Дэпутацкай увагі хопіць на ўсіх

Чарговая працоўная змена ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгія Хлябовіча
на Ляхавіччыне стартавала 21 кастрычніка. Папярэдне дэпутат правёў прамую тэлефонную лінію, на якую, дарэчы, былі званкі з ляхавіцкім адрасам.
Рабочы візіт пачаўся з прыёму грамадзян і юрыдычных асоб. Забягаючы наперад, можна зрабіць выснову, што ляхавічане давяраюць дэпутату вырашэнне вялікага спектра праблем: ад жыллёва-камунальных да медыцынскіх, улічваючы прафесійнае жыццё Георгія Хлябовіча.
Першае пытанне тычылася армейскай службы, а дакладней, магчымасці атрымаць «пуцёўку» на службу ў рэзерве. Як пракаментаваў начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Арцём Кірута, юнакі ўжо атрымалі павесткі, вызначана месца службы, таму застаецца толькі пажадаць лёгкай службы.
Наступны зварот земляка тычыўся дарожных зручнасцяў, дакладней, нязручнасцяў. Ляхавічанін паскардзіўся, што па вуліцы Чкалава падчас дажджу ўтвараецца вялікая лужына, якая дастаўляе шмат непрыемнасцяў пешаходам і веласіпедыстам. Абысці яе немагчыма: з аднаго боку праезная частка, з другога – жалезабетонная агароджа. Варыянты зямляк прапаноўваў розныя, напрыклад, аднесці агароджу. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Георгій Хлябовіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч прынялі рашэнне выехаць на месца.
На наступны дзень дэлегацыя прыбыла на вуліцу Чкалава. Пакуль паразумення дасягнуць не атрымалася. Аднак вырашылі сустрэцца, калі даждлівае надвор’е пакажа праблему. Магчыма, можна будзе арганізаваць водаадвядзенне.
Мэтазгоднасць звароту ў спецыялізаваную арганізацыю для правядзення праверкі функцыянавання дымавых і вентыляцыйных каналаў пры наяўнасці ў газавым абсталяванні датчыка цягі –
такое пытанне ўздымалася на прыёме.
Размова ў першую чаргу пра бяспеку, аднак дэпутат паабяцаў ляхавічаніну звярнуцца з гэтай тэмай у Міністэрства энергетыкі і атрымаць кансультацыю.
Сітуацыя земляка, які наступным прыйшоў на прыём да Георгія Хлябовіча, мае доўгатэрміновы характар і патрабуе неадкладнага ўмяшання ў вырашэнне. У 1999 годзе сям’я атрымала дом ад гаспадаркі, з цягам часу домаўладанне выкупілі, аднак гаспадарка была рэарганізавана, увайшла ў склад іншай, а дом перайшоў на баланс камунгаса. Цяпер стаіць пытанне, як аформіць дом ва ўласнасць. Ляхавічанін не аднойчы звяртаўся ў БТІ, аднак атрымліваў адмову з-за адсутнасці некаторых дакументаў. Да пытання далучаюцца спецыялісты аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.
На тэлефонную лінію паступіў званок ад земляка, які падзякаваў за вырашэнне кадравага пытання ў райбальніцы. Доўгі час у ЦРБ адсутнічаў урач-афтальмолаг, цяпер жа раз на тыдзень прыём ляхавічан будзе весці спецыяліст з Баранавічаў.
Другая частка працоўнага дня дэпутата Палаты прадстаўнікоў мела працяг у дзіцячым садзе № 3. Георгій Хлябовіч сустрэўся з калектывам, які, як ніхто іншы, ведае, як выхаваць сапраўдных патрыётаў на аснове беларускіх традыцый – калі тата і мама паважаюць адзін аднаго, пароўну дзеляць абавязкі, вучаць дзяцей паважаць старэйшых, цаніць жыццё, берагчы сямейныя каштоўнасці і перадаваць іх дзецям.
– Сёння сустракаемся з вамі і гаворым пра галоўнае – пра нашу будучыню, маленькіх беларусаў. Дзякуй вам за тое, што вучыце любіць Беларусь, паказваеце, якая ў нас багатая гісторыя, і ўмееце так зацікавіць юных ляхавічан. У вашых руках – будучыня краіны, – адзначыў Георгій Хлябовіч.
На сустрэчы дэпутат развеяў міф пра хуткае павышэнне пенсійнага ўзросту. Параіў не слухаць неафіцыйныя крыніцы, карыстацца праўдзівымі данымі. У прыярытэце дабрабыт краіны – сёння тыя, хто працуе ў народнай гаспадарцы, ствараюць эканамічны падмурак, у тым ліку, пенсіянерам. Таму дэмаграфія напрамую ўплывае і на гэта пытанне.
У садку пацікавіліся, калі ж пачнецца будаўніцтва басейна?
– Басейну быць. Дакументацыя гатова. Выдаткавана шэсць мільёнаў для пачатку будаўніцтва спартыўнага аб’екта. Гэта будзе спартыўны комплекс, прыбудаваны да спартыўнай школы. Застаецца крыху пачакаць, а пасля забяспечыць запатрабаванасць аб’екта сваім наведваннем, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак.
Падчас сустрэчы прагучала яшчэ адна цікавая заўвага-прапанова. Хацелася б, каб канцэртныя праграмы да розных
святочных нагод пачыналіся пасля 17.00. З-за спецыфікі работы супрацоўнікі дзіцячага садка не заўжды могуць трапіць на канцэрт.
Зямлячкі выказалі жаданне бачыць у райцэнтры больш гандлёвых кропак з айчыннымі таварамі. Напрыклад, «Марка», «Белвест», «Элема», «Галантэя» і іншыя.
– Наконт адкрыцця новых гарантаваць не можам. Магчыма, варта
прапрацаваць пытанне з выязным гандлем, – адзначыла Вольга Бурак.
Днём бацькі завяршыўся Тыдзень бацькоўскай любві. У нашай краіне вялікая ўвага надаецца шчасліваму дзяцінству, умацаванню інстытута сям’і. Сацыяльная падтрымка, пагадзіцеся, каласальная. Галоўнае – гэта цаніць. Мы прывыклі жыць у дабрабыце, моладзь не ведае пустых паліц, кастроў каля магазінаў, пакупак за талоны і штучнае набыццё тавару, старэйшае пакаленне лепш пра гэта забудзе. Аднак, давайце зробім так, каб гэтыя факты засталіся гісторыяй і ўрокам. А гісторыя сённяшняга дня стане працягам!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

