У гэтым выпадку ламаць – будаваць новае жыццё. Сесія райсавета дэпутатаў прааналізавала работу па выкананні Плана мерапрыемстваў па зносе пустуючых жылых дамоў на Ляхавіччыне
Зямля не павінна пуставаць, любыя зямельныя соткі – гэта арэна для палявых работ, вядзення бізнесу, домаўладання або іншых варыянтаў эфектыўнага гаспадарання. Умова, лічы, адна – быць дбайным гаспадаром. Калі ўсё ж участак з аварыйным домам не патрэбны гаспадарам, дзяржава прапаноўвае лепшы варыянт, чым «няхай стаіць гадамі і разбураецца». Скорасці ў гэтым працэсе надаў Указ Кіраўніка дзяржавы № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі».
Дакумент забяспечыў стварэнне ўмоў для ўцягнення ў абарот жылых дамоў (а таксама зямельных участкаў, на якіх яны знаходзяцца), што тры гады і больш пустуюць і знаходзяцца ў аварыйным стане.
Ёсць адпрацаваны алгарытм, адзіны рэестр пустуючых дамоў, доступ да якога маецца ў кожнага. Чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў прааналізавала работу па выкананні Плана мерапрыемстваў па зносе пустуючых жылых дамоў на Ляхавіччыне і вызначыла прыярытэтныя напрамкі на бягучы год.
Даведачна. Ёсць нюанс, такія квадратныя метры, што прызнаны судом безгаспадарнымі і перададзены ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, могуць прадавацца на аўкцыёнах па рыначным кошце з паэтапным паніжэннем цаны да 1 базавай велічыні.
У Ляхавіцкім раёне гэта цанавое правіла дзейнічае ва ўсіх населеных пунктах, акрамя райцэнтра, вёсак Набярэжная, Патапавічы, Дарава, Літва, Вялікая Лотва. Пры тым, што пакупнік такога дома мае магчымасць атрымаць растэрміноўку на 3 гады без індэксацыі плацяжоў.
– Сёння на тэрыторыі раёна працуе камісія, якая абследуе дамы і дае, скажам так, пуцёўку ў рэестр пустуючых. На гэты год быў запланаваны знос 50 домаўладанняў і ўцягненне зямель у гаспадарчае выкарыстанне. Акрамя гэтага, за 2025 год выяўлена яшчэ 249 дамоў з такімі «пустуючымі» крытэрыямі. А на пачатак верасня лічба па раёне такой маёмасці склала 367, – адзначыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Сёння гадавы план амаль выкананы. Есць дамы, якія шляхам
продажу знайшлі свайго новага гаспадара. Большасць – 39 домаўладанняў – была знесена.
Не проста знесена, а стала плюсам да гектараў сельгасарганізацый.
У гаспадарчы абарот уцягнута 11,8 гектара зямель.
Зразумела, ламаць – не будаваць. Аднак не ў гэтым выпадку. Такі варыянт дае зямлі магчымасць прыносіць не сюжэты нядбайнасці, а самыя што ні ёсць карысць і прыбытак. Іншы бок медаля – сродкі, якія патрабуюцца для таго, каб сюжэт антычысціні ператварыць у кадры жыцця. На знос пустуючых домаўладанняў на 2025 год запланавана каля 220 тысяч рублёў, на адзін дом затрачваецца каля трох тысяч.
Адна з арганізацый, што спецыялізуецца на зносе пустуючых дамоў –
Ляхавіцкае ПМС. Калі ПМС працуе на сваіх аб’ектах побач з хутарамі, дзе маюцца пустуючыя аб’екты, яны ідуць пад знос. Гэта дазваляе мінімізаваць выдаткі на дастаўку тэхнікі да месца работ. Лагістыка працуе і тут.
Зносіць і шукаць варыянты для далейшага эфектыўнага выкарыстання зямлі – задача, якой кіруюцца члены камісіі. Таму, як адзначыла начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская, гектары, што з-за свайго месцаразмяшчэння
не могуць быць уключаны у сельскагаспадарчы абарот, разглядаюцца як рэзерв для прадастаўлення грамадзянам у мэтах вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, касьбы або выпасу сельскагаспадарчых жывёл.
– У цэлым адзначу эфектыўную работу па зносе пустуючых жылых дамоў. Правялі інвентарызацыю дамоў і занеслі даныя ў рэестр. Аднак работу варта давесці да канца, неабходна своечасова ўносіць
даныя ў базу. Указ прадыктаваў алгарытм дзеянняў органаў дзярж-
кіравання з пустуючым жыллём і істотна спрасціў парадак набыцця
грамадзянамі жылых дамоў у сельскай мясцовасці. Сёння работа з
такой маёмасцю патрабуе больш дзейсных мер і з боку старшыняў
сельвыканкамаў у адносінах да ўладальнікаў такіх дамоў. Тое, што дом знаходзіцца ў рэестры, не значыць, што работа завершана. Наша задача – знайсці новага гаспадара або зрабіць гэтыя землі часткай сельгасжыцця, – падкрэсліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

