Новы год у спакойным раскладзе. Як на Ляхавіччыне адзначылі Новы год

Працяглыя навагоднія выхадныя парадавалі святочнымі імгненнямі, мноствам падарункаў, прыўзнятым настроем, сапраўды снежна-марозным зімовым надвор’ем. І пакуль большасць землякоў адпачывала, прадстаўнікі розных службаў працавалі, некаторыя нават ва ўзмоцненым рэжыме.
Снегапад не заспеў знянацку ляхавіцкіх камунальнікаў і дарожнікаў. Прадстаўнікі гэтых службаў выйшлі на расчыстку вуліц і дарог ад снегу адразу з пачаткам завірухі.
Дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што работнікі камунгаса з 1 па 4 студзеня актыўна расчышчалі дарогі і тратуары райцэнтра. У асноўным у гэтыя дні работы пачыналіся ў
6 гадзін раніцы, каб людзям і аўтамабілям было камфортна хадзіць-ездзіць. У першую чаргу, расчыстка праводзілася на дарогах і тратуарах цэнтральных вуліц горада, прыпыначных пунктах грамадскага транспарту і пад’ездах да іх, паралельна вялася падсыпка ўчасткаў супрацьгалалёднай сумессю. На працягу ўсяго часу кіраўніцтва Ляхавіцкай ЖКГ трымала ход і якасць работ на пастаянным кантролі.
Начальнік ДРБУ-200 Максім Муха паведаміў, што з 1 студзеня 2026 года ў кругласутачны рэжым работы ўключыліся і работнікі дарожнай арганізацыі. На вясковых дарогах Ляхавіччыны былі задзейнічаны 12 адзінак тэхнікі, а таксама дарожныя рабочыя. Расчыстка дарог у аграгарадках і вёсках вядзецца ў бесперапынным рэжыме. Праблем з рухам аўтатэхнікі, у тым ліку рэйсавых аўтобусаў, не назіралася.
Традыцыйна ў святочныя дні, навагоднія не выключэнне, службу ва ўзмоцненым рэжыме нясуць супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку дзяржаўтаінспекцыі. Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук акцэнтаваў увагу на тым, што навагоддзе стала адносна спакойным,парушэнняў правапарадку ў
грамадскіх месцах не зарэгістравана. У аператыўна-дзяжурную службу РАУС за першыя чатыры дні 2026 года паступалі тэлефонныя звароты ад жыхароў раёна, у асноўным – на сямейныя разборкі, «падагрэтыя» алкаголем.
Сяргей Хмарук падзякаваў жыхарам і гасцям Ляхавіччыны за культурныя паводзіны падчас навагодніх і калядных святкаванняў у грамадскіх месцах.
Напярэдадні 2026-га і яго пачатку без непрыемнасцей было і на дарогах раёна – не дапушчана аварый і здарэнняў. Начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч расказаў, што ў сувязі са снега-падамі на Брэстчыне быў уведзены план «Надвор’е». Дзяржаўтаінспекцыя на пастаяннай аснове маніторыла стан вулічна-дарожнай сеткі на прадмет якаснага прыбірання снегу і апрацоўкі супрацьгалалёдным матэрыялам. Акрамя таго, з 1 па 3 студзеня супрацоўнікі АДАІ правялі рэйдавыя мерапрыемствы і прафілактычную акцыю «Засвяціся ў цемры». Мерапрыемствы акцыі накіраваны на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў у цёмны час сутак. Выяўлена 12 парушэн-
няў ПДР пешаходамі. А падчас праведзенай з 2 па 4 сту-
дзеня акцыі «П’янаму і бяспраўнаму не месца на дарозе» выяўлены два вадзіцелі, якія кіравалі транспартнымі сродкамі без адпаведнага вадзіцельскага пасведчання.
Як заўжды, у стапрацэнтнай гатоўнасці выехаць на ліквідацыю надзвычайных сітуацый былі выратавальнікі. Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч паведаміў, што ў першыя дні 2026-га супрацоўнікам РАНС не давялося захаваць «сухімі рукавы». На пульт адзінай дзяжурна-дыспетчарскай службы 101 выклік паступіў 1 студзеня. У адным з домаўладанняў у аграгарадку Ліпск загарэлася гаспадарчая пабудова. Прыехаўшыя на выклік выратавальнікі правялі разбіральніцтва і высветлілі папярэднюю прычыну ўзгарання – парушэнне пры эксплуатацыі электрапрыбораў. 3 студзеня пажар адбыўся ў садовым таварыстве «Дружба» па прычыне зноў жа парушэнняў правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў: згарэла альтанка і халадзільнік,
які ў ёй знаходзіўся.
Снег, вецер і мароз прынеслі пэўныя непрыемнасці і энергетыкам. Начальнік РЭС Дзмітрый Шашнін паведаміў, што ў ноч з 1 на 2 студзеня адбылося аварыйнае адключэнне трансфарматарнай падстанцыі ў Галаўнінцах.
Адпаведна, часова без святла засталіся вёскі Галаўнінцы, Бенькаўцы, Стральцы, Любейкі. Падача святла была адноўлена, а 2 студзеня аварыю ліквідавалі лінейныя брыгады.
Як запэўнілі ў раёне газазабеспячэння, перыяд быў спакойным: ні здарэнняў, ні сур’ёзных аварыйных выклікаў не зарэгістравана.
У медыкаў асаблівага «аншлагу» не зарэгістравана. Старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ляхавіцкай ЦРБ Віктар Коктыш расказаў, што сёлета з 1 па 5 студзеня на нумар 103 паступіла 104 выклікі (крыху больш, чым у звычайныя дні). Большасць з іх была звязана з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы і прастудамі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

