З навукай у будучыню. Навучэнцы з Ляхавіцкага раёна дастойна прадставілі свае работы на абласной канферэнцыі

Сучасныя школьнікі не проста пазнаюць свет цікавага, шукаюць адказы на хвалюючыя іх пытанні, імкнуцца даць ім навуковыя тлумачэнні, знайсці практычнае прымяненне сваім вынаходніцтвам. У лютым у Іванава на навукова-практычную канферэнцыю “З навукай у будучыню” з’ехаліся юныя даследчыкі з усёй Брэстчыны.

7 навучэнцаў з нашага раёна дастойна прадставілі там свае работы.

Гімназістка Ніно Квернадзэ (настаўніца Святлана Ермаковіч) і навучэнка СШ № 2 Юлія Маслоўская (настаўніца Таццяна Маслоўская) заваявалі дыпломы I ступені. Ніно Квернадзэ выступала па тэме “Даследаванне прыказак як нацыянальна маркіраваных адзінак” і пакарыла журы не толькі эрудыцыяй і культурай маўлення, а і цудоўным веданнем беларускай мовы. Юлія Маслоўская прадставіла на суд даследаванне паходжання, класіфікацыі і цяжкасцяў перакладу англійскіх ідыём. Адметна, што вынікі даследчай дзейнасці старшакласніца прэзентавала на замежнай мове, на ёй жа адказвала на пытанні журы.

Даследаванне неалагізмаў на старонках сродкаў масавай інфармацыі прынясло 10-класніцы Ліпскай СШ Дар’і Дыдышка (настаўніца Інга Машэй) дыплом II ступені.

Дыпломы III ступені ў скарбонцы школьнікаў Крывошынскай, Востраўскай і Жарабковіцкай СШ — Анастасіі Сельмановіч (настаўнік Юрый Сельмановіч), Аляксандра Горбіка (настаўніца Таццяна Котава), Дзмітрыя Пілецкага (настаўніца Галіна Навумік). Іх вобласць інтарэсаў – ахова раслін і навакольнага асяроддзя, літаратура.

Пахвальным водзывам адзначана даследаванне навучэнкі гімназіі 8-класніцы Яны Вінель (настаўніца Вольга Віннік).

Прыемна, падкрэслівае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марыя Саракавік, што сярод пераможцаў як гарадскія, так і сельскія адрасы. Радуе і разнастайнасць інтарэсаў рабят.

Творчыя і таленавітыя, яны ў звычайным умеюць убачыць незвычайнае, цікавяцца, шукаюць, разважаюць. І сёлетні ўраджай узнагарод заслугоўвае шчырых апладысментаў. Уладальнікі дыпломаў I і II ступеняў атрымалі права прадэманстраваць свае даследаванні на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *