Калі абноўка дасць эфект? «ЛВ» разам са свяцічанамі спадзяецца на хутчэйшае вырашэнне воднага вясковага пытання

Гэту камунальную абноўку жыхары Свяціцы асабліва чакалі. На працягу многіх гадоў у вёсцы былі пастаянныя праблемы як з якасцю водаправоднай вады, так і з яе колькасцю – хапала не заўжды і не ўсім. Таму, канешне, вяскоўцы з энтузіязмам успрынялі навіну пра тое, што ў Свяціцы будзе пабудавана станцыя абязжалезвання.
І вось напрыканцы жніўня 2024 года доўгачаканы аб’ект уведзены ў эксплуатацыю. Станцыя абязжалезвання не адзіная абноўка, заменены і водаправод. Здавалася б, водная праблема паспяхова вырашана. Але не ўсё так добра, як хацелася.

На гарачую лінію «ЛВ» паступіў чарговы званок са Свяціцы. Тутэйшая жыхарка скардзілася на тое, што, нягледзячы на пабудаваную станцыю абязжалезвання, вада па-ранейшаму дрэннай якасці. Свяцічане звярталіся ў розныя інстанцыі, але канкрэтнага адказу так і не атрымалі. Абурэнні рэзонныя. Вяскоўцы павінны жыць у камфортных умовах, ды і дзяржаўныя грошы ўкладваюцца ў сацыяльна значныя праекты, каб яны працавалі для людзей.

Дарэчы, як адзначыў на адным з сёлетніх пасяджэнняў райвыканкама намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк, згодна з падпраграмай «Чыстая вада» дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на Ляхавіччыне выконваюцца мэтавыя паказчыкі забяспечанасці насельніцтва сістэмамі водазабеспячэння і каналізацыі. На сёння ў раёне 19 станцый абязжалезвання. Сёлета такога кшталту аб’ект пасля зваротаў грамадзян пабудаваны ў аграгарадку Навасёлкі.
Аднак, вернемся да воднай праблемы, узнятай жыхарамі Свяціцы. Пытанні разглядаліся падчас нарады ў намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка з прадстаўнікамі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, кіраўніцтва КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Аляксей Галяк даў даручэнне камунгасу сумесна з райЦГіЭ узяць пробы вады для далейшага аналізу па некалькіх пазіцыях – да паступлення на станцыю абязжалезвання, пасля прахо-
джання праз станцыю, а таксама на кропках адбору вады на размеркавальных сетках водаправода.
– Па атрыманых выніках будзе вызначаны пералік работ, неабходных, каб станцыя абязжалезвання дала дзейсны эфект, а жыхары Свяціцы атрымлівалі ваду належнай якасці. Работа будзе арганізавана такім чынам, каб зрабіць яе ў аптымальныя тэрміны. Усе работы буду трымаць на асабістым кантролі, –  падкрэсліў Аляксей Галяк.
«ЛВ» разам са свяцічанамі спадзяецца на хутчэйшае
вырашэнне воднага вясковага пытання.

Галіна КАНЬКО.