Асоба. Прэзідэнт. Бацька!

Прэзентацыя кнігі «Наш Прэзідэнт» адбылася ў мінулую пятніцу ў Брэсце. Унікальнае выданне, якое моманту выхаду ў студзені паспела стаць сапраўдным бестселерам, – гэта дакументальна-біяграфічны нарыс у суправаджэнні яркіх фотаздымкаў і цытат нацыянальнага лідара.
«Наш Прэзідэнт» – маштабнае апавяданне пра суверэнную гісторыю Беларусі і шлях  да дасягненняў і поспехаў.
…У кінатэатры «Беларусь», які стаў пляцоўкай для прэзентацыі, дэлегацыі з усіх раёнаў Брэстчыны. Сярод іх і нашы землякі. Яны падзяліліся з «ЛВ» уражаннямі ад кнігі і ад сустрэчы з аўтарамі выдання.

Вольга БУРАК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама:
– Дэлегацыі нашага раёна пашчасціла стаць удзельніцай маштабнага і цікавага мерапрыемства – прэзентацыі кнігі «Наш Прэзідэнт».
Унікальнасць сустрэчы – у знаёмстве з прадстаўнікамі аўтарскага калектыву – Аляксандрам Радзьковым і Аляксандрам Карлюкевічам. З гонарам адкрываю кнігу «Наш Прэзідэнт» з аўтографам аўтара –
доктара педагагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Аляксандра Радзькова. Не кожны аўтар знаходзіць час у сваім шчыльным графіку для сустрэчы з чытачамі. Атрымалася цёплая размова ў суправаджэнні мноства ўспамінаў і эксклюзіўных гісторый.
Асоба Прэзідэнта заўсёды выклікае шчыры інтарэс і павагу. І зараз з’явілася магчымасць даведацца пра погляды Кіраўніка дзяржавы, шлях у палітыку, пра зробленае і тое, што сёння робіцца для краіны і для кожнага з нас.
Сапраўдным сюрпрызам стала магчымасць пачытаць на асобных укладках копіі архіўных дакументаў, цытаты Прэзідэнта і г. д. Як адзначылі аўтары выдання, праца над кнігай працягвалася тры гады і мела нямала рэдагаванняў. Упэўнена, выданне стане настольнай кнігай і сапраўдным настаўнікам для падрастаючага пакалення.

Таццяна ГАТОЎЧЫЦ, намеснік дырэктара ААТ «Шлях новы»:
– У нашай гаспадарцы з кнігай «Наш Прэзідэнт» пазнаёміліся яшчэ ў студзені, як толькі яна выйшла ў свет. Тады была ў камандзіроўцы і вырашыла за гонар набыць выданне пра Кіраўніка нашай дзяржавы. А сустрэча з аўтарскім калектывам стала своеасаблівай цудоўнай прадмовай да кнігі. Пачула яе гісторыю стварэння непасрэдна ад аўтараў Аляксандра Радзькова і Аляксандра Карлюкевіча. Размова атрымалася цікавай і пазнавальнай. Ніхто не чакаў яе завяршэння, хацелася слухаць і слухаць. І ганарыцца, што жыву менавіта ў Беларусі! Кніга напісана простай і цікавай мовай і апавядае пра ролю Прэзідэнта ў станаўленні і развіцці незалежнай Беларусі, дапамагае зразумець многія падзеі, учынкі і чарговы раз пераканацца ў шчаслівым лёсе беларусаў, якія маюць такога нацыянальнага лідара.

Дар’я БЕСІЯШВІЛІ, эканаміст ААТ «Нача»:
– Рада, што стала ўдзельніцай прэзентацыі кнігі «Наш Прэзідэнт». Вельмі цікава чытаць унікальныя архіўныя дакументы, глядзець сямейныя фотаздымкі. Шчырыя эмоцыі адчула, калі ўзяла ў рукі Пахвальную Грамату, выдадзеную Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу ў 1971 годзе ў Александрыйскай СШ.
Перачытала копію характарыстыкі студэнта –  выпускніка педінстытута. Убачыла адзнакі ў заліковай кніжцы будучага Прэзідэнта… Цікава і павучальна!

Дзмітрый КАРАЛЁЎ, загадчык рамонтных майстэрняў ААТ «Жарабковічы»:
– Прэзентацыя кнігі «Наш Прэзідэнт» дазволіла даведацца пра Аляксандра Рыгоравіча шмат новага. Здаецца, звычайны чалавек, як усе мы. Вучыўся на гістарычным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага педінстытута і нават меў вопыт пераздачы экзамену, быў класным кіраўніком у звычайных школьнікаў. А сёння ён асоба і Кіраўнік дзяржавы, якога паважаюць не толькі ў нашай краіне. Ён пра ўсё ведае, усё разумее і многае прадбачыць. Таму і сельская гаспадарка ў нашай краіне на ўзроўні і дэманструе стабільны плюс, і сацыяльная падтрымка важкая, і ў заўтрашні дзень мы ідзём упэўнена!
Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.