хадзілі на Змяіную горку… Тады гэтыя неафіцыйныя найменні былі бадай такімі ж агульнавядомымі і агульназразумелымі, як афіцыйныя назвы дзвюх мыслабажскіх вуліц – Новай і Садовай. Той час хуткаплынна сыходзіць, а разам і многае яму ўласцівае. Справа не толькі ў сентыментальнай настальгіі, маўляў, раней і неба было больш сінім, і трава – больш зялёнай”…

Чаму гэта важна  не толькі для мяне?


Мікратапонімамі (назвамі мясцовых аб’ектаў, вядомымі невялікай колькасці людзей) пазначана прастора жыццядзейнасці нашых продкаў. Шырокая прастора. Яна ахоплівала ці не кожную дзесяціну поля, лесу. І каб не згубіцца ў гэтым вялікім свеце, які пачынаўся адразу за вёскай, людзі пазначалі дакладныя каардынаты свайго месцазнаходжання: Вірбалаўшчына, Смалёўшчына, Яз, Белы луг… Мікратапонімы – тыя ж мясцовыя мерыдыяны і паралелі, якія пазначаюць месцы, дзе былі хутары, дзе назапашвалі сена, дзе пасвілі жывёл, збіралі грыбы і ягады, секлі дровы… Гэта напластаванні гісторыі “на метр квадратны”. Калі мы не захочам пачуць пра мікратапонімы сёння – заўтра пра іх не будзе каму расказаць.
Вялікі дзякуй аднавяскоўцам-мыслабажанам, што памятаюць, расказваюць, і за тое, што яны ёсць. Калі ласка, дапаўняйце і выпраўляйце агульнымі намаганнямі сабраны матэрыял.

Мікратапонімы  вёскі Мыслабаж

Белы луг – мясцовасць недалёка ад прыпынку Вясёлая на другі бок шашы ад вёскі Мыслабаж. Цяпер там лес, а раней было поле і мыслабажцы пасвілі статак кароў. З’яўленне вадаёма на тым месцы звязваюць з легендай.
… Калісьці тут стаялі пяць сялянскіх хат. За адну ноч усе яны пайшлі пад ваду. З пакалення ў пакалення мясцовы люд перадае дзіўнае: нібыта на паверхню вады потым усплываў драўляны посуд. Кажуць, што некаторыя рэчы нават даставалі і імі карысталіся. Непадалёк ад вадаёма размешчаны два камяні – вялікі і меншы. Расказваюць, калі пастухі секлі па каменнях пугай – яны рабіліся мокрымі, быццам плакалі. З гэтымі камянямі таксама звязана легенда.
…Да паселішча (тых пяці хат) прыйшоў аднойчы жабрак і прасіў хлеба. Багатыя гаспадары яму адмовілі, а бедная ўдава падзялілася сваёй небагатай ежай. Жабрак сказаў ёй:
– Бяры сваё дзіця і ідзі адсюль. Але ні ў якім разе не азірайся. Жанчына пайшла, але пачула, як за яе спінаю пачалі крычаць людзі, стала раўці свойская жывёла. Яна азірнулася. Паселішча пайшло пад ваду. У той жа момант жанчына і яе дзіця ператварыліся ў два камяні. Так біблейскае паданне пра жонку Лота адбілася ў народнай свядомасці.
Вайтэлеўшчына. Сенажаць на балоцістым беразе Шчары. Там людзі касілі, клалі сена ў стагі, а зімою, калі вада замярзала, вывозілі назапашаны летам корм для жывёлы. На правакацыйнае пытанне, ці не здаралася крадзяжу, старажыл адказаў, што кожны меў сваё і на чужое не квапіўся.
Відолеўкі. Калі кіравацца Садовай вуліцай у бок ракі Шчара, праваруч насупраць апошняга дому ўбачыш невялікае поле СВК “Ляхавіцкі”. Поплаў паміж канавай Міхайлаўкай і згаданым полем атрымаў назву Відолеўкі. Да нядаўняга часу гэтыя мясціны яшчэ выкарыстоўваліся вяскоўцамі ў якасці сенажаці. Адкуль такая назва? Пытаюся ва ўраджэнкі вёскі Яўгеніі Сцяпанаўны Бурнос, ці існавала назва Відолеўкі ў яе дзяцінстве?
— Няўжэш не?! Як Мыслабаж нарадзілася, то яны ўжо былі і назву такую мелі. А чаму Відолеўкі – не ведаю. Там канава была, чаромха расла, арэшнік. А яшчэ ў Відолеўкі некаторыя з мясцовых жыхароў хадзілі за карэннем валяр’яну.
Высокі бераг (Апітак) – гэта ля Шчары, і трапіць сюды можна па пясчанай лясной дарозе (Пясчанцы).
Гаёўка. Апошнімі з магікан у сэнсе хутарскога жыцця ў нашых мясцінах былі Цімох і яго Цімохаў хутар. Гэты “нескароны” тандэм памятаюць яшчэ і тыя, хто нарадзіўся пасля 1980-га. Мясціны непадалёк Цімохава хутара атрымалі назву Гаёўка. Магчыма, спрычыніўся да гэтага бярозавы гай, што расце непадалёк. Але старэйшыя мыслабажцы кажуць вось што.
…Жыў тут пан… Ну, пан не пан, а гаёвы (колішні аналаг ляснічага). Жыў ён з братам, прадавалі лес, і была ў іх хата “на два канцы”. Браты паехалі жыць за мяжу, а ў іх хаце падчас вайны жылі бежанцы. Пасля хату перавезлі ў вёску. Там і цяпер жывуць людзі. Ад пасады гаёвага, магчыма, і паходзіць назва Гаёўка.
Дубкі – бераг насупраць пясчанага пляжа, дзе мясцовы водны прыток Міхайлаўка злучаецца з ракой Шчарай. Да гэтага берага ёсць пад’езд па лясной дарозе. Верагодна, назва тлумачыцца тым, што там растуць дубы.
Змяіная горка – мясцовасць з халмістым рэльефам непадалёк ад пясчанай лясной дарогі (Пясчанкі). Туды зімой хадзілі дзеці бавіць вольны час – коўзацца з горкі.
Касмачова поле. У даўнім будынку былой мыслабажскай школы (яго ўжо даўно няма) раней жылі заможныя людзі, якім належалі навакольныя палі, вятрак. Гэтых людзей раскулачылі і саслалі. Прозвішча гаспадара было Касмач. За тымі мясцінамі замацавалася ў народзе назва Касмачова поле.
Каўтуны – так за вочы называлі вёску Мыслабаж і яе жыхароў насельнікі суседніх вёсак.
Козыр – мясцовасць паміж грамадскай лазняй і лясным масівам насупраць яе.
Лужкі – частка лесу, дзе мясцовае насельніцтва і прыезжыя збіралі (і збіраюць у багатыя на ўраджай ягад сезоны) чарніцы. Там былі балоцістыя мясціны з лапікамі трывалага грунту: Лужок першы, Лужок другі… Захавалася нават назва Падратчысін лужок. Ніхто не ведаў, як трапіць на яго, акрамя адной мясцовай жанчыны – Падратчыхі. Там толькі яна збірала ягады, яе прозвішча і замацавалася за Лужком.
З Лужкамі звязана мясцовае паданне пра хлопца Янку, які менавіта туды хадзіў шукаць папараць-кветку на Купалле. Невядома, з якой нагоды хлопцу спатрэбілася распранацца да стану “ў чым маці нарадзіла”, каб адшукаць запаветную кветку. Невядома таксама, што напалохала хлопца ў лесе (нейкі шум-гам) да такой ступені, што ён паспешна выракся свайго намеру і прыбег у вёску. Але паданне сцвярджае, што было менавіта так. А Яўгенія Сцяпанаўна Бурнос даводзіць, што пра ўсё гэта ёй расказваў сам Янка, калі яны пасвілі разам статак кароў.
Міхайлаўка – канава, што бярэ пачатак у полі за фермай і злучаецца са Шчарай.
Міхайлаўшчына – мясціны, дзе бярэ пачатак канава Міхайлаўка. Яна дала назву мясцінам ці наадварот – невядома.
Гадавальнік – лес за вёскай, да якога вядзе паралельная Пясчанцы палявая дарога.
Папова балота (Папоў лужок). Сенажаць на балоцістым беразе Шчары. Вакол сенажаці было вялікае Папова балота. Назву тлумачаць тым, што калісьці гэтыя мясціны былі царкоўнай уласнасцю.
Пясчанка – пясчаная лясная дарога, якая пачынаецца за вёскай і вядзе да Брэст-Маскоўскай (народная назва) шашы. Па Пясчанцы раней мясцовае насельніцтва (асабліва моладзь і дзеці) хадзіла на святочныя мерапрыемствы, што ладзяцца ля Кургана Славы да Дня Перамогі.
Сервітут. Сервітут, як вядома, гэта абмежаванае права карыстання чужой маёмасцю ў зямельных адносінах. Назва Сервітут замацавалася за часткай мыслабажскага поля, размешчанага ў напрамку вёскі Русінавічы. Тут рос панскі лес. Сяляне агульнымі фінансавымі намаганнямі купілі гэты зямельны надзел, каб пасвіць на ім свойскую жывёлу. Былы ўласнік папярэдне спілаваў і прадаў усе буйныя дрэвы. Пасля Сервітут падзялілі на хутары. Пазней за гэтымі мясцінамі замацавалася назва Карэя.
Смалёўшчына – мясцовасць за апошнімі хатамі па вуліцы Садовай. Тут была размешчана смалярня. Смалу выварвалі з карчоў.
Тарфяныя (Першыя тарфяныя, Другія тарфяныя) – мясцовасць, да якой вядуць дзве папярочныя дарогі ад Пясчанкі да ракі Шчары. Назва звязана з тым, што тут раней здабывалі торф.
Яз – насыпная дарога ад станцыі Рэйтанава, якая пераходзіла ў мост праз Шчару. Мела стратэгічнае ваеннае значэнне: злучала чыгунку з умацаванай лініяй абароны (дотамі) на беразе ракі. Насельніцтва вёсак Мыслабаж, Вонькі прымала ўдзел у будаўніцтве дотаў і дарогі. Мост праз Шчару трымаўся на бетонных “быках”. Не так даўно яшчэ можна было пабачыць яго рэшткі. Цяпер яны схаваны пад вадой.
Я – апошняя літара ў алфавіце. На гэтым пералік мікратапонімаў вёскі Мыслабаж мусіць быць скончаны. Радасна, што згаданым назвам пашчасціла трапіць на старонкі друкаванага выдання і яны не знікнуць беззваротна. Сумна ад думкі, што не захаваліся іншыя каларытныя назвы тутэйшых мясцін, што знікаюць мікратапонімы, старэюць і перастаюць існаваць некаторыя маленькія вёсачкі.
Які лёс чакае Мыслабаж? Вёска месціцца недалёка ад райцэнтра, мае добры патэнцыял для развіцця агратурызму і арганізацыі адпачынку на прыродзе. Гэта выратуе вёску ад знікнення. Быў час, калі мыслабажскія палі апанавалі суслікі і змагацца з імі даводзілася пры дапамозе бочак з вадой. У гумне мясцовага настаўніка Нікіперца паказвалі нямое кіно, было гэта яшчэ “за Польшчай”.
Пад асфальтавым пакрыццём вясковых дарог ляжыць адмысловы брук, які клалі талакою.
Хто раскажа нашчадкам-мыслабажцам пра гэта і пра іншыя цікавыя рэчы? Самыя трывалыя са старадаўніх артэфактаў – каменні-помнікі на мясцовых могілках. Але яны маўчаць, хаваюцца-ўрастаюць у зямлю.
Час фіксаваць успаміны!

Таццяна АРЛОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па рабоце
з дзецьмі Ляхавіцкай РЦБС.

4 thoughts on “Мова маёй зямлі. Мікратапонімы вёскі Мыслабаж Ляхавіцкага раёна

  • 21/02/2015 в 10:47
    Permalink

    Дзякуй, Таццяна! Нагадалі успаміны пра мясціны дзяцінства.

  • 21/02/2015 в 15:39
    Permalink

    Татарскі князь Мысло Башыч меў маемасць на рацэ Мышанцы у пачатку 16 ст. Мысло Машыч быў талмачом Жігімонта Першага Старога і сябрам дома Радзівіллаўскага….і уся гэта зямля належала Гаштольдам а потым праз шлюб да Радзівілавай Барбары перайшла..Ракою Мышанка клікаўся сёняшні ручай што цячэ з левага боку у ніз ад крыжоў у Шчару. Гэта назва ракі-ручая нанесена на карту РККА 25-100 -1939 года. Мысло Башыч і ягоны ад ягонага прозвішча двор Мыслабарж як казалі раней праіснаваў да 1796 года калі падпаў пад «раздачу» графоў Касакоўскіх. Маентак стаў арэндным і пераходзіць з рук у рукі да 1939 шмат разоў. Вёска існуе ад часоў маентка і узяла імя маентка. Плошча маёнтка была добрай і сягала ад Вонькаў да Мазурак і Грушаўкі. Вядомы мемуарыст Ф. Еўлашоўскі і ягоны бацька неаднаразова сварыліся за зямлю М.што палягала ля м. іх м. Леаноўшчына. Праз гады Еўлашоўскія купілі частку м. Мысламышы. Але пасля зкону роду Леановічаў-Еўлашоўскіх зямля апякалася ягонымі нашчадкамі Піліногамі.з Ляхавіч і Нясвіжа…Ёсьць шмат цікавых замалёвак пра жыцье-быцьцё жыхароў вёскі ва успамінах швэцкага генерала ад 1734 году. Таксама шмат што напісана ва успамінах казацкага паўкоўніка Міровіча ад 1675 году….тое сёе гаварыў пра гэту мясціну Меньшыкаў А. сябра Пятра Першага…

  • 26/02/2015 в 11:02
    Permalink

    Дзякуй за цікавую інфармацыю!

  • 07/03/2015 в 14:18
    Permalink

    Добры дзень!, спасибо большое. Не пропадайте, пишите еще!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *