Пра абочыны забыліся? У Ляхавічах пасля асфальтавання застаюцца неўладкаванымі дарожныя абочыны

Усё больш і больш гарадскіх вуліц апранаецца ў асфальт, што, бясспрэчна, радуе. У рэшце рэшт збываюцца мары жыхароў вуліц і завулкаў, а дарогі становяцца ўладкаванымі і больш камфортнымі.
Аднак, на жаль, дарожнае абнаўленне прынесла і пэўныя нязручнасці.
На нумар адзінай дыспетчарскай службы 115, у райвыканкам, на прамыя тэлефонныя лініі з кіраўніцтвам раёна, на гарачую лінію «ЛВ» неаднаразова паступалі скаргі ад жыхароў вуліц Каштанавай, Русінавіцкай, завулкаў Яблыневага, Шасейнага і іншых. Справа ў тым, што пасля асфальтавання застаюцца неўладкаванымі дарожныя абочыны.
– Праблема сапраўды ёсць. Гарадскія вуліцы знаходзяцца на балансе КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», адпаведна, камунгас з’яўляецца генпадрадчыкам усіх дарожных работ. У зоне адказнасці камунальнай службы і падсыпка, добраўпарадкаванне абочын пасля пераўладкавання дарожнага пакрыцця. Пасля асфальтавання дарог неабходна было добраўпарадкаваць і абочыны. Але гэтыя работы на пэўных участках не былі выкананы, што і прывяло да зваротаў грамадзян. Сітуацыю трэба неадкладна выпраўляць, пакуль яшчэ дазваляе надвор’е. Потым гэта будзе зрабіць складаней, ды і край праезнай часткі разбураецца, а рамонт запатрабуе дадатковых фінансавых укладанняў, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
А што камунгас? Па словах дырэктара КУШВП ЖКГ Андрэя Чайкоўскага, сіламі работнікаў прадпрыемства пачалі работу над памылкамі, мабілізуюцца сілы, каб выправіць сітуацыю на ўсіх участках райцэнтра, дзе пасля асфальтавання дарог ёсць такія праблемы.
Галіна КАНЬКО.

