У адной з вёсак Ляхавіцкага раёна з незачыненага дома знікла немалая сума грошай. Як не стаць ахвярай злодзеяў
Калі ў суседа нехта панёс яшчэ добры веласіпед, чамусьці нашы землякі думаюць, што злодзей абміне іх двор ці кватэру. І толькі калі бяда стукаецца ва ўласныя дзверы, тады ўжо шукаюць прычыну здарэння.
У адной з вёсак раёна з незачыненага дома зніклі 1 700 беларускіх рублёў і 2 700 расійскіх рублёў. Супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку РАУС устанавілі, што крадзёж учынілі асобы народнасці рома.
Аб’ектамі крадзяжу становяцца не толькі грошы, але і інструменты, тэхніка ці іншая маёмасць. Як прыклад факт, што здарыўся яшчэ летам: вясковец прыгледзеў сабе пакінуты без нагляду дарожны веласіпед коштам 200 рублёў… А ў баранавічанкі невядомы вырваў навясны замок на дзвярах дачы і выкраў газавы балон і садовы інвентар…
Як не стаць ахвярай злодзеяў? Асноўныя меры, якія датычаць кватэр і прыватных дамоў – не пускаць у жыллё старонніх асоб і не захоўваць каштоўныя рэчы на бачных месцах.
Важна таксама ўмацаваць сваё жыллё: устанавіць надзейныя ўваходныя дзверы і замкі. Гэта мера бяспекі датычыць і дачных дамоў. Добра, калі суседзі ў адсутнасць гаспадара могуць прыглядзець за маёмасцю.
Адпраўляючыся па справах, трэба праверыць, ці трывала зачынены вокны, фортачкі і дзверы балкона. Ні ў якім разе не пакідаць ключ пад дыванком, у паштовай скрыні ці ў любым іншым лёгкадаступным месцы. Не трэба давяраць ключы дзецям.
Сучасным і надзейным сродкам абароны маёмасці з’яўляюцца сістэмы сігналізацыі, якія ўстанаўліваюць не толькі ў жыллі, але і ў аўтамабілях.
Што датычыць распаўсюджанага крадзяжу веласіпедаў, то іх варта захоўваць у спецыяльна адведзеных месцах, не пакідаць на працяглы час без нагляду ці прышпільваць тросам, замком.
Дзмітрый КОТАЎ,
начальнік аддзялення крымінальнага вышуку РАУС.

