Кіёск прадаўжае работу. Які лёс чакае кіёск РУП «Белсаюздрук», размешчаны ў Ляхавіцкай райбальніцы

На прамую тэлефонную лінію, якую ў снежні праводзіў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, звярнуўся ляхавічанін,
каб удакладніць далейшы лёс кіёска РУП «Белсаюздрук»
у будынку райбальніцы. Маўляў, ходзяць чуткі пра яго закрыццё,
а кіёск ва ўстанове аховы здароўя надзвычай патрэбны.

Адпаведны запыт быў накіраваны ў Брэсцкі філіял РУП «Белсаюздрук», дзе паведамілі, што закрыццё гандлёвага аб’екта Белсаюздрука ў Ляхавіцкай райбальніцы не плануецца.

Намеснік дырэктара Брэсцкага філіяла Ала Бахарава пракаментавала сітуацыю: «У гандлёвым аб’екце, які знаходзіцца па адрасе г. Ляхавічы, завулак Пушкіна, 7, у шырокім асартыменце прадстаўлена друкаваная прадукцыя і разнастайныя тавары народнага спажывання, што дазваляе не толькі задаволіць патрэбы пацыентаў бальніцы, але і ажыццяўляць прыбытковую гандлёвую дзейнасць нашай арганізацыі. Спадзяёмся і ў далейшым заставацца для пацыентаў і работнікаў бальніцы адной з крыніц атрымання інфармацыі і задавальнення пакупніцкага попыту. Са свайго боку будзем працягваць удасканальвацца і прыкладаць усе намаганні для найбольш поўнага задавальнення пакупніцкага попыту і павышэння культуры абслугоўвання».
Галіна КАНЬКО.